Новая Зэляндыя ўвяла санкцыі супраць нафтавых прадпрыемстваў Беларусі

Наваполацкі «Нафтан» цяпер пад санкцыямі Новай Зэляндыі. Ілюстрацыйнае фота

Урад Новай Зэляндыі наклаў дадатковыя санкцыі на Беларусь за падтрымку ёю расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Як адзначаецца ў паведамленьні Міністэрства замежных справаў Новай Зэляндыі, разам з санкцыямі для 65 караблёў ценевага флёту Расеі краіна ўвяла абмежаваньні для суб’ектаў гаспадараньня зь Беларусі, Ірану і Паўночнай Карэі, якія ўдзельнічаюць у перапрацаваньні і транспартаваньні расейскай нафты, а таксама ў спрыяньні выплатам, зьвязаным з нафтаю.

«Гэтыя субʼекты ёсьць часткаю шырэйшай сеткі, якая дазваляе гандляваць расейскай нафтай, падрываючы глябальныя намаганьні дзеля скарачэньня фінансаваньня агрэсіўнай вайны Расеі», — сказаў міністар замежных справаў Новай Зэляндыі Ўінстан Пітэрс.

Цяпер у санкцыйны сьпіс уключылі наваполацкі «Нафтан» і дзяржаўную кампанію «Белнафтахім».

Краіны Эўразьвязу, ЗША, Канада, Вялікая Брытанія і Японія пачалі накладаць санкцыі на Беларусь пасьля жорсткага разгону акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Пазьней санкцыі пашырылі за падтрымку ўладамі Беларусі расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

svaboda.org