Маладой фатографцы і дызайнерцы, якая шукала працу ў Варшаве, далі калонію за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Дар’я Пучыла. Фота з яе інстаграма

Дар’я Пучыла ў лютым 2024 шукала працу ў Варшаве. Невядома, што было далей, але арыштавалі яе ў пачатку гэтага года ў Беларусі. Цяпер дзяўчына за кратамі.

Дар’і Пучыла 27 гадоў. Яна мінчанка. Скончыла юрыдычны факультэт Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта ў 2019 годзе. Ва ўніверсітэце яна ўдзельнічала ў студэнцкіх юрыдычных алімпіядах.

Дар’я Пучыла — фатографка. Яна фатаграфуе як для сябе, гэтак і на замову. Дзяўчына піша, што можа дапамагчы з пошукам вобраза для фота і адзення для яго, а таксама студыі.

У студзені і лютым 2024 Дар’я шукала замовы на вэб-дызайн. На адным з сайтаў яна пісала, што пачатковец, шукае працу ў Варшаве і гатовая пераехаць, разгледзіць любыя прапановы.

Дар’я Пучыла. Фота з яе інстаграма

Дар’я зрабіла апошні пост у інстаграме ў снежні 2024 года. Укантакце была анлайн у апошні раз 7 лютага 2025 года — гэта быў дзень, калі пачаліся затрыманні па справе Гаюна.

Дар’ю асудзілі ў 2025 годзе па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК). Сутнасць абвінавачанняў, як і прысуд невядомыя.

Дзяўчыне пагражала на сямі гадоў калоніі. Прысуд уступіў у сілу — цяпер Дар’я, хутчэй за ўсё, у Гомельскай жаночай калоніі.

nashaniva.com