Поўны зал сабраў бард Віктар Шалкевіч у Падляскім Інстытуце культуры на свой першы сольны канцэрт у Беластоку з гучнай назвай «Кульмінацыя». Прыцягальная манера зносінаў з публікай, добры гумар і трапныя тэксты песень – непераўзыдзены стыль спевака, якога ўжо называюць «голасам Гродна», а сябе ён лічыць «сынам беластоцкай зямлі». Перад эстрадным выступленнем з Віктарам Шалкевічам пагутарыў беластоцкі карэспандэнт «Радыё Ўнэт» Уладзімір Лапцэвіч.
— Чаму толькі цяпер вы ў Беластоку з сольным канцэртам?
— Гэта сапраўды першы сольнік. Выступаў я ў Беластоку многа раз, але на такіх пляцоўках… Ну ці можна назваць кавярню пляцоўкай, напрыклад? Канешне, гэта не пляцоўка. Выступаў некалькі разоў у складаных канцэртах такіх, пару песень спяваў. Але такога сапраўды сольніка не было. І калі ў мінулым годзе была магчымасць рабіць адразу тры канцэрты ў Польшчы, то чамусьці зрабілі мы канцэрты ва Вроцлаве, у Кравкаве і ў Варшаве. А ў Беластоку яны чакалі, чакалі, так і не дачакаліся.
Мне падаецца Беласток акупавалі «ўсходнікі» гэтыя ўсе, бежанцы нашы. Яны тут усё даюць: то пра піва размаўляюць, то пра гісторыю, то пра нешта яшчэ. Ёсць жа такая прымаўка, што задужа, то не здрова.
— Гэты канцэрт носіць назву «Кульмінацыя». Кульмінацыя – гэта нейкая найвышэйшая кропка, нейкі максімум, пасля чаго ідзе нейкае затуханне, запавольванне. Чаму «Кульмінацыя» і ці ваша далейшая творчая актыўнасць будзе затухаць?
— Вы ў мяне з языка знялі. Я вам адкрыю тайну. З чаго пачынаецца канцэрт? З таго, што я распавядаю, як я ўсё жыццё валачыўся па розных краінах, кантынентах. Ад Чыкага да Табольска. У Табольску не быў, у Іркуцку быў. Таронта, Аттава, Дамінікана, Нью-Йорк, Бостан, Лімож, Германія, Чэхія. Нават дабег да Стакгольма і Таліна. А ў Беластоку я ні разу не быў з сольнікам такім нармальным. Ну а практычна я маю права прэтэндаваць на годнасць сыны беластоцкай зямлі. Усё жыццё маё Поразава належыла да Валкавыскага павету. А слаўны Валкавыскі павет уваходзіў у склад Беластоцкага ваяводства. І практычна ў нашым Поразаве не зналі іншага горада, як толькі Беласток. Гродна ўвогуле на мапе не было, гэта было дзесьці так далёка…
Поўную размову з Віктарам Шалкевічам слухайце ў плэеры ніжэй.