Надзея Белахвосцік: прапаганда можа не расслабляцца

Галоўная рэдактарка праекту Media IQ і журналістка з трыццацігадовым стажам расказала «Сойцы» пра тое, як ствараць і як чытаць навіны ў небяспечнай сітуацыі, як дапамагаць родным разбірацца ў моры інфармацыі і чаму беларускія прапагандысты не павінны спаць спакойна.

Як вы цяпер працуеце?

Мы займаемся тым жа, чым займаліся ад пачатку праекта. Media IQ праводзіць маніторынг захавання стандартаў журналістыкі, гэта наша база. І вядзем маніторынг беларускай прапаганды. Мы-то працуем як працавалі, але цікаўнасць да нашых даследаванняў значна ўзрасла. Зараз усе хочуць ведаць пра прапаганду: што яна такое, як яна працуе. За апошнія паўгода гэта ў нас тэма нумар адзін. Калі ў 2020-м усім здавалася, што ніхто не глядзіць тэлевізар, прапаганда ні на каго не ўздзейнічае, то цяпер і сацыялагічныя даследаванні, і нашыя родныя, сябры ў Беларусі сведчаць адваротнае: яна працуе. Вядома, у краіне зачысцілі медыйнае поле, стварылі невыносныя ўмовы для працы журналістаў і небяспечныя ўмовы для спажывання інфармацыі. Не кожны адважыцца інсталяваць VPN, падпісацца і адпісацца на тэлеграм-канал, схавацца, каб чытаць. А прапаганда паўсюль, з кожнага праса.

Цікаўнасць да прапаганды ўзрасла з боку еўрапейцаў?

Не, з боку беларусаў. Ужо неаднойчы мяне клікалі на сустрэчы, дзе самыя розныя людзі з самых розных ініцыятываў шчыра цікавіліся, як працуе прапаганда, як яе адрозніць, як ёй супрацьстаяць.

Бачна, што вы сістэматычна адсочваеце, як змяняецца наратыў прапаганды.

Так не заўжды было. Раней мы не адсочвалі наратыў, ён быў адзін: Лукашэнка найлепшы з найлепшых, у Беларусі ўсё цудоўна. Тады мы адсочвалі, як яна гэта робіць, якія прыёмы выкарыстоўвае: якая семантыка, памылковая дылема, кантрасты. Усяго ў нас зафіксавана 36 маркераў прапаганды. Цяпер жа не мае сэнсу гэта так адсочваць, цяпер яна валіць наўпрост.

Беларуская і расейская прапаганды — гэта розныя з’явы?

Ужо не. Пасля таго як пачалася вайна, у нас нават артыкул выйшаў пад загалоўкам пра тое, што Беларусь страціла інфармацыйны суверэнітэт. У нас ёсць наш уласны інструмент, які дазваляе маніторыць у тым ліку тэлеграм. І вось мы заўважылі, што 24 лютага прыкладна да 8 раніцы, пакуль не прачнулася начальства, у прапагандысціх СМІ яшчэ былі спасылкі на нейкія ўкраінскія крыніцы, а як прачнулася, беларуская прапаганда стала поўным паўторам расейскай.

Што змянілася?

З’явілася мова нянавісці ў дачыненні да Украіны. Гэта тое, чаго ў нас не было ў 2014 годзе. У нас не было наўпроставага цытавання расейскага наратыву, не было «бандэраўцаў, фашыстаў», заклікаў да расправы, усё змякчалася. Розніца па-ранейшаму застаецца ў тым, што прапагандысты транслююць, быццам Беларусь — міратворац, быццам мы дапамагаем Украіне, што Беларусь у вайне не ўдзельнічае, гэтыя СМІ ніяк не ўзгадваюць пра нашыя тэрыторыі, якія выкарыстоўваюцца як плацдарм для расейскіх войскаў. Усё гэта цалкам замоўчваецца. Ва ўсім астатнім — поўнасцю расейская схема: вайну быццам бы распачалі ЗША, Еўропа — гэта амерыканская марыянетка, а Украіна — марыянетка Еўропы.

Вельмі жудаснае відэа было, калі Ігар Тур з Марыяй Пятрашкай на ягоным канале, за тры ці чатыры тыдні да пачатку поўнамаштабнай агрэсіі разважалі пра тое, што войны — справа цыклічная, што яны ўзнікаюць раз на нейкі час з-за розных прычынаў.

Ім ужо сказалі так разважаць?

Не, я думаю, гэта проста ад дурасці. Наша ж прапаганда да 24 лютага казала, што ніякай вайны не будзе.

Што рабіць з прапагандай, як зменшыць ейны ўплыў на тых, хто ёй верыць, хто сумняецца?

Пачнем з таго, што вы назвалі дзве зусім розныя катэгорыі.

У першым выпадку — нічога не рабіць. Сапраўдную ахвяру прапаганды вы не вылечыце, гэтак жа, як з алкаголікамі. Але мы можам рабіць тое, што я называю «сэканд-хэндам» — працаваць з тымі, хто ўспрымае нашу інфармацыю, і праз іх дагруквацца да сваёй мэты.

Для другой катэгорыі ёсць шэраг маркераў. Выбіраючы, дзе чытаць ці глядзець навіны, трэба звяртаць увагу на:

  • Медыі, якім вы заўжды давяралі, якія, на шчасце, змаглі захавацца ў сітуацыі рэпрэсіяў і працуюць надалей, маючы вялікі крэдыт даверу.
  • Стандарты журналістыкі:
  1.  дакладнасць інфармацыі (вам даюць першакрыніцу інфармацыі, вы можаце пайсці па спасылцы і трапляеце на сапраўдную крыніцу);
  2.  баланс меркаванняў (нашым незалежным медыям цяпер вельмі цяжка даваць другі бок, але сапраўднае медыя заўжды напіша: «Мы спрабавалі, але не змаглі дагрукацца да пэўнай асобы ці прадстаўнікоў інстытуцыі»);
  3.  аддзяленне меркавання ад фактаў у навінах (калі вы бачыце, што аўтар тэксту дае моўную афарбоўку, падводзіць вас да высновы, дае ўласнае меркаванне. Гэта было дапушчальна ў савецкай навіновай журналістыцы, але ейны час мінуў);
  4.  калі вы чытаеце тэлеграм-каналы, вы мусіце звяртаць увагу, ці гэта канал медыя, якое мае назву, лагатып, ці гэта блогер, асоба, якая выказвае асабістую думку;
  5.  мець не адну крыніцу інфармацыі і параўноўваць іх.

Што рабіць медыям сёння, каб абараніць сваіх чытачоў у Беларусі? Не ўсе могуць паставіць VPN (ён часта кепска працуе), не для ўсіх проста ўсталёўваць і выдаляць аплікацыі, чысціць кэш.

Калі мы гаворым, напрыклад, пра старэйшых людзей, то тут адно з выйсцяў — гэта маладыя сваякі, дзеці, унукі. Якія могуць дапамагчы тэхнічна або проста пераказваць інфармацыю, верыфікаваць, даносіць.

Я шмат гадоў працавала ў «Камсамольскай праўдзе ў Беларусі», калі гэтае выданне было прыстойным, і я ганаруся тым, што там працавала. Дык вось, гэтая газета, якраз праз тое, што была папяровай, карысталася даверам у старэйшых людзей. У 2020-м выйшлі некалькі нумароў «Камсамолкі», дзе расказвалі пра ўсё, што адбывалася, і людзі выкуплялі тыражы, развозілі па вёсках, мястэчках, сваім родным. Вядома, першым і самым важным крокам павінна было б быць адключэнне прапагандысцкіх каналаў, расейскіх каналаў.

Самыя страшныя фразы, якія зараз могуць гучаць: «усё не так адназначна» і «ўсёй праўды мы не ведаем». Праз іх немагчыма прабіцца. Я іх чула нават ад маладых людзей, дваццаціпяцігадовых. Гэта самае страшнае, што робіць прапаганда, — яна руйнуе базавыя каштоўнасныя арыентыры. Чалавеку больш няма на што абаперціся. Каштоўнасці ж выхоўваюцца, яны выходзяць з сям’і, з самавыхавання, і гэта справа не аднаго дня.

Што рабіць з «распятым хлопчыкам», «біялабараторыямі» і іншымі дзікімі выдумкамі прапаганды? Як іх зняпраўджваць?

Калі нешта занадта эмацыйнае, занадта шакуе, варта ўсумніцца ў тым, што гэта праўда.

З іншага боку, у Бучы, Ірпені былі рэчы, у якія нармальнаму чалавеку таксама паверыць складана. І вы паглядзіце, колькі было расследванняў, доказаў, як розныя медыі пацвярджалі гэтыя факты. «Распятага хлопчыка» ніхто не даказаў і не пацвердзіў.

Пытанне, якое хвалюе, бадай, усе рэдакцыі. Што рабіць, каб не нашкодзіць нашаму чытачу ў Беларусі?

Ні ў якіх стандартах гэтага не прапісана, гэтых пытанняў не павінна было быць. Нашыя медыі змушаныя да парушэння стандартаў, калі ў матэрыялах ананімныя героі, ананімныя эксперты, журналісты без подпісаў ці пад псеўданімамі. Гэта ўсё не на карысць журналістыцы. Але сёння кожная рэдакцыя вырашае для сябе сама, як быць. Літаральна днямі я ўбачыла інфармацыю, якая была небяспечнай для маіх родных, і мы папрасілі зняць яе. Не хачу папракаць калег, але калі рэдакцыя сама не ў Беларусі, страчваецца пачуццё страху. Што, безумоўна, само па сабе добра.

Але калі прыязджаюць з Беларусі сябры, то мы бачым, у якім яны стане, калі размаўляем у чаце з сяброўкай, якая ў Менску, кідаем ёй спасылку, а яна кажа: «Што вы робіце? Я ў метро еду, не ведаю, хто тут можа быць побач». Думаць трэба перш за ўсё пра людзей.

  • Калі хочацца пісаць, але нельга, то нельга.
  • Калі ты знайшоў нешта вартае ўвагі, у цябе прафесійны азарт, але ты адчуваеш, што можа быць ад гэтага шкода камусьці, то таксама — не.

А з прапагандай што рабіць?

У наш лічбавы час цяжка нешта схаваць, а потым адмовіцца. Наш праект не першы год маніторыць і фіксуе прапаганду. Таму прапагандыстам не варта расслабляцца. Усе іх злачынствы захаваныя.

Гаага гэта будзе ці Беларускі вярхоўны суд, але яны не пазбегнуць адказнасці.

sojka.io