«Зялёны тэлефон» дапамагае вырашаць экалагічныя праблемы ў Беларусі нават з-за мяжы

Яшчэ ўвосень мінулага года ў Беларусі адбылася амаль татальная зачыстка большасці арганізацыяў грамадзянскай супольнасці. Пацярпелі і экалагічныя арганізацыі, якіх абвінавачвалі ў палітызацыі сваёй дзейнасці. Але ж экалагічныя праблемы нікуды не зніклі, як не зніклі і тыя, хто да іх неабыякавы. Але ці ёсць у іх зараз магчымасць атрымаць кваліфікаваную дапамогу ў вырашэнні экалагічных праблемаў? У ініцыятыве «Зялёны тэлефон» упэўнена кажуць – так! «Радыё Ўнэт» пагутарыла з мэнэджаркай «Зялёнага тэлефону» Палінай Бурко.

Існуе некалькі варыянтаў экалагічнага актывізму і для людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі, і тых, хто знаходзіцца за мяжой. Мы заўсёды публікуем розныя грамадскія абмеркаванні, якія адбываюцца наконт будаўніцтва розных аб’ектаў. Пра іх заўжды ёсць такі дакумент – Справаздача аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе. Яго можна прачытаць, знайсці нейкія рэчы, з якімі чалавек можа быць не згодны. І даслаць свае заўвагі. Іх можна спакойна дасылаць і з-за мяжы.

Можна падаць заяву на сход для такога грамадскага абмеркавання. Гэта таксама можна зрабіць з-за мяжы. Таму што многія, на нашым досведзе, баяцца зараз у Беларусі кантактаваць з дзяржаўнымі органамі. Для гэтага можна прасіць дапамогі ў кагосьці, хто знаходзіцца за мяжой, каб яны даслалі запыт. Мы з боку «Зялёнага тэлефону» заўжды можам дапамагчы і скласці гэтыя заўвагі і арганізаваць запыт на афлайн-абмеркаванне.

Таксама вельмі папулярны спосаб – петыцыі. Іх можна таксама ствараць і падпісваць з-за мяжы. Наконт стварэння можна таксама звяртацца ці да нас, ці да каманды Petitions.by.

Ёсць людзі, якія з’ехалі і думаюць, што яны не могуць пісаць звароты з-за мяжы, бо не бачаць сітуацыю на ўласныя вочы. І ў той жа час, у Беларусі ёсць людзі, якія бачаць праблемы, але баяцца пісаць звароты, бе асцерагаюцца пераследу. І мы можам аб’яднаць намаганні, каб тыя, хто ў краіне распавядалі пра праблемы, дасылалі фотаздымкі, а тыя, хто за мяжой дасылалі ў адпаведныя органы звароты, рабілі петыцыі і распаўсюджвалі іх.

Таксама вельмі папулярны спосаб вырашэння праблем нават з-за мяжы – сервіс 115.бел. Людзі ў сваім раёне нешта фатаграфуюць апісваюць праблему, а мы з-за мяжы ўжо дасылаем у дадатку зварот і назіраем як праблема вырашаецца.

Калі праз звароты праблема не вырашаецца, дзейсным спосабам з’яўляецца публічны расповед пра яе. Але праз тое, што многія СМІ прызнаныя экстрэмісцкімі, гэта, канешне небяспечна і складана. І для гэтага ёсць людзі, якія знаходзяцца за мяжой і з імі можна супрацоўнічаць, каб ужо яны распавядалі СМІ пра праблему ў сваіх родных мясцінах.

Ці адрозніваецца разгляд зваротаў, накіраваных з-за мяжы ад тых, што дасылаюць людзі ўнутры Беларусі? Ці не адчуваецца дыскрымінацыі, калі чыноўнікі ведаюць, што чалавек, які звяртаецца, не жыве ў Беларусі? 

Я дасылаю звароты па адрасе сваёй менскай прапіскі як грамадзянка Беларусі, і маю на гэта поўнае права, нават, калі фізічна знаходжуся за мяжой. Калі ўсё правільна запоўнена і ёсць усе дадзеныя, праігнараваць зварот немагчыма. Гэта забаронена. Калі, усё ж, ігнаруецца, то трэба пісаць у арганізацыю, якая стаіць вышэй, пра парушэнне закону. На нашым досведзе за апошні час такіх праблемаў не было. 

Як на тле таго, што адбылося пасля 2020 года, змянілася экалагічная актыўнасць жыхароў Беларусі і тых, хто з’ехаў з краіны? 

Паводле звестак нашай каманды, зараз запыты сталі больш, так бы мовіць, мяккімі. Раней звярталіся па нейкіх заводах, па справаздачах аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе ў тым ліку, зараз у асноўным звяртаюцца па дрэвах – высечка, няправільная абрэзка, альбо як усталяваць кантэйнер для асобнага збору смецця. Раней у такіх пытаннях была база людзей, якія ўжо ведалі як вырашаць такія пытанні. Зараз людзі баяцца нешта больш сур’ёзнае рабіць. 

Дзе шукаць вашыя кантакты, каб атрымаць дапамогу ў развязанні экалагічных праблемаў?

Часцей за ўсё да нас звяртаюцца ў Тэлеграме. Гэта, напэўна, самы зручны і бяспечны спосаб зараз. Там у нас ёсць не толькі акаўнт, але і бот, праз які можна звярнуцца. Таксама ў нас ёсць электронная пошта і мы прысутнічаем у такіх сацсетках як ІнстаграмФэйсбукУКантакце і Аднакласнікі

„Радыё Ўнэт“