Да такога не дадумаліся нават у беларускай дыктатуры. Пра што «Эйфарыя» Марыі Пархімчык

Югася Каляда, што прэзентавала сваю кнігу «Перамена месцаў», Марыя Пархімчык і мадэратар, выкладчык ЕГУ Уладзь Гарбацкі падчас прэзентацыі на «Прадмове» ў Вільні. Фота з інстаграма Югасі Каляды

Дзіўныя рэчы адбываюцца на безыменнай ІТ-выспе. Але нешта гэта нагадвае…

Фота з інстаграма Марыі Пархімчык

У кнізе Марыі Пархімчык «Эйфарыя» апісваецца загадкавая IT-выспа — такая сабе дзяржава ў цэнтры Еўропы з наземнымі межамі. Назвы райцэнтраў і вёсак у ёй выключна беларускія.

На IT-выспу прыязджаюць 29‑гадовы брытанец Пітэр Уордсварт і 52‑гадовая кіраўнічка танцавальнага калектыву ці то Самары, ці то Саратава Кацярына Фёдараўна. 

Брытанец па легендзе захоплены народнымі традыцыямі і абрадамі і, здаецца, нават ведае беларускую мову, збіраецца пісаць даследаванне. Кацярына Фёдараўна ставіць за мэту годна выступіць на фестывалі «Жніво», а таксама не збаёдаць вялікую рэліквію — сцяг колеру кумача. (Збаёдае на першых старонках.)

Пітэр, праўда, пастаянна кансультуецца са сваім сябрам з Форын-офіса (Міністэрства замежных спраў Брытаніі), што ў наш час усеагульнай падазронасці наводзіць на думкі, што не такі і просты гэты Пітэр. Дарэчы, за ім адразу пачынаюць сачыць спецыяльна навучаныя людзі. А пры ўездзе, не тлумачачы, робяць нейкую прышчэпку.

Кацярына ж Фёдараўна паўдзельнічае ў юбілеі народнага героя Аляксандра Горкага, за прозвішчам якога лёгка счытваецца Аляксандр Саладуха.

А пазней пазнаёміцца з міністрам гісторыі і забаў Пятром Рыгоравічам Усовічам — вялікім аматарам артэфактаў мясцовай гісторыі. У яго ў маёнтку ёсць нават шчыт Гедыміна ці зуб-шасцёрка Восіпа Мандэльштама, таксама ён паклаў вока на вяртанне крыжа Еўфрасінні Полацкай (ці не з былога міністра Пятра Краўчанкі, вядомага калекцыянера, гэты персанаж часткова спісаны?).

Далейшы пераплёт падзей зацягне ўсіх іх.

У кнізе закранаюцца і пратэсты 2020 года, хоць год і не называецца. Адна з галоўных гераінь едзе з братам у родны райцэнтр галасаваць. І галасуюць яны за кандыдата «супраць усіх» («Як лічыць будзеце? Як заўсёды?» — пытаецца брат у членаў выбарчай камісіі), які ў выніку ўпэўнена перамагае, а потым далучаюцца да народных пратэстаў, якія жорстка падаўляюцца.

«А там на авансцэну выйшаў вадамёт. Сіняя каракаціца біла струменямі, адціскаючы людзей, разбіваючы на адзінкі. Тут і там з выбліскамі лопала. Адны жанчыны нема крычалі, другія ўставалі на абарону людзей, што ўпалі, нешта казалі тым, хто збіраўся іх біць, але асобных слоў было не разабраць. Міліцэйскія станавіліся зараджаныя, выхопліваючы дручкі, і калі адразу не ўдавалася пакласці іх на чыё-небудзь цела, то сціскалі ў руках, выдзіраючы — куды б».

Але ці ёсць у IT-выспы шанцы на будучыню? Да метадаў кантролю, якімі там карыстаюцца, не дадумаліся нават у беларускай дыктатуры.

Ёсць у кнізе і некалькі неабавязковых, не да канца зразумелых ліній. Напрыклад, гісторыя знаёмства Пітэра з мясцовым героем Вадзімам, які адсядзеў тэрмін за знішчэнне помнікаў Леніна, і тры выпрабаванні для брытанца. І што за Геній ляжыць у псіхбальніцы? Дый лінія Аляксандра Горкага-Саладухі — навошта столькі старонак пінаць забранзавелага мэтра?

Марыя на прэзентацыі падчас фестывалю «Прадмова» расказала, як стваралася кніга. Аўтарка цяжка пераносіць зімы, і зімой 2021‑-2022 звярнулася да сяброў у фэйсбуку з такой прапановай: яна паспрабуе напісаць кнігу за зіму, а сябры падтрымаюць яе данатамі. Калі не напіша, то верне данаты ў падвойным памеры. Склалася паспяхова — кніга была гатова.

Цікава, што спачатку ў кнігі была іншая назва, але рэдактарка была катэгарычная: пад першым варыянтам кніга прадавацца не будзе. Той назвы Марыя не раскрывае.

***

Марыя Пархімчык нарадзілася ў 1986 годзе на Бабруйшчыне. З адукацыі — філолаг, з прафесіі — журналістка, рэдактарка, стваральніца падкастаў. Таксама працуе з гумарыстычнымі тэкстамі як комік і ўдзельніца фемінісцкага стэндап-клуба. «Эйфарыя» — гэта яе першая кніга.

Пархімчык Марыя. Эйфарыя. — Вільня: Пфляўмбаўм, 2025 

nashaniva.com