«Тысячы людзей страцілі доступ». Навуковец Бесараб — пра акцыю «Кібэрпартызанаў» супраць Нацыянальнай бібліятэкі

Акцыя «Кібэрпартызанаў» супраць Нацыянальнай бібліятэкі. Ілюстрацыйны каляж

«Кібэрпартызаны» абвясьцілі пра ўзлом сайту Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і прымеркавалі атаку да Дня Волі. На галоўнай старонцы сайту на кароткі час зьявілася выява з «Пагоняй» і надпісы «Жыве Беларусь». Аднак пасьля акцыі ўзьніклі праблемы.

Людзі, якія спрабавалі скарыстацца онлайн-каталёгам бібліятэкі ў апошнія дні, скардзіліся, што ён не працуе. У самой бібліятэцы паведамілі, што ў іх будынку няма інтэрнэту, а электронным каталёгам можна скарыстацца толькі на месцы. Навуковец, радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб быў адным з тых, хто крытычна выказаўся пра акцыю «Кібэрпартызанаў». Ён патлумачыў сваю пазыцыю «Радыё Свабода».

Сяргей Бесараб

— Тут жа патрэбна разумець, што «Кібэрпартызаны» — гэта ўнікальная беларуская ініцыятыва, тэхналягічнае згуртаваньне хакераў. І калі мы, навукоўцы, бачым ад іх навіны, то мы чакаем таксама тэхнічнай і навуковай справаздачы, асабліва калі ідзецца пра такія аб’екты, як бібліятэка, бо для гэтай хакерскай культуры, умоўна кажучы, а ўсякі тэхнар ці навуковец мае большае ці меншае дачыненьне да гэтай культуры, у якой веды, каталёгі, нейкія базы дадзеных — гэта найвялікшая каштоўнасьць. Што такое Нацыянальная бібліятэка? Гэта каталёг, які выкарыстоўвалі вікіпэдысты, навукоўцы, аналітыкі, журналісты. Выкарыстоўваюць людзі з-за мяжы. Нацыянальная бібліятэка і яе каталёг — гэта адзіны такі канал, які зараз працуе і дазваляе тым хто знаходзіцца за мяжой, неяк зьбіраць свае бібліяграфіі, літаратурныя агляды і гэтак далей. А калі нам абсякаюць гэта? Яшчэ раз паўтаруся, што большасьць спэцыялістаў «Кібэрпартызанаў» успрымае як тэхналягічную, а не як палітычную супольнасць.

— Прэсавая сакратарка «Кібэрпартызанаў» Юліяна Шаметавец пазьней пракамэнтавала, што цяперашнія праблемы з сайтам Нацыянальнай бібліятэкі не зьвязаныя з тым узломам. Паводле яе, калі каманда ўзломвае ўнутраныя сыстэмы, яна пра гэта абвяшчае публічна. «Сэнс акцыі, каб людзі маглі заходзіць на сайт і бачыць віншаваньні. Парушылі працу сайту лукашысты, якім гэта не падабаецца» — заявіла Шаметавец. Ці гэтае тлумачэньне зьмяніла ваша стаўленьне да акцыі?

— Я бачу тут правал публічнай камунікацыі ініцыятывы. І зноў жа ў заяве прэс-сакратаркі шмат палітычных наратываў, але няма тэхнічных. Калі вы ўзламалі ня сайт ГУБАЗіКу ці нейкага там гарвыканкаму, вы ўзламалі нацыянальную каштоўнасьць, бібліятэку, якой карыстаюцца сотні чалавек, тысячы. Мы, людзі, якія гэтай бібліятэкай і каталёгам карыстаемся, чакаем адказу нашага ўзроўню. Мы не чакаем нейкага папулізму і абвінавачаньняў. То бок тут трэба прызнаць, што «Кібэрпартызаны» страцілі час на нейкія абмеркаваньні, а калі махавік незадавальненьня пачаў раскручвацца, тады яны выйшлі і далі прэс-рэліз. Але яго трэба было даць адразу пасьля акцыі. Сказаць, што вось веды, базы для нас галоўная каштоўнасьць. Мы іх не чапалі. Мы сапсавалі загалоўную старонку, якою ўсё роўна ніхто і не карыстаецца. Але час быў страчаны, і гэтым скарысталіся лукашысты. Я бачу, што тут публічныя камунікацыі былі на вельмі невысокім узроўні.

— «Кібэрпартызаны» тлумачылі сваю акцыю тым, што Нацыянальная бібліятэка — адзін зь любімых праектаў дыктатара, што будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі пачалося на загад Лукашэнкі і фінансавалася за кошт сродкаў, якія часам прымусова зьбіралі ў насельніцтва. Ці гэты аргумэнт пераканаўчы для вас?

— Я ня ведаю, які ўзрост тых, з каго зараз складаюцца «Кібэрпартызаны». Але для мяне Нацыянальная бібліятэка — гэта проста перамешчаная ранейшая Ленінская бібліятэка, якая была на Кастрычніцкай плошчы. Усе актывы былі перавезеныя ў новы будынак. Бібліятэка — гэта веды, гэта кнігі, гэта інфармацыя, а не будынак, у якім яны захоўваюцца. І з гэтага гледзішча мяне не пераканаў гэты адказ, наадварот, ён мяне пераканаў у тым, што людзі не разумеюць, зь якімі матэрыямі працуюць. А гэта супярэчыць усёй канцэпцыі хакерскай культуры. Я б зразумеў, каб яны ўзламалі вось гэты вонкавы экран, піксэльную матрыцу, якая на паверхні, і пусьцілі туды, напрыклад, «Пагоню». Але цяпер пытаньне ў тым, што каталёг недаступны.

— Праз рэпрэсіўны рэжым у Беларусі часам акцыі звонку могуць пашкодзіць зусім ня тым, на каго яны накіраваныя. Некалькі гадоў таму пасьля таго, як на таблё ля Кастрычніцкай плошчы зьявілася выява Ціханоўскай, пацярпела фірма, якая адказвае за вонкавую рэкляму. Нядаўна адзін з блогераў даслаў міліцыянтам фота людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, створанымі пры дапамозе штучнага інтэлекту, і міліцыянты пачалі тэрмінова шукаць іх. Ведаючы, як працуюць цяпер сілавікі, нельга выключаць, што яны могуць затрымаць якога-хаця чалавека, прымусіўшы прызнацца, што ён быў са сьцягам. Якая тут этычная дылема паўстае, калі, з аднаго боку, трэба рабіць крэатыўныя акцыі супраць рэжыму, сілавікоў, а з другога боку — ахвярамі іх могуць стаць зусім не прадстаўнікі рэжыму?

— І зноў зьвяртаемся да пытаньня, як мы разглядаем ініцыятыву «Кібэрпартызанаў» — як тэхналягічную ці як палітычную? Бо калі ініцыятыва тэхналягічная, то павінна праводзіцца мадэляваньне пагрозаў, ацэнка рызыкаў. І толькі тады ўжо сама акцыя праводзіцца. Калі ж гэта ініцыятыва палітычная, то яна можа не пераймацца гэтым.

— Чаму для вас як для навукоўца агулам важны каталёг Нацыянальнай бібліятэкі?

— Таму што ён даволі прафэсійны. У Беларусі ёсьць два найбуйнейшыя каталёгі бібліяграфічных зьвестак. Іх вядуць Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа і Нацыянальная бібліятэка. Я ім карыстаўся цягам дзесяцігодзьдзяў. Каталёг Нацыянальнай бібліятэкі найбуйнейшы, гэта сапраўды нацыянальная каштоўнасьць беларусаў. Усякая спроба пашкодзіць яго ці дэфармаваць выклікае ў мяне абсалютнае абурэньне і раздражненьне. Бо забіраюць мой любімы інструмэнт, якім я карыстаўся дзесяцігодзьдзямі. І незразумела — дзеля чаго гэта робіцца? Зьмясьцілі нейкі малюначак — і тысячы чалавек згубілі доступ да бібліяграфічных зьвестак.

Ганна Соўсь, svaboda.org