«Там заўсёды аншлаг». Мая Церакулава – пра валанцёрства ў начлежцы для бяздомных «Карытас»

Начлежка для бяздомных ад «Карытас» у Беластоку, Польшча. 14 студзеня 2026 года. Фота: Wojciech Wojtkielewicz / Kurier Poranny Gazeta Wspolczesna / Polska Press / East News

Педыятр Мая Церакулава, якая ўжо тры гады жыве ў Польшчы (з’ехала з Беларусі, каб уратавацца ад рэпрэсіяў), засумавала па практычнай лекарскай працы і пайшла валанцёрыць у начлежку для бяздомных ад «Карытас» у Беластоку – тую самую, дзе памёр блогер Уладзімір Усер. Як выглядае валанцёрства, з якімі людзьмі даводзіцца сутыкацца – лекарка распавяла «Белсату». 

«Засумавала па лекарскай працы» 

Мая прыйшла ў «Карытас» у кастрычніку 2025 года. 

«Я засумавала па лекарскай працы, медычнай практыцы, каб рукі працавалі, па кантакце з людзьмі. Сядзець за кампутарам я не вельмі люблю – гэта вельмі сумна. А паколькі я пакуль не маю права займацца лекарскай працай у Польшчы, то шукала найперш валанцёрскую працу. Прасцей за ўсё гэта аказалася ў «Карытас». І чаму б не з бяздомнымі? Я разумела, што там будзе цікавая практыка, такія выпадкі, якіх я яшчэ ў жыцці не бачыла», – распавядае педыятарка. 

Лекарка дамовілася з кіраўніцтвам начлежкі, што будзе валанцёрыць чатыры гадзіны на тыдзень – у панядзелак зранку. Пры неабходнасці ёй таксама могуць тэлефанаваць і выклікаць у іншыя дні. Так здараецца звычайна па вечарах, калі ў начлежцы з’яўляецца хтосьці ў цяжкім стане. 

«Тады яны выклікаюць мяне. Я прыязджаю, аглядаю і апрацоўваю раны, даю рэкамендацыі. Таксама мы вырашаем, каго трэба шпіталізаваць, каму выклікаць хуткую дапамогу. А хуткая тут прыязджае, калі насамрэч ёсць пагроза жыццю», – тлумачыць наша суразмоўца.

Мая падкрэслівае, што хуткая дапамога – часта адзіны шанец для пастаяльцаў «Карытасу» трапіць у шпіталь і прайсці абследаванне. На планавую шпіталізацыю большасці з іх разлічваць не выпадае, бо яны звычайна не маюць медычнай страхоўкі. Таксама ў іх няма грошай – нават на лекі, а шмат у каго яшчэ і даўгі перад установамі аховы здароўя. 

«Таму застаецца адзіная магчымасць – праз хуткую дапамогу. Тады іх лечаць. Хоць часта гэта ўжо крытычны стан. Але жыццё тут ратуюць незалежна ад наяўнасці страхоўкі», – зазначае лекарка. 

«Яны вельмі нездаровыя, і паміраюць часта» 

Праз адсутнасць своечасовай медычнай дапамогі ў многіх бяздомных узнікаюць ускладненні. 

«Шмат запушчаных выпадкаў. Абмаражэнні, траўмы, ампутацыі і запальныя рэакцыі на гэтым фоне. Амаль ва ўсіх цукровы дыябет, і гэта таксама не спрыяе зажыўленню. Паўторныя абмаражэнні. Ва ўсіх іх кепскі абутак, праз што шмат хранічных траўмаў канечнасцяў. Гэта тое, што ў звычайнай медычнай практыцы асабліва не сустракаецца, але тут я гэта бачу пастаянна», – распавядае Мая. 

Мая Церакулава. Фота: Мая Церакулава / Facebook

Лекарка развенчвае распаўсюджанае меркаванне, што бяздомныя могуць хаваць канечнасці ў штаніны, напрыклад, і прыкідваюцца інвалідамі, каб ім далі больш грошай. Не, кажа Мая – калі вы бачыце бяздомнага чалавека без ног, ён насамрэч без ног. 

«А яшчэ ведаеце, часта кажуць: вось, хтосьці за сабой сочыць і цяжка хварэе, а гэтыя ў такі мароз распранутыя гарэлку п’юць на вуліцы, і яны здаровыя – што за несправядлівасць. Я магу сказаць на гэта, што яны вельмі нездаровыя, і хварэюць цяжка, і паміраюць часта. У іх вельмі шмат праблемаў са здароўем», – зазначае нашая суразмоўца.

Начлежка, у якой валанцёрыць Мая, разлічаная на 50 асобаў, «і там заўсёды аншлаг», падкрэслівае лекарка. Гэта адзіная такая ўстанова ў горадзе, куды пускаюць людзей, незалежна ад іхнага стану – цвярозыя яны ці п’яныя ці ў наркатычным ап’яненні, ці ў кепскім псіхічным стане. У «Карытас» ёсць начлежкі, дзе бяздомныя могуць жыць у пакоях на чатыры чалавекі, захоўваць свае рэчы – туды часта не пускаюць п’яных. Але ў гэтую можа прыйсці кожны. Праўда, і ўмовы тут не люксавыя – часта даводзіцца спаць на падлозе, падклаўшы коўдру пад галаву і цела. 

Дэфіцыт адказнасці за сябе і сваё жыццё 

Але адначасова там цёпла, можна памыцца, паесці. 

«Амаль заўсёды людзі там ёсць людзі ў стане алкагольнага ап’янення альбо пад наркотыкамі. Гэта людзі з залежнасцямі, таму яны ў такім стане. Што для мяне было нечаканасцю, амаль ва ўсіх іх ёсць псіхіятрычныя дыягназы. Псіхічна паўнавартасных людзей я там сустракала дваіх, напэўна – каб інтэлект быў захаваны і паводзіны адэкватныя. Гэта адна жанчына ў вельмі сталым узросце. Яна там больш як апякун, знайшла сябе ў гэтым, яе там ведаюць. І яшчэ адзін чалавек, які выклікае павагу – у яго полінейрапатыя, не бачыць вока, не працуе рука, працаваць ён дакладна не можа. Але інтэлектуальна і псіхалагічна ён у добрым стане. А больш я здаровых там не бачыла. Амаль ва ўсіх псіхіятрычныя праблемы – ад дэпрэсіі да шызафрэніі», – распавядае Мая. 

Узрост у пастаяльцаў начлежкі розны – ад 20 да 70 гадоў. Старэйшых за 70 мала. Як раз той жанчыне, пра якую згадала лекарка, больш, чым 70. 

Некалькі сотняў бедных, адзінокіх і бяздомных людзей наведалі калядную вячэру для тых, хто мае патрэбу, у комплексе каталіцкіх школ у Беластоку. Вечар арганізуецца ў супрацы з «Карытас» Беластоцкай архідыяцэзіі, Фондам сям’і Чарнецкіх і ZSK, пры падтрымцы мясцовых органаў улады і донараў. Фота: Wojciech Wojtkielewicz / Kurier Poranny Gazeta Wspolczesna / Polska Press / East News

Калі бяздомныя распавядаюць свае гісторыі, то часта яны некага абвінавачваюць у сваім лёсе – кажуць што жонка з дому выгнала, напрыклад, ці што яны сіроты, таму ў іх так усё склалася. Са словаў Маі, шмат у каго дэфіцыт адказнасці за сябе і сваё жыццё. Многім таксама не хапае волі – яны не могуць прымусіць сябе пайсці да лекара нават калі ў іх сур’ёзныя праблемы са здароўем. 

«У Польшчы можна зарэгістравацца беспрацоўным, і тады будзе медычная страхоўка. Але яны не любяць хадзіць па розных органах, маўляў, дакументаў патрэбных няма і т.п. Але ж гэта ўсё можна зрабіць, аднавіць. Але яны не могуць сабрацца. Таму зранку выпілі – і дзень вольны», – кажа валанцёрка. 

Беларусы і ўкраінцы ў начлежцы 

У начлежцы заўсёды шмат палякаў, але зусім не рэдкасць там і замежнікі – украінцы, беларусы. Пры гэтым Мая заўважае розніцу паміж імі. Кажа, што палякі там – гэта звычайна людзі, якія даўно п’юць, маюць псіхіятрычныя праблемы. Беларусы і ўкраінцы трапляюць туды пераважна праз часовыя праблемы з жытлом і працай, і калі вырашаюць іх, сыходзяць. Пераважна гэта маладыя працаздольныя людзі. 

«Размаўляла я з адным украінцам – яго былі праблемы з нагой, ён не мог працаваць пасля аперацыі, і ён мне кажа: і вось дзе ў выніку я прызямліўся. Быў у дэпрэсіі, у прыгнечаным стане. Я яму казала: ну як прызямліўся, гэта прыпынак, ну няма дзе зімой пераначаваць, прыйшоў у сябе, крыху ачуняў, нагу падлечыш. І сапраўды – нага зажыла, праз два тыдні ён знайшоў працу з пражываннем і з’ехаў», – распавядае лекарка.

Мая падкрэслівае – не варта баяцца гэтай начлежкі. І эмігрантам варта ведаць, што тут працуюць людзі з вялікім досведам у аднаўленні дакументаў, і могуць дапамагчы ў выпадку патрэбы. Так давядзецца паспаць на падлозе, могуць быць нават вошы, суседзямі будуць п’яныя, але гэта лепш, чым начаваць на вуліцы, атрымліваць абмаражэнні і заставацца без ног, перакананая валанцёрка: 

«Там накормяць, можна памыцца, дапамогуць з дакументамі – і гэта ўсё бясплатна». 

Мая Церакулава і Уладзімір Усер. Фота: Мая Церакулава / Facebook

Летась у начлежку «Карытас» у Беластоку трапіў блогер з Бабруйску Уладзімір Усер, якога ў Польшчы абвінавацілі ў шпіянажы. Пасля затрымання ён трапіў у лякарню, а калі яго выпісалі – у начлежку. Там Уладзімір і памёр неўзабаве праз ускладненні цукровага дыябету. Незадоўга да смерці з ім бачылася Мая Церакулава. Яна расказвала БАЖ, што блогер не мучыўся і памёр хутка: 

«Спынілася сэрца. Я знала яго чатыры дні і размаўляла з ім пра ягоны фізічны стан. Ён быў разумны, добры і ветлівы са мной. Горка жартаваў». 

Панцыр, які няпроста прабіць 

Мая кажа, што за шмат гадоў лекарскай працы навучылася эмацыйна дыстанцыявацца ад асабістых гісторый пацыентаў. Слухае іх, калі яны распавядаюць, але ніколі адмыслова не пытаецца. 

«Для мяне гэта пацыенты, і гэтая дыстанцыя неабходная, каб не выгарэць. Так, гісторыі розныя бываюць, але блізка да сэрца я гэтыя гісторыі не прымаю, выразнай эмпатыі ў мяне няма да іх. У мяне там ёсць функцыя, і я яе выконваю. Гэта не блізкія мне людзі. Гэтая дыстанцыя і холаднасць гадамі выпрацоўвалася. Калі ты працуеш педыятрам, і дзіця хварэе і памірае ў маці, нейкі панцыр у цябе ўжо адрастае, таму што ўсур’ёз і глыбока гэта перажываць немагчыма», – кажа суразмоўца.

Дом святога брата Альберта для бяздомных мужчын, якім кіруе «Карытас» Беластоцкай архідыяцэзіі. Там пастаянна жывуць восемдзесят мужчын, а некалькі дзясяткаў прыходзяць толькі каб пераначаваць ці паесці. Беласток, Польшча. 18 студзеня 2017 года. Фота: Piotr Mecik / East News

Хоць, канешне, бываюць сітуацыі, калі хочаш – не хочаш, а думаеш – ну як жа так? Напрыклад, Мая згадвае маладога мужчыну, у якога былі ампутаваныя абедзве нагі. Ён толькі два тыдні пражыў на вуліцы, але заснуў п’яны на марозе. Выніку – ампутацыя. Пасля ён працягваў хадзіць на кульцях, разышліся швы. 

«Усё было кепска. А ён малады. Было вельмі крыўдна. Але я разумею, што я больш эмацыйна дыстанцыявалася, чым супрацоўнікі «Карытас». Там ёсць такі пан Збігнеў, і ён вельмі клапоціцца пра людзей, сварыцца на лекараў, якія ампутавалі ногі, кажа – калі б гэта быў не бяздомны, яны б хоць лячылі яго. Але я думаю, што не, таму што насамрэч абмаражэнні вельмі цяжка лекаваць. Там кровазварот амаль не аднаўляецца. Так, там ёсць цяжкія гісторыі, але эмацыйна мяне ўжо не так лёгка прабіць», – рэзюмуе Мая. 

Мая Церакулава – казашка, якая шмат гадоў пражыла ў Беларусі. Вывучыла беларускую мову. У 2020 годзе выказалася супраць гвалту. Жанчына тады працавала ў дзіцячай паліклініцы ў Бабруйску. Неўзабаве яе звольнілі. Каб уратавацца ад рэпрэсіяў, Маі адной разам з трыма дзецьмі, з якіх адно мае аўтызм, давялося ўцякаць у Польшчу і распачынаць там новае жыццё. 

Ганна Ганчар, belsat.eu