Як у іншамоўным асяроддзі захоўваць сваё роднае, ды яшчэ заахвоціць дзяцей не забывацца пра беларускую мову, гісторыю і культуру.
“Так, мы памятаем, што мы беларусы, што ў нас ёсць свая мова, але няма практычнага ўжывання і мова губляецца. І мы забілі трывогу,” – кажа Анастасія Сасыкбаева, якая выехала з Гомеля ў снежні 2021 года, а цяпер жыве ў польскім Уроцлаве.
Мова Гомель пагаварыла з Анастасіяй пра тое, як у іншамоўным асяроддзі захоўваць сваё роднае, ды яшчэ заахвоціць дзяцей не забывацца пра беларускую мову, гісторыю і культуру.
Чаму для жыцця ў Польшчы абралі менавіта Уроцлаў?
– Уроцлаў мы абралі з розных прычын, у тым ліку таму, што тут шмат беларусаў, існуе моцны беларускі асяродак, і тут ужо жылі многія нашы знаёмыя. Увогуле гэта самы цёплы горад краіны, горад шматкультурны, і мне так здаецца, што больш лаяльны для іншаземцаў.
У Гомелі Анастасія, філолаг па адукацыі, спачатку працавала настаўніцай, а пазней сышла са школьнай сістэмы і працавала як рэпетытар. З часам утварылася своеасаблівая школа выхаднога дня з моўнымі курсамі, дзе збіраліся дзеці і нешта супольнае рабілі. Шмат увагі ў школцы надавалася культурным момантам. Таксама ў Гомелі Анастасію многія помняць як валанцёрку. Ва Уроцлаве дзяўчына таксама не змагла без актыўнасці.
Дзеці настолькі вывучылі польскую мову, што яны ўжо забываюць беларускую
Не так даўно вы абвясцілі пра пачатак дзейнасці дзіцяча-падлеткавага Клуба развіцця і культуры “Spadčyna” ва Уроцлаве. Якая ёсць патрэба ў такім Клубе?
– Патрэба ёсць. Да нас прыходзяць дзеці ад 8 да 16-17 гадоў. Раней у іх не было такога месца, куды б яны маглі прыходзіць, знаёміцца, піць гарбату, размаўляць на сваёй мове, і галоўнае, самі вырашаць, чым яны хочуць займацца. Ведаеце, гэта пачалося з не больш як дзесяці чалавек, а цяпер прыходзіць больш за сорак, і з кожным разам колькасць павялічваецца. Цяпер дзяцей даводзіцца дзяліць на групы, бо васьмігодкам і шаснаццацігодкам цікавае іншае.
Анастасія ў размове звяртае ўвагу на іншую праблему:
– Мы спачатку ўсе перажывалі за тое, як нашы дзеці змогуць жыць у іншай краіне, краіне з іншай мовай, таму ўсе кінуліся вучыць польскую мову, каб дзеці маглі вучыцца ў школах. А зараз дзеці настолькі вывучылі польскую мову, што яны ўжо забываюць беларускую. Яны ўжо чытаюць з такім акцэнтам польскім сур’ёзным, больш размаўляць на польскай мове. З беларускай мовай зусім вельмі дрэнна, улічваючы той факт, што ў Беларусі большасць і так размаўляла па-руску, значыць, беларускую мову і так слаба мы ведаем, а тут яшчэ трапілі ў Польшчу, гэта яшчэ адна іншая мова, якую дзеці вучаць, бо яны тут жывуць.
А сваю родную мову мы па-просту губляем.
Так, мы памятаем, што мы беларусы, што ў нас ёсць свая мова, але няма практычнага ўжывання і мова губляецца. І мы забілі трывогу. Цяпер мы стараемся зберагаць мову праз розныя актыўнасці, гульні, мерапрыемствы. Прыдумляем нешта цікавае, дзеці нешта прапаноўваць. Мы самі паміж сабою заўсёды размаўляем па-беларуску. Калі дзеці знаходзяцца ў такім асяроддзі, то яны хуценька хапаюць мову, і гэта асноўнае.
У вас у самой сын-падлетак. А як ён з беларускай мовай, якія адносіны?
– Ужо лепш, скажу так, бо ён чуе мову, бо мы дома па-беларуску размаўляем, галоўнае, каб усё адбывалася без прымусу, нельга прымусіць любіць. На пачатку ён не прымаў і прынцыпова размаўляў са мной часам і па-англійску. Але я разумею яго, адказваю яму па-беларуску. З цягам часу ён прывык і сам выказвае жаданне. Таксама трыгерам стала вайна ва Украіне. Нам у Польшчы стала прынцыпова падкрэсліць сваю нацыянальнасць. А як ты гэта зразумееш? Ты гэта зразумееш, калі пачуеш, на якой мове размаўляе чалавек.
Дарэчы, Клуб “Спадчына” – гэта не толькі вывучэнне мовы. Дзеці гуляюць у настольныя гульні, ходзяць на тэатральныя і танцавальныя варштаты, у музеі, глядзяць фільмы, рыхтуюцца да розных мерапрыемстваў, напрыклад, да паэтычных слэмаў. З надыходам цёплага надвор’я ў планах арганізоўваць пікнікі, турыстычныя злёты, экскурсіі. Галоўнае, што дзеці паміж сабою пачалі сябраваць, ім стала цікава, у іх, кажа Анастасія, утварылася свая “туса”. Па-за сустрэчамі дзеці таксама камунікуюць у адмысловым чаце, дзе ў тым ліку вучаць новыя і незразумелыя словы.
– Дзяцей, якія гавораць па-руску, мы іх мякка накіроўваем, каб яны стараліся па-беларуску. Хоць дзеці часта камплексуюць, тады мы ім кажам, каб “лупілі на трасянцы”, бо мы ўсе так пачыналі.
Усю ідэю з моладзевым Клубам развіцця і культуры Анастасія пачала самастойна, а пазней далучылася яшчэ адна беларуска, якая працуе ў Публічнай бібліятэцы Уроцлава. У бібліятэцы і арганізуюцца па суботах сустрэчы Клуба (пры нагодзе Анастасія выказвае вялікую падзякую гэтай установе за падтрымку). У іншыя суботы сустрэчы праходзяць у польскай фундацыі KOD. Цяпер да каманды далучаецца яшчэ адна дзяўчына, якая будзе адказваць за спартыўна-турыстычны кірунак.
Якія планы маеце на далейшую дзейнасць свайго Клуба?
– У планах збірацца часцей, бо дзеці самі выказваюць такое жаданне. У нас не камерцыйны праект, мы ўсё робім бескаштоўна. І ёсць галоўнае праблема – гэта сваё памяшканне для сустрэч. Мы хочам ладзіць заняткі з саломкай, вучыцца плесці паясы, у нас і спецыялісты ёсць, гатовыя працаваць з дзецьмі. У нас ёсць шмат прафесійных музыкаў, з нашых дзяцей ужо музычны гурт можна стварыць. Дзеці і на інструментах граюць, і самі пішуць, а граюць і на цымбалах, і на баяне, чаго там толькі няма. Таму цяпер шукаем партнёраў.
Мова Гомель адмыслова для Штодня,
фота: фейсбук-акаўнт Анастасіі Сасыкбаевай (узятыя са згоды гераіні)