Павел Севярынец: Гэтым разам было даўжэй і цяжэй

Павел Севярынец

Больш за пяць з паловай гадоў ад прысуджанага тэрміну правёў за кратамі вядомы беларускі палітык, сустаршыня партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, былы палітвязень Павел Севярынец. 13 снежня 2025 года яго вызвалілі і вывезлі з Беларусі ў ліку 123 былых палітвязняў.

Пра тое, у якіх умовах яму даводзілася сядзець, пра прапанову супрацы з КДБ, пра стаўленне да ЛГБТ і цяперашняй палітычнай сітуацыі ў дэмакратычных колах з ім размаўляе „Радыё Рацыя“.

РР: Распавядзіце, калі ласка, пра ўмовы ўтрымання за кратамі. Што было самым цяжкім выпрабаваннем для вас і ці былі якія станоўчыя моманты ў тых умовах?

Павел Севярынец: Пэўны досвед у мяне ўжо быў, дагэтуль я каля шасці гадоў правёў у розных месцах зняволення. Там былі і СІЗА КДБ, і Валадарка, і адміністрацыйныя арышты, і “хіміі”. Зрэшты гэтым разам было даўжэй і цяжэй у такіх установах, дзе пракочвалася хваля 2020 года. Спачатку на Акрэсціна, і там самым цяжкім было, канешне, чуць як 9, 10, 11 збівалі людзей, так, што дрыжэлі сцены гэтых будынкаў. Затым Валадарка. На Валадарцы было чуваць, як пратэстоўцы падыходзяць да муроў турмы, як спяваюць, як выгукваюць. Затым  – Магілёўская турма, у Магілёскай турме – суд. Там мяне прызналі схільным да нападу на адміністрацыю, захопу закладнікаў і праявы агрэсіі. Хадзіў я ў турме нават з рэчамі толькі ў кайданках.

РР: А чаму, за які ўчынак вас прызналі схільным?

Павел Севярынец: Пасля таго, як мяне выклікалі і сказалі, што на мяне вешаюць так званы палітычны прафілактычны ўлік №10, я сказаў, што гэта незаконна, нават суду яшчэ не было, нават па вашым заканадаўстве ў мяне ніякіх прафілактычных улікаў быць проста не можа, і тыя, хто паступае незаконна, адкажуць у адпаведнасці з законам. Гэтыя словы былі расцэненыя як агрэсія ў дачыненні да адміністрацыі. Вы што пагражаеце нам? І ўсё – тут жа кайданкі і далей па турме толькі ў кайданках.

Пра гэта я казаў перад так званым судом у Магілёве. Ну, і тады ў мяне было ўжо два гэтыя прафілактычныя ўлікі. А яны азначаюць, што асаблівая ўвага і як што не так, парушэнне правілаў унутранага распарадку – там размова кароткая.

Зрэшты гэта было цярпіма, і тут пытанняў асаблівых няма, а вось ужо ў Шклове былі рэчы, якія вытрываць можна, але досыць цяжка. Гэта так званыя лядоўні, штрафныя ізалятары, асабліва ўзімку. А ў Шклове ў штрафных ізалятарах адчыняюцца вокны на пэўны час дня, на паўдні, нават зімой, так, што ты стаіш на расцяжцы, і ты можаш там стаяць і гадзіну, і паўтары, у цябе будзе ісці пара з роту, таму што мароз проста вось валіць з акна. І ты апрануты лёгка, ніяк інакш апрануцца не атрымаецца, а ў камеры на 4-5 чалавек ты адзін, сагрэць цяплом уласнага цела гэта немагчыма. Удзень ледзь-ледзь трываеш холад, а ўначы проста спаць немагчыма, таму што ўначы яшчэ халадней, трэба проста ляжаць. За тое, што ты, напрыклад, адціскаешся  на нарах, на вось гэтай драўлянай пласціне, то зноў парушэнні і могуць быць зноў 10 сутак і так далей, да бясконцасці там ужо.

На кароткі час проста адключаецца галава, ты прачынаешся ад таго, што ты ляціш галавой у стол або ў падлогу і ў нейкі момант паспяваеш толькі выставіць рукі. Галюцынацыі там, то бок усё тое, што, я думаю, апісвалі ўжо іншыя. Думаю, што такіх гісторый дзясяткі, калі не сотні.

А ў Гарадзенскай турме была ўжо іншая спецыфіка. Там хутчэй была псіхалагічная праца і тактыка такіх дробных правакацый з боку асуджаных, якія працуюць на адміністрацыю. Яна даведзеная да дасканаласці, і часам я мог нават там ужо складаць каталогі па тыпу тых людзей, якія працуюць над табой. Таму што там ёсць сапраўды спецыялісты высокага ўзроўню, там сапраўды знаўцы псіхалогіі, якія сядзяць там па 10-12 гадоў у турме і ўжо з аднаго позірку счытваюць там тваю эмоцыю ці спрабуюць чытаць думкі, ці чытаюць па варушэннях вуснаў пра што ты гаворыш сам сабе або пра што ты молішся. Гэта вось таксама быў досвед, якога ў мяне дагэтуль не было.

А на пытанне што было добрага – плюсы, безумоўна, былі. Гэта тое, што там усё паводле рэжыму, напрыклад, устаеш у адзін час і кладзешся ў адзін час. Гэта вельмі добра стасуецца з біярытмамі, ты робішся рэальна здаравей ад таго, што маеш у вызначаны час ежу, калі робіш зарадку, практыкаванні. То бок у нейкім сэнсе гэта стабілізуе арганізм,  і калі няма дадатковых стрэсаў, калі няма ШІЗА, то там можна і стабілізаваць здароўе.

Таццяна Смоткіна, racyja.com