У Польшчы стварылі чат-бот, у якім можна паведаміць пра спробы вербавання

Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW). Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: gov.pl

Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) стварыла адмысловы чат-бот у Telegram, з дапамогай якога можна паведаміць пра выпадкі дыверсіяў або спробу вербавання замежнымі службамі. Пра гэта ў сацыяльнай сетцы X паведаміў прадстаўнік польскіх спецслужбаў Яцэк Дабжыньскі.

«Хутка, зручна і ананімна паведамі пра кожны інцыдэнт», – адзначыў ён.

Калі Яцэк Дабжыньскі казаў пра замежныя спецслужбы, то ў відэароліку паказалі сцягі Беларусі і Расеі.

Бот дасяжны пад адрасам @ABW_STOPdywersji_bot і працуе ў чатырох мовах (польскай, расейскай, украінскай і англійскай).

Чат-бот прапануе карыстальніку адказаць, калі, хто, дзе і як спрабаваў завербаваць чалавека або заахвоціць яго да супрацьпраўнай дзейнасці, што канкрэтна прапаноўвалася і ці абяцалі за гэта грашовую ўзнагароду. Таксама можна дадаць скрыны ліставання і пакінуць кантактныя звесткі.

Нагадаем, што ўлады Польшчы перыядычна паведамляюць пра затрыманне грамадзянаў Беларусі, завербаваных беларускімі спецслужбамі. Гэтак, у затрыманага ў Беластоку паводле падазрэння ў шпіянажы таксоўца, грамадзяніна Беларусі Уладзіслава Н. знайшлі спіс беларусаў, якім надалі ў Польшчы міжнародную абарону.

Таксма сярод траіх грамадзянаў Беларусі, затрыманых у Польшчы на падставе абвінавачання ў супрацы з замежнаю выведкаю, быў Уладзімір Усер (таксама вядомы як Лазараў), былы актывіст з Бабруйску, які апошнія гады жыў у Беластоку.

Якуб Хруст, belsat.eu