
Улад Трафімчык зʼехаў з Беларусі ў 2019-м – яшчэ да масавых пратэстаў і рэпрэсій. Але разарваць сувязь з краінай не змог: прыязджаў і падтрымліваў пратэсты, адкрыта казаў пра сваё стаўленне да падзеяў, і цяпер вяртанне на радзіму для яго – рызыка. Лекар, які пачынаў працаваць дзіцячым хірургам у Пінску, расказвае, як стаў анколагам у Польшчы, як уладкаваная сістэма падрыхтоўкі і спецыялізацыі лекараў, чым адрозніваюцца магчымасці пацыентаў паабапал мяжы і пра прафесійнае выгаранне.
«За адну змену да мяне на прыём прыйшлі 126 чалавек»
– Дзе і кім вы працавалі ў Беларусі да пераезду?
– У Беларусі я працаваў у Пінскай цэнтральнай паліклініцы, дакладней – у філіяле, у дзіцячай паліклініцы. Я быў дзіцячым хірургам.
– Але цяпер вы працуе анколагам у Польшчы?
– Цяпер я анколаг – заўсёды хацеў быць анколагам.
– Як жа вы сталі дзіцячым хірургам?
– У Беларусі сістэма адукацыі такая, што пасля заканчэння ўніверсітэту Міністэрства аховы здароўя вырашае, куды ты паедзеш і кім будзеш працаваць. Калі табе скажуць, што ты паедзеш участковым тэрапеўтам або педыятрам – значыць, так і будзе.
Ёсць нюансы ў тых, хто вучыўся на платным: яны могуць узяць свабодны дыплом і ўладкавацца дзе хочуць. А тыя, хто вучыўся на бясплатным, як я, – залежаць ад размеркавання. Я скончыў педыятрычны факультэт, вучыўся ў хірургічнай групе, і мяне размеркавалі ў Пінск дзіцячым хірургам.
– Колькі вы там адпрацавалі?
– Два з паловай гады. Я скончыў Гарадзенскі дзяржаўны медычны ўніверсітэт і выпусціўся ў 2015 годзе. З 2015-га па 2016-ы праходзіў інтэрнатуру ў Берасцейскай дзіцячай абласной больніцы ў аддзяленні дзіцячай хірургіі. І з 2016 года працаваў у дзіцячай паліклініцы ў Пінску да 2019-га.
– У 2019-м вы пераехалі ў Польшчу. Як прынялі рашэнне?
– Шчыра кажучы, гэта было досыць спантанна. У 2018 годзе мы з сябрамі паехалі ў адпачынак у Італію. Гэта быў не першы выезд у Еўропу, але ў свядомым узросце і за свае грошы – фактычна першы. Я вярнуўся дадому, выйшаў на працу і зразумеў, што мне некамфортна і трэба нешта мяняць.
Мабыць, вырашальным для мяне стаў не столькі ўзровень даходу, колькі ўмовы працы. Я працаваў дзіцячым хірургам, і аднойчы – літаральна перад адпачынкам – за адну змену да мяне на прыём прыйшлі 126 чалавек. Пры такой нагрузцы немагчыма ні нармальна працаваць, ні забяспечыць якасць дапамогі, незалежна ад матывацыі лекара.
Менавіта спалучэнне нізкай аплаты працы, высокай нагрузкі і адсутнасці перспектыў і падштурхнула мяне да больш рашучых крокаў.
Краем вуха я пачуў аб праграме пераезду лекараў у Польшчу, звязаўся з людзьмі, якія яе арганізоўвалі. Мне сказалі: «Вы нам падыходзіце, збірайце дакументы».
Перад пераездам быў арганізацыйны сход, і ў мяне было адно пытанне: ці можна, працуючы дзіцячым хірургам, змяніць поле дзейнасці і стаць анколагам? Мне сказалі: «Так, вядома». Я адказаў: «Тады паехалі».
Мы прыехалі групай, нас пасялілі ў інтэрнаце, дапамагалі з адаптацыяй. Патлумачылі, якія дакументы патрэбныя, каб здаць экзамен NIL [назва моўнага экзамену па польскай мове для лекараў. – Заўв. рэд.] і настрыфікаваць дыплом.
Як становяцца анколагамі ў Польшчы
– Як гэта ўсё адбывалася?
– Першы экзамен быў моўны. Я пераехаў у студзені-лютым 2019 года, а ўжо ў траўні здаў моўны іспыт. Яго прымае орган пад назвай Naczelna Izba Lekarska – Вярхоўная палата лекараў Польшчы.
Экзамен складаўся з чатырох частак: дзвюх пісьмовых і дзвюх вусных. Я яго здаў і падаў дакументы ў Варшаўскі медычны ўніверсітэт на настрыфікацыю дыплома. Я быў сярод тых, хто здаў экзамен і настрыфікаваў дыплом.

– Пасля настрыфікацыі вы праходзілі інтэрнатуру ў Польшчы?
– Так. У Польшчы лекар пасля настрыфікацыі праходзіць інтэрнатуру. Я ў 2019 годзе зноў пачаў інтэрнатуру ў Польшчы, яна доўжылася каля 12 месяцаў. Потым трэба здаць яшчэ адзін экзамен – Lekarski Egzamin Końcowy – дзяржаўны выпускны кваліфікацыйны экзамен для лекараў у Польшчы, абавязковы крок пасля заканчэння вышэйшай медычнай вучэльні і ключ да далейшай медычнай карʼеры, яго здаюць і палякі пасля ўніверсітэту, і замежныя лекары. Гэта адзіны дзяржаўны экзамен па медыцыне – 200 пытанняў з розных раздзелаў. Я яго здаў, і пасля заканчэння інтэрнатуры змог выбіраць спецыяльнасць. Выбраў анкалогію.
– Як збудавана спецыялізацыя ў анкалогіі ў Польшчы?
– Мая спецыялізацыя доўжыцца шэсць гадоў, таму я яшчэ ў працэсе вучобы, але сёлета ўжо магу здаваць экзамен.
Праграма спецыялізацыі ўключае два модулі: асноўны і спецыялізаваны. У асноўным модулі шмат унутранай медыцыны: тэрапія займае прыкладна паўтара года, далей ідуць эндакрыналогія і іншыя спецыяльнасці – каб мець базавае разуменне. У цэлым асноўны модуль займае тры гады, і спецыялізаваны – яшчэ тры.
Большая частка часу прысвечаная клінічнай анкалогіі, таксама ёсць радыётэрапія, анкахірургія, анкагінекалогія, гематалогія. Плюс абавязковыя курсы – этыка, рэанімацыя і іншыя.

– Калі параўноўваць падрыхтоўку лекара ў Беларусі і ў Польшчы – у чым розніца?
– Універсітэцкія праграмы, думаю, прыкладна падобныя, таму што яны блізкія па структуры. Але потым траекторыі падрыхтоўкі прыкметна разыходзяцца.
У Беларусі пасля інтэрнатуры чалавека могуць «выпусціць» ужо вузкім спецыялістам: уролагам, анколагам і гэтак далей – і ён адразу пачынае працаваць у аддзяленні, хоць па факце вопыту яшчэ мала. Потым праз два гады можна атрымаць медычную катэгорыю – другую, першую, вышэйшую.
У Польшчы інакш: ты спачатку проста лекар, а далей сам выбіраеш шлях, і каб стаць спецыялістам, трэба прайсці паўнавартасную шматгадовую спецыялізацыю. Мне здаецца, такі падыход глыбейшы.
«Арганізм – не набор дэталяў»
– Дзе вы цяпер працуеце?
– Я працую ў горадзе Седльцэ, у аддзяленні анкалогіі. У нас дзяржаўны анкалагічны цэнтр. Я працую ў аддзяленні клінічнай анкалогіі з пададдзяленнем радыётэрапіі. Акрамя гэтага, падзарабляю ў госпісе – гэта асобная праца.
– Чым вы займаецеся ў анкацэнтры?
– Мы вядзём пацыентаў, якія прыходзяць на хіміятэрапію. Яны ў нас ляжаць: у залежнасці ад схемы курс можа доўжыцца некалькі гадзін або некалькі дзён. Мы займаемся ўскладненнямі хіміятэрапіі і спадарожнымі захворваннямі. Напрыклад, калі бачым, што ў пацыента высокі ціск і бягучая тэрапія не дапамагае, можам скарэктаваць. Асноўная задача – прызначыць правільны курс хіміятэрапіі.

– Як бы вы параўналі абсталяванне і даступнасць лячэння ў Польшчы і Беларусі?
– Гэта сапраўды няпростае пытанне, таму што крытэрыяў для параўнання можа быць шмат. Калі гаварыць перш за ўсё з медычнага пункту гледжання, то ключавыя рэчы – абсталяванне і даступнасць лекавых прэпаратаў.
На жаль, я не працаваў у Беларусі менавіта як анколаг, таму не заўсёды магу гаварыць пра гэта максімальна канкрэтна і карэктна. Аднак я падтрымліваю кантакт з калегамі, якія цяпер працуюць у анкалогіі ў Беларусі, і з таго, што яны расказваюць, маю ўражанне, што доступ да сучасных прэпаратаў там больш складаны.
Гаворка перш за ўсё ідзе пра лекі новых пакаленняў. Сёння лячэнне раку ўжо не абмяжоўваецца хіміятэрапіяй: шырока прымяняюцца імунатэрапія і таргетная тэрапія. Апошняя дзейнічае больш выбарачна – прэпарат звязваецца з пэўным рэцэптарам на пухліннай клетцы і ўздзейнічае менавіта на яе. У адрозненне ад хіміятэрапіі, якая ўздзейнічае як на пухлінныя, так і на здаровыя тканкі, таргетная тэрапія, як правіла, больш дакладная і эфектыўная.
Такія прэпараты каштуюць дорага. Напрыклад, адна інʼекцыя аднаго з базавых прэпаратаў, які выкарыстоўваецца пры лячэнні раку лёгкага, каларэктальнага раку, а таксама пухлін вобласці галавы і шыі, можа каштаваць каля 2500 долараў. Традыцыйныя хіміяпрэпараты значна таннейшыя.
У Польшчы, нават калі гэты прэпарат выкарыстоўваецца рэдка, але неабходны пацыенту, мы можам яго замовіць – і праз тыдзень ён будзе ў клініцы. Ці будзе так у Беларусі – сказаць складана, і, шчыра кажучы, я ў гэтым не ўпэўнены.
– А як з дыягностыкай?
– Паказальны прыклад – ПЭТ-тамограф [пазітронна-эмісійная тамаграфія. – Заўв. рэд.]. Калі я працаваў у Пінску, мы пра ПЭТ «і не марылі»: у Берасці яго не было, наколькі памятаю, быў толькі ў Бараўлянах у Менску.
А ў Седльцах ПЭТ ёсць. Чарга можа быць, таму што даследаванні не робяць кожны дзень, але ў цэлым даступнасць досыць высокая. У кожнай больніцы ёсць КТ, у нас у больніцы некалькі апаратаў МРТ. У Беларусі, наколькі ведаю, з гэтым таксама бывае няпроста.

– У Беларусі лекары нярэдка сутыкаюцца з сітуацыяй выбару паміж пацыентамі праз абмежаванасць рэсурсаў. Ці сутыкаюцца з гэтым у Польшчы?
– У маёй спецыяльнасці такога няма. Усе пацыенты атрымліваюць лячэнне, якое паказана ў іх выпадку. Няма падыходу «эканоміць на адным дзеля іншага». 40-гадовы і 70-гадовы пацыенты з аднолькавым дыягназам атрымаюць аднолькавае лячэнне.
– Паводле структуры анкалагічных дыягназаў Польшча падобная да Беларусі?
– У Польшчы ў жанчын лідар – рак малочнай залозы. У мужчын на першым месцы – рак прастаты, пры гэтым рак лёгкіх таксама ўваходзіць у лік найбольш распаўсюджаных дыягназаў. Сярод жанчын рак лёгкіх застаецца на высокіх пазіцыях, а каларэктальны рак займае прыкметную долю ў агульнай структуры захворвання.
У Беларусі сярод жаночага насельніцтва на першым месцы таксама рак малочнай залозы, у мужчын – рак прастаты. Значнае месца ў агульнай анкалагічнай статыстыцы займае каларэктальны рак, а ў мужчын другое месца па распаўсюджанасці займае рак лёгкіх.
Так што карціна шмат у чым падобная.
– Ці можна гаварыць пра больш спрыяльныя анкалагічныя прагнозы ў Польшчы за кошт асаблівасцяў сістэмы аховы здароўя?
– Нельга сказаць адназначна. Ёсць праблемы з дэфіцытам лекараў, асабліва ў анкалогіі – гэта дэфіцытная спецыяльнасць. Не заўсёды пацыент трапляе на прыём так рана, як хацелася б, хоць тэрміны, у цэлым, не катастрафічныя – месяц-два.
Але многае залежыць і ад паводзінаў пацыентаў: людзі часта прыходзяць з запушчанымі выпадкамі, часам – з пухлінамі, якія патэнцыйна на ранніх стадыях можна было б вылечыць. І гэта бывае ўсюды, не толькі ў Беларусі.
За кошт лепшай дыягностыкі, магчыма, у Польшчы крыху лепшая сітуацыя, але не думаю, што розніца велізарная.
– У сацыяльных сетках вы часта падымаеце тэму альтэрнатыўнай медыцыны. Чаму для вас гэта прынцыповае пытанне?
– Я, напэўна, часам занадта рэзка выказваюся на гэтую тэму – гэта, хутчэй, прафесійны боль. На жаль, мне рэгулярна даводзіцца сутыкацца з сітуацыямі, калі пацыенты звяртаюцца па медычную дапамогу ўжо пасля лячэння ў так званых «траўнікаў» або «знахароў». І такія выпадкі бываюць не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы.

Мне часта трапляюцца ў сацыяльных сетках публікацыі розных «спецыялістаў», якія, на маю думку, не заўсёды да канца разумеюць, пра што гавораць. У іх інтэрпрэтацыі ўсё выглядае проста і лёгка, але ў рэальнасці медыцына так не працуе.
Чалавечы арганізм – гэта не набор дэталяў, якія можна замяніць або «паправіць» згодна з інструкцыяй, гэта вельмі складаная сістэма.
Асабліва цяжка, калі да лекара прыходзіць пацыент з захворваннем, якое на раннім этапе магло быць вылечана, але да моманту звароту ўжо запушчана з прычыны альтэрнатыўнага лячэння. У такіх сітуацыях бывае складана падабраць словы. Я лічу – і гэта мая асабістая пазіцыя, хоць, думаю, многія анколагі з ёю пагодзяцца, – што падобныя практыкі наносяць рэальную шкоду. Часцей за ўсё не наўмысна, але, на жаль, з цяжкімі наступствамі для пацыентаў.
Праца ў «хатнім» госпісе
– Вы расказвалі, што працуеце ў госпісе?
– Першапачаткова гэта быў дадатковы напрамак, але з цягам часу я зразумеў, што немагчыма і не трэба браць на сябе занадта шмат. Прыкладна паўгода таму я скараціў колькасць пацыентаў у госпісе і зменшыў колькасць дзяжурстваў. У той момант я сутыкнуўся з прафесійным выгараннем – аб’ём працы быў занадта вялікі.
Пэўны час у мяне адначасова было тры напрамкі: праца ў аддзяленні, госпіс і выкладанне польскай медычнай мовы для лекараў з Беларусі, Украіны і Расеі. Цяпер нагрузка стала больш збалансаваная, і я адчуваю сябе значна лепш.
– Што гэта за госпіс?
– Я працую ў хатнім госпісе. Пацыенты дома, я «на тэлефоне», некалькі разоў на месяц езджу да іх, гляджу стан, выпісваю рэцэпты або накіраванні.
Мне здаецца, стацыянарны госпіс псіхалагічна значна цяжэйшы. Але важна разумець: госпіс – не заўсёды «на тыдзень». Там могуць ляжаць і месяцамі, і гадамі. Госпіс прызначаны не толькі для анкапацыентаў – бываюць людзі з кардыяміяпатыямі і іншымі захворваннямі. І анкапацыенты таксама могуць быць там месяцамі.
– Які ў вас графік?
– Працоўны дзень пачынаецца ў 7:35 і заканчваецца ў 15:05. Пасля гэтага я вольны, калі не займаюся госпісам. Цяпер у мяне пад апекай шэсць чалавек, гэта можа быць яшчэ гадзіна-дзве ў дзень, але не штодня.
Пра 2020 год, вяртанне ў Беларусь і заробкі
– Калі параўноўваць даходы: наколькі адрозніваецца Польшча ад Беларусі?
– У Беларусі ў мяне ў максімуме выходзіла блізу 800 долараў на месяц – гэта з тым, што я працаваў не толькі дзіцячым хірургам, а яшчэ падпрацоўваў.
У Польшчы цяпер заробак прыкладна ў пяць разоў вышэйшы, пры тым, што я працую менш. Калі не шыкаваць, можна адкладаць значную частку. Самы вялікі артыкул выдаткаў – кватэра, яна забірае прыкладна адну пятую.
– Як выглядала з Польшчы тое, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе?
– Асабіста для мяне тое, што адбывалася ў 2020 годзе, выглядала вельмі цяжка. Нават знаходзячыся ў Польшчы, я не змог рэалізаваць сваё грамадзянскае права: 9 жніўня 2020 года я прыйшоў на выбары, але прагаласаваць так і не змог.
Тое, што адбывалася далей, я ўспрымаў як сапраўдны кашмар – і з пункту гледжання падзей, якія адбываюцца, і з пункту гледжання адчування поўнай бездапаможнасці.
– Калі вы апошні раз былі ў Беларусі?
– Апошні раз я быў у Беларусі ў 2020 годзе. Я выказваў сваю незадаволенасць у сацыяльных сетках, удзельнічаў у пратэставых акцыях, таму цяпер не думаю, што магу бяспечна вярнуцца: ёсць рызыкі пераследу.
– Пасля пачатку вайны ва Украіне ў вашай лякарні стала больш лекараў з Украіны?
– У нас працуюць некалькі лекараў з Украіны, у тым ліку ў маім аддзяленні. Яны пераехалі пасля пачатку вайны. Але вялікай плыні лекараў з Украіны ў Польшчу, наколькі ведаю са слоў саміх украінцаў, няма: многія застаюцца ва Украіне.
З Беларусі лекараў шмат: толькі ў нашай больніцы, думаю, 15–20 чалавек. У маім аддзяленні цяпер два лекары з Беларусі, два з Украіны, адзін з Расеі і чатыры з Польшчы – доля замежнікаў ужо вышэйшая, чым палякаў, але так не ўсюды.
– Вы бачыце, што беларускія лекары працягваюць пераязджаць?
– Так. Многія, хто хацеў пераехаць, ужо пераехалі, але ўсё роўна лекары працягваюць зʼязджаць. У мяне шмат знаёмых зʼехалі ў іншыя краіны. Часцей за ўсё гэта Польшча ці Нямеччына.

– Можаце ўявіць сітуацыю, пры якой вы вярнуліся б у Беларусь?
– Шчыра кажучы, такая імавернасць існуе, але яна невялікая. Ёсць абставіны, якія ад мяне не залежаць: напрыклад, дэпартацыя – у гэтым выпадку вяртанне адбываецца незалежна ад асабістага выбару.
Калі ж гаварыць пра вяртанне з уласнай волі, то пры цяперашнім палітычным кіраўніцтве я такой магчымасці не разглядаю. У перспектыве ўсё будзе залежаць ад таго, якім будзе будучае кіраўніцтва, якія ўмовы яно прапануе і ў якім кірунку будзе развівацца краіна.
