Былы палітвязень і лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч у выпуску ТОКу патлумачыў сваю цвёрдую пазіцыю адносна выхавання дзяцей на беларускай мове і правіл, якіх трымаюцца ў іх сям’і.

Па словах Дашкевіча, нават у Беларусі, дзе яны з жонкай імкнуліся стварыць для сваіх дзяцей цалкам беларускамоўнае асяроддзе, «добра, калі беларуская мова займала палову ў жыцці дзіцяці». Як згадвае Зміцер, яго дзеці не ведалі рускай мовы, пакуль не пайшлі ў беларускамоўную школу.
«Беларускамоўная школа — што ў Беларусі, што тут — усе размаўляюць па-расійску. І ў бацькоў-беларусаў, якія аддаюць дзяцей у беларускамоўную школу, у многіх (не скажу, што ва ўсіх, але, на жаль, у многіх) не хапае мазгоў нават мульцік дзіцяці паставіць па-беларуску, казку прачытаць па-беларуску і гэтак далей», — са скрухай заўважае Дашкевіч і згадвае досвед уласных дзяцей.
Калі ў навучальнай групе яго сына Давіда былі сябры з пяці беларускамоўных сем’яў, якія ўсіх рускамоўных «перамолвалі», то ў дачкі Мары сітуацыя была іншая. Яна аказалася адзінай беларускамоўнай у групе, і ёй было вельмі цяжка: дзіця пастаянна збівалася на рускую мову. Настаўніца заўважала паляпшэнне толькі пасля вакацый, калі дзяўчынка пабыла дома з роднымі, бо па-за домам «яно ўсё па-расійску».
Дашкевіч заўважае, што многія беларускамоўныя сем’і не надаюць мове належнай увагі:
«Ставяць мульцік па-расійску, бабуля забрала недзе — гадуе па-расійску. І вырастае дзіця ў беларускамоўнай сям’і, а ходзіць у беларускамоўную ўстанову і з беларускамоўным настаўнікам размаўляе па-расійску».
Зміцер падкрэслівае, што гэта ўсіхная праблема: нават сярод прадстаўнікоў беларускай эліты, пісьменнікаў і культурных дзеячаў — як захаваць беларускасць дзяцей.

«Вось вам і ўвесь радыкалізм. І гэта трагедыя. (…) Таму ў гэтым свеце — у Беларусі, і можа быць цяпер у выгнанні ў многіх краінах, дзе беларушчыны няма — гэта штодзённае змаганне за беларушчыну.
У Беларусі мы заўсёды змагаліся і зараз змагаемся, каб застацца хрысціянамі, застацца беларускамоўнымі.
Гэта змаганне кожнага дня. Гэта не можна так раз — і ўсё, мы тут беларускамоўныя. Не. Калі ты не будзеш змагацца за веру і за мову, гэты свет сажрэ цябе. Ты будзеш знішчаны. А для мяне лепш не жыць, чым згадзіцца з думкай, што мае дзеці будуць знішчаныя гэтым светам. Дзеля чаго я жыў?» — даводзіць ён.
Дашкевіч заяўляе, што гатовы ахвяраваць усім і адмовіцца ад усяго, каб выканаць сваю галоўную задачу — перадаць дзецям веру і мову:
«Я пасвячу гэтаму ўсе свае сілы. І я ўсяго выракаюся, каб пасвяціць сябе гэтай галоўнай сваёй задачы: каб мае дзеці трымаліся за Ісуса Хрыста і за родную мову. І яны будуць лепшымі, чым я, і зробяць тое, што я не здолеў зрабіць, і зробяць больш».
