У Музеі Вольнай Беларусі адбылася незвычайная імпрэза, прысвечаная Ночы расстраляных паэтаў. Зазвычай у гэты дзень, 29 кастрычніка, беларусы ў розных кутках свету збіраюцца, каб успомніць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій і аддаць пашану памяці выбітным сынам Беларусі – паэтам, пісьменнікам, культурным дзеячам, навукоўцам і звычайным беларусам, чые жыцці трагічна перарвала бязлітасная машына НКВД у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Варшава не стала выключэннем і арганізавала нетрадыцыйную імпрэзу. Адметнасць была ў тым, што ў цэнтры гэтага вечара апынуліся не забітыя паэты пачатку ХХ стагоддзя, а сучасныя палітвязні, якія падзяліліся ўласнымі вершамі і гісторыямі, перажытымі ў няволі.
Першая частка сустрэчы распачалася з выступу Дзіяны Балыка і Ігара Сігова – вядучых імпрэзы. Дзіяна чытала свае вершы, Ігар Сігоў зачытваў імёны і кароткія звесткі пра палітвязняў, загінулых за кратамі. Другая частка – адкрыты мікрафон. У ўдзельнікаў мерапрыемства была магчымасць выйсці і прачытаць уласны верш або расказаць гісторыю, перажытую за кратамі. Распачала выступ блогерка і былая палітзняволеная Ірына Шчасная, якая прачытала ўласныя вершы. Пасля гэтага госці пачулі кранальныя, праўдзівыя гісторыі з жыцця за кратамі, а таксама лірычную, сатырычную, вострую паэзію – рэчаіснасць сучаснай Беларусі.
“Для мяне гэта Ноч пра расстраляных паэтаў, – дзеліцца ўдзельніца імпрэзы Стася. – Я прыйшла паслухаць іх вершы, бо ўспамінаць палітвязняў мы можам у любы іншы дзень, хаця гэта важна, а вось расстраляных паэтаў успамінаем асабліва сёння. Хаця мне вельмі спадабалася другая частка імпрэзы, было кранальна пачуць гісторыі з-за кратаў, і людзі,палітвязні, – яны вельмі таленавітыя, іх вершы мне вельмі спадабаліся, я не шкадую, што іх пачула. А вось першую частку маглі б дапрацаваць: было такое ўражанне, што я трапіла на творчы вечар Дзіяны Балыка, якая чытала свае вершы, большасць з якіх былі на мове, на якой размаўлялі забойцы расстраляных паэтаў. Вядучыя былі непадрыхтаваныя, губляліся ў сцэнарыі, усё гаварылася хутка, наабум – хацелася выйсці, я адчувала абыякавасць, было крыўдна. Лепей бы прачыталі вершы расстраляных паэтаў, якія на імпрэзе амаль не прагучалі. А другая частка была класная, добра, што не сышла з першай.”
“Я не чалавек слова, і было кранальна, як людзі чыталі свае вершы. Не адчуваю радасці, бо тэма складаная, але было добра тут папрысутнічаць”, – дзеліцца адзін з удзельнікаў імпрэзы.
Апошні выступоўца распавёў шчымлівыя гісторыі з турэмнага жыцця і ўзгадаў кнігу Францішка Аляхновіча «У капцюрах ГПУ», адзначыўшы, што столькі гадоў прайшло, а карная сістэма так і не змянілася, не стала больш гуманнай.
У канцы сустрэчы дырэктарка музея Наталля Задзяркоўская падзякавала ўсім гасцям і ўдзельнікам імпрэзы.Яна прызналася, што не чакала такой вялікай колькасці людзей, якія прыйшлі на мерапрыемства.Таксама заахвоціла, каб кожны, нягледзячы на складанасць тэмы, выйшаў з музея не з пачуццём смутку, а з пачуццём надзеі на лепшую будучыню Беларусі.
У гэтым годзе імпрэзы прысвечаныя памяці растраляных паэтаў адбыліся больш чым у 13 гарадах па ўсім свеце.


Наста Пабягунская
