Беларускія даследчыкі ў Літве абмеркавалі прафесійныя магчымасці і праблемы

У Літве зараз знаходзіцца болей за 20 кваліфікаваных беларускіх даследчыкаў і выкладчыкаў гісторыі, якія працягваюць заставацца ў прафесіі або шукаюць магчымасці працягваць даследаванні і выкладанне беларускай гісторыі. Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся падчас круглага стала «Беларускія даследчыкі і даследаванні Беларусі ў Літве: магчымасці і праблемы», які адбыўся 5 сакавіка 2026 года ў анлайн-фармаце.

Круглы стол быў арганізаваны ў межах ініцыятывы па развіцці супольнасці (Community Building Initiatives) праграмы Еўрапейскага саюза EU4BELARUS: Support to Advanced Learning and Training (SALT II). У ім прынялі ўдзел 26 беларускіх і літоўскіх даследчыкаў, а таксама эксперты з іншых краін. Гэта ўжо другі круглы стол ў межах ініцыятывы. Першы быў прысвечаны беларускім даследчыкам і даследаванням Беларусі ў Польшчы (падрабязней).

Суарганізатарамі выступілі Форум гістарычных даследаванняў Беларусі Нямецкага таварыства па даследаванні Усходняй Еўропы (Берлін), Асацыяцыя «Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча» (Варшава) і Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі (Вільнюс). Дыскусію мадэраваў прафесар Віктар Шадурскі. З асноўнымі дакладамі выступілі д-р Сцяпан Захаркевіч і д-р Томаш Блашчак, пасля чаго адбылося абмеркаванне актуальных праблем развіцця беларусацэнтрычных даследаванняў у Літве, якімі займаюцца як беларускія, так і літоўскія даследчыкі.

Галоўныя высновы абмеркавання

  • Літва займае другое месца пасля Польшчы паводле колькасці беларусаў, якія былі вымушаныя эміграваць пасля 2020 года. Сёння ў Літве знаходзіцца каля 20–30 кваліфікаваных гісторыкаў – даследчыкаў і выкладчыкаў. Калі дадаць да гэтай групы прадстаўнікоў іншых гуманітарных і сацыяльных навук, іх колькасць можа быць у два-тры разы большай. Ва ўмовах працяглых рэпрэсій аўтарытарнага рэжыму супраць беларусаў як у самой краіне, так і за яе межамі гэтая колькасць пастаянна павялічваецца, а дакладна падлічыць, колькі прадстаўнікоў той ці іншай спецыяльнасці апынуліся ў эміграцыі, пакуль немагчыма.
  • Парасонавай інстытуцыяй для значнай колькасці беларускіх даследчыкаў розных навуковых дысцыплін у Літве застаецца Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Ва ўніверсітэце дзейнічае некалькі бакалаўрскіх і магістарскіх праграм, у тым ліку бакалаўрская праграма «Гісторыя». Яны аб’ядноўваюць як беларускіх даследчыкаў і выкладчыкаў, так і спецыялістаў з Літвы, Польшчы, Украіны, ЗША і іншых краін. З ЕГУ афілявана некалькі навуковых часопісаў, якія даюць магчымасць друкаваць вынікі даследаванняў, у тым ліку беларускіх даследчыкаў у выгнанні. З 2000 года там выдаецца часопіс «Topos», прысвечаны даследаванням культуры, які ўваходзіць у базу Scopus. У пералік выданняў ЕГУ таксама ўваходзяць штогоднік «CTRL+», прысвечаны рэфлексіі спадчыны, і штогоднік «Цайтшрыфт» (2011–2023), прысвечаны яўрэйскім даследаванням. Яшчэ некалькі выданняў падтрымліваецца ЕГУ.
  • Разам з тым некаторыя ўдзельнікі дыскусіі адзначылі зніжэнне актыўнасці ЕГУ ў сферы гістарычных даследаванняў. У якасці прыкладаў згадваліся выданні, што раней выходзілі ва ўніверсітэце: «Беларускі гістарычны агляд», штогоднік «Homo Historicus» (2008–2012), а таксама часопіс «Перекрестки» (2004–2019). Бакалаўрская праграма па гісторыі ў ЕГУ не знайшла падтрымкі і будзе зачыненая.
  • Асобнай пляцоўкай для самарэалізацыі беларускіх даследчыкаў у Літве застаюцца недзяржаўныя арганізацыі і медыя, якія таксама рэалізуюць даследчыя і адукацыйна-асветніцкія праекты для беларусаў і па беларускай праблематыцы. Частка даследчыкаў знайшла сябе ў экспертнай дзейнасці.
  • Што да працаўладкавання на сталую або часовую працу ў літоўскія навуковыя і адукацыйныя ўстановы, то яно звычайна патрабуе ведання літоўскай мовы. На сучасным этапе гэта застаецца сур’ёзным бар’ерам. У такіх умовах для захавання беларускіх даследчыкаў у прафесіі асабліва важнай становіцца грантавая падтрымка, перадусім праграма ЕС SALT.
  • Пры гэтым у Літве, у параўнанні з Польшчай, істотна менш арганізацый і навуковых інстытуцый, якія могуць падтрымліваць даследчыкаў. Як падкрэсліў адзін са спікераў круглага стала, пастаянныя пошукі грантаў і праектаў могуць станавіцца прычынай зніжэння этычных і даследчых стандартаў, што негатыўна ўплывае на канкурэнтаздольнасць у заходняй акадэміі ў доўгатэрміновай перспектыве. У выніку значная частка беларускіх даследчыкаў у эміграцыі апынулася ў сітуацыі стратэгічнай няўпэўненасці.
  • Удзельнікі круглага стала таксама звярнулі ўвагу на амаль поўную адсутнасць прафесійных сувязяў літоўскіх даследчыкаў з калегамі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Такая сітуацыя непазбежна вядзе да разыходжання ў падыходах да інтэрпрэтацыі важнейшых падзей і асобаў сумеснай гісторыі двух народаў. Такім чынам, гаворка ідзе не толькі пра сённяшні выклік, але і пра сур’ёзную праблему на будучыню.

Прапановы ўдзельнікаў

  1. Як і падчас папярэдніх дыскусій, удзельнікі назвалі важнай задачай узмацненне каардынацыі беларускага даследчага асяроддзя за мяжой. Была адзначана паспяховая дзейнасць англамоўнай пляцоўкі H-Belarus. Разам з тым застаецца нявырашаным пытанне стварэння аналагічнай электроннай пляцоўкі на беларускай мове. Яе можна стварыць з нуля, аднак больш аптымальным варыянтам удзельнікі лічаць выбар ужо існуючай структуры, якая мае пэўныя напрацоўкі ў гэтым напрамку, з наступнай шырокай інфармацыйнай падтрымкай.
  2. Важным напрамкам прызнана пашырэнне тэматыкі даследаванняў і публікацый. Замежныя калегі чакаюць ад беларускіх навукоўцаў прапаноў больш сучасных і актуальных даследчых праектаў, у тым ліку па аналізе гістарычных і сучасных праблем Беларусі ў шырэйшым рэгіянальным і глабальным кантэксце, а таксама ў параўнанні з іншымі краінамі, перадусім суседнімі. Перспектыўным застаецца таксама публікаванне вынікаў даследаванняў у рэйтынгавых міжнародных выданнях на англійскай мове.
  3. Удзельнікі дыскусіі таксама падкрэслілі перспектыўнасць падрыхтоўкі абагульняючых навуковых і навукова-папулярных прац па гісторыі Беларусі, развіцці яе адносін з суседнімі краінамі – на беларускай, англійскай, літоўскай і іншых мовах, – а таксама па іншых тэмах. Такія публікацыі мэтазгодна рыхтаваць сумесна з літоўскімі і іншымі замежнымі навукоўцамі і размяшчаць у адкрытым доступе. Пры гэтым важна арыентавацца на шырокае кола беларускіх чытачоў і слухачоў, перадусім на моладзь.
  4. Ва ўмовах павышэння цікавасці беларусаў да сямейнай гісторыі і генеалагічных даследаванняў спецыялістам у гэтай сферы варта надаць больш увагі падрыхтоўцы метадычных і інфармацыйных матэрыялаў, а таксама распрацоўцы новых анлайн- і афлайн-курсаў па гэтых тэмах.
  5. У пашырэнні навуковых кантактаў паміж беларускімі і літоўскімі даследчыкамі значную ролю маглі б адыграць узаемныя папулярныя гісторыі Беларусі і Літвы, напісаныя прадстаўнікамі іншых краін. За прыклад можна ўзяць досвед нямецка-французскіх сумесных адукацыйных гістарычных праектаў.

Паводле прэс-рэліза