У апошні час вельмі часта ўспамінаю беларусаў-літаратараў Беласточчыны – маіх старэйшых сяброў: Віктара Шведа, Сакрата Яновіча, Міхася Шаховіча, Васіля Петручука, Дзмітрыя Шатыловіча, Георгія Валкавыцкага і іншых асоб. Гэта былі не толькі таленавітыя людзі, але вельмі шчырыя, адданыя, пунктуальныя, адкрытыя душой і сэрцам сябры. Яны шмат дапамаглі мне ў жыцці, вучылі мяне жыць і пісаць, заўсёды цікава распавядалі пра свой лёс, а я запамінаў і пісаў артыкулы пра іх творчасць. Пісаў з радасцю, з натхненнем, бо бачыў, як яны радаваліся, калі ў друку з’яўляліся радкі пра іх творы.
Сябраваў я і з паэтам, перакладчыкам, заслужаным дзеячам культуры Польшчы, сябрам польскіх літаратараў і ганаровым сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў Дзмітрыем Шатыловічам (1926-2020). Хоць мы рэдка сустракаліся і бачыліся на Беласточчыне, але нам было пра што пагутарыць і падчас тых рэдкіх сустрэч. Што не змаглі абмеркаваць – пісалі ў лістах, тэлефанавалі. У маёй хатняй бібліятэцы захоўваюцца амаль усе кнігі Дзмітрыя Шатыловіча з аўтографамі. Аўтографы ён пісаць не вельмі ўмеў, але ж нешта на тытульных лістах занатоўваў, пакідаў. І гэта радавала, бо напісана было рукой паэта і публіцыста.
Самы дарагі аўтограф паэта застаўся на першым яго паэтычным зборніку „Эцюды падарожжа” (1991). Паэт напісаў: „Паважанаму спадару Сяргею Чыгрыну перасылаю свой зборнік вершаў з пажаданнямі ўсяго найлепшага. Д.Шатыловіч. Варшава, 21.07.1992 г.”.
Вельмі добрае да „Эцюдаў падарожжа” уступнае слова пра творчасць паэта пакінуў Віктар Швед. Ён дасціпна адзначыў, што паэтычную творчасць Дзмітрыя Шатыловіча можна падзяліць на тры тэматычныя часткі:
- Успаміны з роднай вёскі з гадоў маладосці.
- Франтавыя перажыванні.
- Уражанні з замежных падарожжаў.
Дарэчы, гэтыя тры тэмы праходзілі скразной лініяй праз усю творчасць паэта і ў астатніх яго паэтычных кнігах. А іх было шмат: „Маё Падляшша”, Хвалі часу”, „Вясёлка над імглою”, „Струмені лёсу”, „Асеннія промні”, „Янтарныя віры”, „Гронкі надзеі”, „Ліхтар уражанняў”, „Подых хвілін” і іншыя. Амаль усе яны з аўтографамі стаяць на кніжных паліцах у маёй хатняй бібліятэцы. На зборніку „Маё Падляшша” (1993) паэт напісаў: „Дарагому Сяргею Чыгрыну з найлепшымі пажаданнямі”. Д.Шатыловіч. Варшава, 07.05.1993 г.”. Найлепшыя пажанні Дзмітрый Шатыловіч пажадаў і на іншых паэтычных зборніках, а таксама на кнізе „Успаміны.1955-1988” (2013), у якую ўвайшлі яго скрупулёзныя занатоўкі публікаваныя на працягу шмат гадоў у „Czasopisie”.
Дзмітрый Шатыловіч нарадзіўся ў вёсцы Чаромха на Беласточчыне ў сялянскай сям’і. У 1939 годзе скончыў 6 класаў польскай пачатковай школы ў Станцыі Чаромха і пасля да чэрвеня 1941 года вучыўся ў Бельску-Падляшскім у сярэдняй школе савецкага тыпу.
Падчас нямецкай акупацыі, у сакавіку 1943года, юнака вывезлі на прымусовую працу ва Усходнюю Прусію. Пасля прыходу туды Чырвонай Арміі ў лютым 1945 года беларус быў залічаны ў яе рады і накіраваны на фронт. Пад канец лютага Дзмітрыя Шатыловіча цяжка паранілі ў левы бок і асколкам у брыво левага вока і перавезлі ў вайсковы шпіталь. Падчас дэмабілізацыі ў студзені 1946 года ён вярнуўся з Бабруйска дамоў і паступіў у 4-ты клас Беларускай гімназіі ў Бельску-Падляшскім, які закончыў у чэрвені 1946 года.
У сувязі з тым, што польскія ўлады ў жнівені 1946 года ліквідавалі Беларускі ліцэй, Дзмітрый здаў іспыты ў польскі ліцэй імя Тадэвуша Касцюшкі ў Бельску-Падляшскім, які скончыў у чэрвені 1948 года.
А потым быў накіраваны Міністэрствам асветы ў Ленінградскі электратэхнічны інстытут, які закончыў у снежні 1953 года, атрымаўшы ў Польшчы дыплом магістра інжынера электрыка-аўтаматыка. Працаваў у энергетычным праектным бюро „Энергапраект” у Варшаве (1954 — 1989), праектаваў многія цеплавыя электрастанцыі і ў Польшчы, і за мяжою.
У 1973-1974 гадах Дзмітрый Шатыловіч знаходзіўся на аўтарскім праектным наглядзе на электрастанцыі Тузла ў Югаславіі, а ў 1986 — 1988 гадах — на аўтарскім праектным наглядзе на электрастанцыі Бакара ў Індыі.
Апрача працы інжынера-праектыроўшчыка ў „Энергапраекце” паэт у вольны час, як франтавік, бо меў у год адзін месяц і 10 дзён водпуску, працаваў гідам замежных экскурсій і ездзіў з польскімі экскурсіямі ў Егіпет, Турцыю, Грэцыю, Балгарыю, Румынію, Венгрыю, Югаславію і ў іншыя краіны, а таксама наведаў Аўстрыю, Заходнюю Германію, Данію, Швейцарыю, многа экскурсій наладжваў у Крым, на Каўказ, у Грузію, Арменію, Азербайджан, Казахстан, быў прыватна ў Францыі і Іспаніі, а таксама ў іншых краінах свету. Многія свае ўражанні апісаў у вершах. На некаторыя кнігі Дзмітрыя Шатыловіча я напісаў рэцэнзіі, але ён ніколі не крыўдаваў, калі я некаторыя яго вершы крытыкаваў, рабіў літаратурныя заўвагі…
Пераглядаючы нядаўна свой хатні архіў, трапіў на некалькі пісем Дзмітрыя Шатыловіча, якія былі напісаны 30 гадоў таму. Прапаную некаторыя з іх чытачам „Czasopisu”.
Лісты Дзмітрыя Шатыловіча
Варшава, 21 ліпеня 1992 г.
Паважаны спадар Сяргей!
Калі вярнуўся з дому адпачынку, то застаў Ваша пісьмо з просьбай выслаць Вам кнігу „Эцюды падарожжа”. Хутчэй яе высылаю з гэтым пісьмом. На жаль, на другія Вашы пытанні пакуль не магу адказаць.
Званіў да Алеся Баршчэўскага[i]і Аляксандры Бергман[ii], але, відаць, іх таксама няма ў Варшаве.
Кніжачкі пра Слонім у кнігарнях я сёння не змог знайсці. Казалі, што не чулі, каб выйшла з друку. Калі я буду мець больш часу, то пашукаю ў іншых кнігарнях.
Акрамя „Эцюдаў падарожжа” я напісаў і падрыхтаваў другі зборнік вершаў „Маё Падляшша”. Думаю, што напрыканцы гэтага года ці напачатку наступнага, ён выйдзе ў свет. Як адзін, так і другі былі напісаны і падрыхтаваныя яшчэ напачатку 1986 года. Доўгая была валакіта з цэнзураю, а пасля ў Таварыстве не было фінансавых сродкаў на выданне. У 1990 годзе запрапанавалі мне скараціць зборнік, але я не пагадзіўся. Таму ён чакае выдання і сёння. Цяпер у літаб’яднанні „Белавежа” няма фінансавых сродкаў і просяць спонсараў, каб дапамаглі. Чытачоў у нас таксама мала і цяжка разыходзяцца беларускія зборнікі. Зборнікі Яна Чыквіна[iii] ляжаць у Таварыстве ад 1967 года, нягледзячы на нізкую цану. А цяпер цэны пайшлі так уверх, што выданне зборніка вельмі дорага каштуе. Кнігарні запоўнены і польскімі кнігамі. Некаторыя кнігарні дайшлі да банкруцтва.
Мая аўтабіяграфія коратка пададзена спадаром Віктарам Шведам[iv] у кніжцы „Эцюды падарожжа”. Там ёсць і мой здымак. Пасля, калі трэба будзе, магу выслаць другі здымак. Цяпер у мяне яго яшчэ няма.
Калі даведаюся пра кнігу Ігната Дварчаніна[v], то Вам напішу, а калі яе можна будзе купіць, то яе Вам вышлю. Высылаю два маіх зборніка: адзін асабіста для Вас, а другі – для працы.
Жадаю Вам усяго найлепшага.
З паклонам – Д. Шатыловіч.
Варшава, 2 лістапада 1992 г.
Паважаны спадар Сяргей Чыгрын!
12.1092 г. я атрымаў Ваша пісьмо. На жаль, 13.10.92 г. я выехаў на 10 дзён ва Ўроцлаў. А калі вярнуўся, то доўга не мог знайсці кніжкі „Слонім”. Толькі ўчора ў адной кнігарні наткнуўся я на яе. „Кругавой чары” я яшчэ сам не маю. Напішыце ў „Ніву”, няхай Вам яны вышлюць, яе прадаюць па 20 тыс. злотых.
Мой зборнік „Маё Падляшша” „пайшоў” ужо ў друкарню ў Беластоку. Выдасць яе БГКТ-Беласток. Думаю, што напачатку наступнага года яна выйдзе ў свет.
Высылаю два здымкі, такія, якія маю пад рукой. Калі будзеце ў Варшаве – заязжайце ў госці. Мой тэлефон: 41-27-58.
Жадаю Вам здароўя і ўсяго найлепшага.
З паважаннем – Д. Шатыловіч.
Варшава, 7 траўня 1993 г.
Шаноўны спадар Сяргей Чыгрын!
Вельмі дзякую за дасланы Вамі артыкул у „ЛіМе”. Высылаю цяпер Вам „Маё Падляшша” у двух асобніках. Адзін для Вас, другі – на іншыя патрэбы. Калі будзе нешта напісанае пра яго – прашу даслаць мне. Буду вельмі Вам удзячны.
Жадаю Вам здароўя і ўсяго найлепшага.
З павагаю – Д. Шатыловіч.
Варшава, 13 верасня 1993 г.
Шаноўны спадар Сяргей Чыгрын!
Ваш ліст ад 11 жніўня прыйшоў да мяне, калі я быў у доме адпачынку да 4 верасня. А пасля паехаў на некалькі дзён у Данію, быў у Капенгагене.
Калі прыехаў, то патэлефанаваў у Інстытут літаратурных даследаванняў і запытаў, ці працуе у іх інстытуце пані Александровіч. На жаль, не працуе. Шукалі яе ў спіску пенсіянераў і знайшлі нейкую пані Аліну Александровіч у Любліне. Але не ведаю, ці гэта яна займаецца Юзэфам Каблянскім[vi]. Трэба да яе напісаць. Яна працуе ў Інстытуце польскай філалогіі ў Любліне.
Вялікі Вам дзякуй за дасланую газету „Голас Радзімы” і за артыкул, які Вы там напісалі. Я вельмі Вам удзячны.
Я напішу гэтай пані Александровіч, ці яна займаецца Юзэфам Каблянскім. Калі так, то няхай напіша пра гэта Вам. Калі не, то няхай не піша.
Шкада, што Вы не напісалі яе імя, а толькі прозвішча. Так цяжка адшукаць яе, але пабачым, што атрымаецца далей.
Жадаю Вам усяго найлепшага.
З павагаю – Д. Шатыловіч.
Варшава, 23 лістапада 1994 г.
Вельмі паважаны спадар Сяргей!
Шчыра дзякую за Ваш зборнік вершаў, які мне вельмі спадабаўся. Я рады за Вас. На жаль, я не магу выслаць Вам кніжкі пра генерала Булак-Булаховіча[vii]. Я абыйшоў амаль ўсе кнігарні ў Варшаве, думаў, што можа дзесь яшчэ ёсць гэта кніжка. Але ўсюды казалі мне, што была ў іх яна дзесь у сакавіку, у траўні, і больш ужо няма. У адной толькі кнігарні сказалі, што прадавалася яшчэ ў ліпені. Калі б вы напісалі б мне месяцы тры раней, я б яе яшчэ змог бы знайсці. Я шукаў яе і ў Варшаве, і за Варшавай. Быў нават у Беластоку і ў Познані, меў там справы, але нідзе гэтай кнігі ўжо няма ў кнігарнях. Калі спаткаю яе дзе-небудзь, то напэўна куплю і Вам вышлю. Я купіў бы і для сябе, але ніхто мне не сказаў, што такая кніжка выйшла.
Я ў 1939 годзе вучыўся ў шостым класе беларускай школы з адной прыгожай дзяўчынкай, якая была дачкой ляснічага, былога салдата з арміі Балаховіча. Але не паспела яна закончыць шосты клас, бо яе разам з усёй сям’ёй вывезлі недзе ў Сібір ці ў Казахстан. Таму не ведаю, які лёс яе пасля спаткаў.
Доўга да Вас не пісаў, бо думаў, што можа куплю гэту кнігу пра генерала Булак-Булаховіча. На жаль, нічога пакуль не атрымалася.
Жадаю Вам ўсяго найлепшага.
З павагаю – Д.Шатыловіч
[i] Аляксандр Баршчэўскі (1930-2022) – беларускі паэт, літаратуразнавец, публіцыст, перакладчык, педагог, доктар філалагічных навук.
[ii] Аляксандра Бергман (1906-2005) – беларускі і польскі гісторык, публіцыст.
[iii] Ян Чыквін (1940-2022) – беларускі паэт.
[iv] Віктар Швед (1925-2020) – беларускі паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч.
[v] Ігнат Дварчанін (1895-1937) – беларускі пісьменнік, педагог, грамадскі дзеяч.
[vi] Юзаф Каблянскі (1738-1798) – польскі адукацыйны дзеяч, паэт.
[vii] Станіслаў Булак-Булаховіч (1883-1940) – беларускі і польскі вайсковы дзеяч, генерал асобнага атрада БНР.