“Беларуская дыяспара як масток захавання спадчыны Смаленшчыны ў выгнанні”

Сяргей Фралоў

У Познані афіцыйна зарэгістраваны Фонд Цэнтра Культуры і Гісторыі Смаленшчыны. Яго заснавалі актывісты Смаленшчыны, вымушаныя пакінуць Радзіму, але па-ранейшаму адданыя беларускай і еўрапейскай спадчыне рэгіёну. Фонд ставіць за мэту адраджэнне сапраўднай гісторыі Смаленшчыны, падтрымку смаленскай гаворкі беларускай мовы і папулярызацыю шматкультурнай еўрапейскай спадчыны, якая дзесяцігоддзямі скажалася прапагандай.

Сярод праектаў Фонда — стварэнне дакументальнага архіва, запуск уласнага радыё, відэаматэрыялы для папулярызацыі гісторыі, і нават онлайн-крама.

Старшыня праўлення Фонда Сяргей Фралоў расказаў «Радыё Рацыя», чаму важна захоўваць беларускасць і еўрапейскую спадчыну Смаленшчыны, як беларуская дыяспара дапамагае ў гэтым працэсе, якія праекты ўжо рэалізуюцца і якія планы на будучыню.

РР: Дазвольце павіншаваць са стварэннем Фонду Цэнтра Культуры і Гісторыі Смаленшчыны. Для чаго ён ствараўся, што стала адпраўной кропкай для гэтага?

Сяргей Фралоў: Дзякуй. Асабістай кропкай стала разуменне, што гісторыя Смаленшчыны шматкультурнай, еўрапейскай ужо амаль згублена. Я бачу, як знікае памяць, а яе месца займае расейская прапаганда. І ў нейкі момант я зразумеў – або пачынаем дзейнічаць, або праз гадоў 10 не будзе чаго ратаваць.

РР: Як бы вы сфармулявалі місію вашага фонду ў адным сказе?

Сяргей Фралоў: Аднавіць і вярнуць Смаленшчыне яе сапраўдную еўрапейскую культурную ідэнтычнасць.

РР: Да пратэстаў мы шмат чулі сапраўды пра беларускія карані Смаленшчыны, выдаваліся кнігі. А на сёння на колькі сапраўды кажуць пра Смаленшчыну як беларускую, еўрапейскую? Усё ж такі ў свядомасці Смаленшчына – гэта частка Расеі.

Сяргей Фралоў: Смаленшчына – гэта гістарычны памежны рэгіён Еўропы, дзе сустракаліся культуры ВКЛ, Рэчы Паспалітай з азіяцка-маскоўскай. Гэта тэрыторыя ВКЛ, тэрыторыя магдэбургскага права.

Яшчэ ў ХІХ стагоддзі, калі паштальёны вярталіся на Захад з боку Масковіі, калі яны перасякалі мяжу Масковіі са Смаленшчынай, яны казалі, што тут ужо Літва, мы ўжо ў Літве. І вось гэта старадаўняя мяжа і ёсць мяжа і культурная, і ментальная, і пра гэта мала ведаюць. Расея мэтна знішчала любыя сведчанні еўрапейскага мінулага рэгіёну.

РР: Таксама ўспамінаюцца кнігі, выдадзеныя паводле даследаванняў Смаленшчыны, там, дзе знаходзіліся акурат беларускія абрады, песні. Ваш фонд плануе штосьці падобнае? Якія праекты агулам запланаваныя, каб паказаць беларускасць Смаленшчыны і еўрапейскасць.

Сяргей Фралоў: На сёння найбольш значнымі я б назваў некалькі праектаў, якія закладваюць падмурак для будучай працы фонду. Наш фонд з’яўляецца лагічным такім працягам праекта Смаленскай рэспублікі. Толькі цяпер мы робім крок у больш шырокую культурную і гістарычную плоскасць. І наша галоўная мэта не змянілася. Гэта незалежная і свабодная Смаленшчына, а фонд – гэта інструмент, які дазваляе ствараць для гэтага культурную і інтэлектуальную прастору.  

Па-першае, мы пачынаем працу дакументавання, папулярызацыі і вяртання памяці праеўрапейскай і шматкультурнай мінулай Смаленшчыны. І тое, што дзесяцігоддзямі скажалася прапагандай, без гэтага не можа быць ніякай дэмакратычнай будучыні. А па-другое, мы рыхтуем запуск класнага інтэрнэт-радыё. Гэта не проста медыя, гэта пляцоўка для галасоў смалян, для адукацыі, для дыскусіі, для культурнай прысутнасці рэгіёну і публічнай прасторы. Па-трэцяе, гэта дакументальныя мастацкія фільмы. Візуальныя гісторыя – гэта самы моцны інструмент, калі трэба паказаць тое, што знішчана або хаваецца. Мы хочам, каб Смаленшчына загаварыла мовай кіно.

Вольга Сямашка, racyja.com