
У Мінску і Гродне паказваюць першую частку «Валадара пярсцёнкаў», агучаную па-беларуску. Тым, хто хоча трапіць на паказы, трэба паспяшацца — квіткі раскупаюць загадзя.
Паказваць будуць рэжысёрскую версію стужкі «Валадар пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка», сеансы распачнуцца 12 лютага. Ладзяць іх у кінатэатрах сеткі mooon, што ў мінскіх гандлёвых цэнтрах Dana Mall i Palazzo і ў гродзенскім Triniti.
«Брацтва пярсцёнка» выйшла яшчэ ў 2001 годзе, то-бок гэта не апошні блакбастар з рэкламай паўсюль. Да таго ж, рэжысёрская версія мае працягласць ажно ў 3 гадзіны 50 хвілін, што можа напужаць некаторых гледачоў.
І тым не менш, ужо цяпер квіткі на некаторыя сеансы раскупленыя цалкам. Гаворка пра сеансы 12 і 13 лютага ў 18 гадзін, якія адбудуцца ў Dana Mall, а таксама на нядзельны сеанс у 14.10 у тым жа кінатэатры.
Месцы на іншыя сеансы таксама хутка раскупаюць. Напрыклад, калі захочацца пайсці на сеанс 12 лютага ў 18 гадзін у Palazzo, знайсці добрае месца па цэнтры ўжо будзе складана. Лічаныя месцы даступныя на сеансе ў Dana Mall, які адбудзецца 14 лютага ў 14.10. Засталося літаральна некалькі сеансаў, дзе выбар месцаў яшчэ вялікі.
Пракатчыкам давялося яшчэ і запланаваць дадатковыя сеансы — замест раней абяцаных чатырох дзён паказу фільм будзе ў пракаце тыдзень. Новыя дні паказаў, з 16 па 18 лютага, з’явіліся ўсяго некалькі гадзін таму, але купляюць квіткі і на іх.
