Шмат беларусаў пакінула родную краіну па палітычных прычынах, але каля паловы «збеглых» — гэта эканамічныя мігранты. А паколькі эканамічная сітуацыя ў Беларусі толькі пагаршаецца, варта чакаць, што з’язджаць будзе толькі больш людзей. Так што міграцыя робіцца не толькі эканамічнай, але і дэмаграфічнай праблемай краіны.
Дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч у інтэрв’ю «Салідарнасці» — пра вынікі даследавання міграцыі беларусаў у Літву і Польшчу.
— Паводле вашага даследавання, у Літве жыве да 48 тысяч грамадзян Беларусі, у Польшчы — да 68 тысяч. А колькі з іх перабралася ў гэтыя краіны па палітычных прычынах з 2020 года — у сувязі з рэпрэсіямі ў Беларусі і пачаткам вайны?
— У Літву з канца 2020-га да канца 2022-га прыехала блізу 19–24 тысяч беларусаў. З іх, напэўна, каля паловы (10–12 тысяч) мігравала па палітычных прычынах — прычым у вузкім сэнсе гэтага паняцця: з-за рэпрэсій, па гуманітарных падставах.
Складаней казаць пра тое, колькі беларусаў пераехала з палітычных матываў у Польшчу. Але пакуль нам здаецца, што ў параўнанні з Літвой палітычных бежанцаў у Польшчу ў працэнтных суадносінах было менш.
Дарэчы, 68 тысяч у Польшчы — гэта толькі тыя, хто мае віды на жыхарства і падобны статус. Рэальная колькасць вышэйшая, таму што ёсць і іншыя падставы для знаходжання ў краіне.
— У любым выпадку, паводле вашага даследавання, максімум некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў пераехала ў Літву і Польшчу з палітычных матываў. Але раней гучалі зусім іншыя лічбы.
Напрыклад, згодна з ацэнкай ПАРЕ, Беларусь пасля падзей 2020 года магло пакінуць ад 200 да 500 тысяч беларусаў. Чаму такая вялікая разбежка ў даных?
— Мы арыентаваліся ў сваім даследаванні на афіцыйную статыстыку дзяржаўных органаў Літвы і Польшчы. Магчыма, у ПАРЕ ўлічвалі ў якасці палітычных мігрантаў усіх, хто з’ехаў з Беларусі пасля пратэстаў 2020 года, але далёка не ўсе яны выехалі па палітычных падставах. Таксама магло не ўлічвацца, што частка тых, хто з’ехаў, потым вярнулася ў краіну.
А магчыма, была ўзятая агульная лічба грамадзян Беларусі, якія пражываюць за мяжой, але варта ўлічваць, што значная іх частка прыехала да 2020 года.
Трэба разумець, што міграцыя з Беларусі — не новы феномен. Рост міграцыі прыкметна абазначыўся ў 2017 годзе, калі на фоне эканамічнай стагнацыі ў Беларусі ў Літве і Польшчы былі лібералізаваныя правілы доступу да рынку працы.
— Ці ёсць ацэнкі, колькі беларусаў маглі міграваць у іншыя краіны, акрамя Літвы і Польшчы?
— Мы вывучылі даныя не па ўсіх краінах Еўрасаюза, але па найбольш верагодных для міграцыі: Германія, Чэхія, Латвія, Эстонія, Італія і г. д. Дык вось у суме там ідзе гаворка пра тысячы беларусаў, якія выехалі пасля 2020 года, але не дзясяткі тысяч.
І ёсць краіны, даныя па якіх мы спадзяемся яшчэ больш пільна вывучыць: Украіна і Грузія, якія сталі важнымі пунктамі для прыцягнення беларусаў, у тым ліку пасля 2020 года. Тут пакуль няма яснасці.
Поўнай Terra Incognita застаецца Расія: у адрозненне ад краін ЕС, дзе мігрант з Беларусі павінен прайсці пэўныя бюракратычныя працэдуры, там вельмі складана зафіксаваць колькасць беларусаў, якія пераехалі.
— Адна з лічбаў, якая мяне ўразіла ў даследаванні: пасля 2020 года ў Літву з Беларусі пераехала ўсяго каля 300 сем’яў з дзецьмі. Чаму так атрымліваецца: мігравалі дзясяткі тысяч, але з дзецьмі зусім няшмат?
— Па-першае, шмат людзей пераязджае ў тым узросце, калі яны яшчэ не маюць сем’яў і тым больш дзяцей: дамінуючы ўзрост пераезду — 30-35 гадоў. Па-другое, многія не перавозяць сем’і і дзяцей, паколькі ўладкоўваюцца на часовую працу і з’яўляюцца прадстаўнікамі «маятнікавай міграцыі».
Яны яшчэ не вызначыліся, ці варта пераязджаць на пастаяннае месца жыхарства.
А пераезд сям’і — гэта зусім іншая гісторыя. Калі мужу выдалі дакументы для працы, — не факт, што іх дадуць жонцы. І само жыццё з улікам аплаты жылля атрымліваецца даражэйшым.
Цікава будзе прасачыць, што стане далей з прадстаўнікамі міграцыйнай хвалі 2020-2022 гадоў. У бліжэйшыя гады яны пачнуць вызначацца, дзе ім заставацца, як планаваць сямейнае жыццё.
— Ці маглі б вы больш падрабязна расказаць пра прадстаўнікоў «маятнікавай міграцыі»?
— У Літве гэта ў асноўным мужчыны, на біржы працы іх больш за 90%. Дамінуюць працоўныя спецыяльнасці: дальнабойнікі, будаўнікі, работнікі прамысловасці.
Толькі з 2021 года стала павялічвацца доля айцішнікаў, але ў цэлым іх няшмат у параўнанні з прадстаўнікамі рабочых спецыяльнасцяў.
Многія з гэтых людзей могуць потым пераводзіць грошы ў Беларусь, сваім сем’ям. Многія з іх могуць знаходзіцца ў нявызначаным статусе: год папрацаваць у Літве, год — у Польшчы, потым яшчэ дзесьці і ў гэты час не плаціць падаткі.
— Ці ўваходзяць «маятнікавыя мігранты» ў тыя 48 тысяч беларусаў, якія жывуць у Літве?
— Часткова. Каля 35 тысяч беларусаў у Літве мае дазвол на жыхарства, астатнія ў больш нявызначаным стане — на падставе працоўных віз. Колькі менавіта «маятнікавых мігрантаў» у Літве, будзем яшчэ вывучаць.
Па Польшчы ёсць такая лічба: у 2022 годзе доступ да мясцовага рынку працы быў выдадзены 171 578 беларусам. Наша даследаванне — пакуль першы этап працы ў гэтым кірунку, трэба будзе яшчэ вывучыць, што стаіць за тымі ці іншымі данымі.
— Што думаеце пра заклікі ўладаў да тых, хто з’ехаў вярнуцца на радзіму?
— Наўрад ці яны будуць мець нейкі эфект, асабліва на тых, хто з’язджае па эканамічных матывах — а такіх, хутчэй за ўсё, калі не большасць, то блізка да паловы. Паколькі эканамічная сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца, то можна чакаць росту міграцыі з краіны.
— Наколькі гэта сур’ёзная праблема для беларускай эканомікі?
— Калі браць усе катэгорыі мігрантаў, у тым ліку працоўных, гаворка ідзе пра некалькі сотняў тысяч чалавек. Прычым гэта кваліфікаваныя людзі. Ужо бачная праблема ў Беларусі з лекарамі, з айцішнікамі.
Узнікаюць праблемы не толькі на рынку працы, але і дэмаграфічныя. Нараджальнасць у Беларусі і так нізкая, а цяпер узмацніўся адток маладых людзей, якія могуць завесці дзяцей.
Так што праблема міграцыі, безумоўна, з’яўляецца вельмі сур’ёзнай — асабліва для асобных рэгіёнаў і галін. Гэта сур’ёзны фактар для стрымлівання эканамічнага развіцця.
novychas.online паводле gazetaby.com