Дзе шукаць працу ў Польшчы беларусам у пенсійным узросце? Распавялі ва Управе працы

Сустрэча з прадстаўнікамі Управы працы Варшавы ў Цэнтры беларускай салідарнасці. Варшава, Польшча. 15 красавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Як шукаць працу ў Польшчы ў сталым узросце? Ці можа пенсіянер атрымаць дапамогу на адкрыццё сваёй справы? Якая яшчэ ёсць падтрымка ад дзяржавы для беспрацоўных? Распавялі працаўнікі Управы працы ў Варшаве падчас сустрэчы 15 красавіка, арганізаванай Цэнтрам беларускай салідарнасці. 

Чым займаецца Управа працы?

Дарадца ў працаўладкаванні асобаў у пенсійным веку Міхал Кавальскі прадставіў агульную інфармацыю пра Управу працы. Функцыі ўстановы ў нечым падобныя да беларускіх цэнтраў занятасці, але шмат у чым і адрозніваюцца. Так, напрыклад, у Польшчы не прымушаюць уладкоўвацца на прапанаваныя вакансіі, калі чалавеку яны не пасуюць.

Галоўная мэта Управы – наладжванне супрацы паміж працадаўцам і беспрацоўным, які звярнуўся па дапамогу і зарэгістраваўся ва ўправе. Тут можна знайсці спіс вакансіяў, а таксама іншыя формы падтрымкі – працоўнае навучанне, курсы, стыпендыі. Ва ўправе ёсць аддзелы, якія працуюць з людзьмі пенсійнага веку, моладдзю, беспрацоўнымі з інваліднасцю. Таксама ёсць асобны аддзел для працы з замежнікамі, які адкрыўся ў 2024 годзе.

Дарадца ў працаўладкаванні асобаў у пенсійным веку Міхал Кавальскі падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Управы працы Варшавы ў Цэнтры беларускай салідарнасці. Варшава, Польшча. 15 красавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Галоўная сядзіба Управы працы (Urząd Pracy) у Варшаве месціцца на адрасе: ul. Kasprzaka 18/20.

Працаўніца аддзелу працы з замежнікамі Руслана Кацпшак распавяла, як зарэгістравацца ва Управе. Найперш яна папярэдзіла, што апошнім часам назіраецца вялікі наплыў людзей, таму калі проста прыйсці ва Управу, у чарзе можна правесці некалькі гадзінаў. Таму лепш папярэдне запісацца на канкрэтную дату і час праз сайт Управы.

Зарэгістравацца можна ў якасці беспрацоўнага ці шукальніка працы – гэта два розныя паняткі. Чалавек, які дасягнуў пенсійнага веку, прынятага ў Польшчы (60 гадоў для жанчын і 65 – для мужчынаў), не можа быць зарэгістраваны як беспрацоўны, толькі як шукальнік працы. Асноўная розніца гэтых статусаў у колькасці падтрымкі – для беспрацоўных яе больш, у тым ліку з першага дня рэгістрацыі маецца медычная страхоўка. У шукальнікаў працы страхоўкі няма.

Зарэгістравацца можна паводле месца жыхарства (adres zamieszkania). Адрас рэгістрацыі (adres zamieldowania) не мае значэння.

Працаўніца аддзелу працы з замежнікамі Руслана Кацпшак падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Управы працы Варшавы ў Цэнтры беларускай салідарнасці. Варшава, Польшча. 15 красавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Хто лічыцца беспрацоўным?

З сабой падчас візіту ва Управу трэба мець пашпарт, карту побыту і рашэнне аб дазволе на пражыванне ў Польшчы (яно не заўсёды патрэбнае, але яго лепш мець), дыпломы ды іншыя дакументы аб адукацыі.

«Тут важна памятаць, што дыпломы, атрыманыя да 2005 года, прызнаюцца ў Польшчы без настрыфікацыі – працэдуры прызнання, бо існавала дамова паміж Польшчай і Беларуссю. Выдадзеныя пасля 2005 года трэба настрыфікаваць. І ў любым выпадку трэба зрабіць натарыяльна завераны пераклад дыплому. Апастыль неабавязковы», – растлумачыла спадарыня Руслана.

Абавязковыя для настрыфікацыі дыпломы дактароў, ветэрынараў, юрыстаў, незалежна ад года выдачы.

Управа працы можа дапамагчы з пакрыццём выдаткаў настрыфікацыі.

Калі на руках маецца працоўная кніжка з Беларусі, яе таксама можна ўзяць – яна можа мець уплыў на грашовую дапамогу, калі пацвярджае вялікі працоўны стаж. Агулам жа, каб прэтэндаваць на фінансавую падтрымку ад Управы працы, трэба адпрацаваць год за апошнія паўтара года.

«Паводле новай пастановы, прынятай у 2025 годзе, быць зарэгістраваным можна толькі ў адной управе і мець толькі адзін статус. Беспрацоўным можна быць толькі ў выпадку, калі вы не ў пенсійным веку, не вучыцеся нідзе і не маеце сталага даходу. Калі вучыцеся ці ёсць нейкі даход, можна зарэгістравацца ў якасці шукальніка працы», – зазначыла працаўніца Управы працы.

Як вучыцца за кошт Управы працы?

Ахвочыя могуць прайсці навучанне пры падтрымцы Управы працы. Можна пайсці на групавыя курсы ці вучыцца індывідуальна.

«Сёлета Управа атрымала на 40 % менш грошай на курсы. Рэч ўу тым, што летась было шмат тых, хто прыйшоў на курсы, але працаўладкаванняў у выніку было мала. Таму ў гэтым годзе абрэзалі бюджэт і цяпер мы робім акцэнт на індывідуальным навучанні», – распавяла спадарыня Руслана.

Індывідуальнае навучанне можна выбраць самастойна, але варта памятаць, што адукацыйная ўстанова, у якую вы маеце намер звярнуцца, мусіць быць зарэгістраваная ў базе паслугаў развіцця, а таксама вы мусіце абгрунтаваць, навошта вам гэтыя курсы, каб атрымаць фінансаванне.

«Найлепшае абгрунтаванне – калі вы знайшлі працадаўцу і ён выдасць вам паперу, у якой напіша, што возьме вас на працу пасля навучання хаця б на 90 дзён, ці калі вы засведчыце, што маеце намер адкрыць індывідуальнае прадпрымальніцтва. Тут трэба памятаць пра такі нюанс – сама школа, у якой вы збіраецеся вучыцца, не можа вам даць гарантыі працаўладкавання, гэта мусіць быць іншая фірма. Таксама, калі гэта групавыя курсы, важна ведаць мову. Для індывідуальнага навучання вы можаце выбіраць курсы на любой мове», – патлумачыла прадстаўніца Управы працы.

Пасля падачы заяўкі цягам 30 дзён Управа працы адкажа, прафінансуе вам навучанне ці не. Сумы могуць быць рознымі, у тым ліку і даволі вялікімі. Але калі кошт будзе вышэйшым за 12 тысячаў злотых, пытанне будзе разглядаць дырэктар управы і можа папрасіць вас абгрунтаваць, навошта вам патрэбнае менавіта такое дарагое навучанне.

Курсы кіроўцаў і польскай мовы

Кожная ўправа працы, са словаў Русланы Кацпшак, самастойна распрацоўвае план паслуг, таму ў іх могуць быць розныя курсы і іх колькасць.

Так, у галоўнай Управе працы ў Варшаве цяпер можна пайсці вучыцца на пасведчанне кіроўцы катэгорыяў С і D. Умовы – наяўнасць польскага пасведчання кіроўцы катэгорыі В і веданне польскай мовы на ўзроўні хаця б В1.

Таксама пры Управе можна вывучаць польскую мову на ўзроўні А2.

Калі падчас навучання на курсах вы знаходзіце працу, то можаце спыніць навучанне ці працягнуць яго, калі будзе дазваляць расклад. Але ў такім выпадку вам перастануць плаціць стыпендыю. Калі ж вы проста перадумаеце вучыцца праз некаторы час пасля наведвання заняткаў, вам давядзецца вярнуць за іх грошы, а таксама выплачаную вам за гэты час стыпендыю.

Пайсці на курсы могуць як беспрацоўныя, так і зарэгістраваныя ў якасці шукальнікаў працы.

Сустрэча з прадстаўнікамі Управы працы Варшавы ў Цэнтры беларускай салідарнасці. Варшава, Польшча. 15 красавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Дзе шукаць вакансіі?

Усе вакансіі, якія прапаноўвае Управа працы, можна знайсці на яе інтэрнэт-старонцы.

«Імі могуць карыстацца абсалютна ўсе ахвочыя – дзеля гэтага неабавязкова рэгістравацца ў якасці беспрацоўнага. Калі вы бачыце ў вакансіі на сайце кантакты, вы можаце смела звязвацца з працадаўцам, – тлумачыць спадарыня Руслана. – У некаторых вакансіях пазначана, што трэба звязацца з Управаю – гэта значыць, што кантактныя звесткі мы можам даць толькі зарэгістраваным у нас. Але такіх прапановаў працы мала, большасць – адкрытыя, наконт іх можна смела тэлефанаваць і адпраўляць рэзюмэ».

У Польшчы цэнтры занятасці даюць яшчэ адну цікавую магчымасць – даплату да заробку для беспрацоўных і шукальнікаў працы ва ўзросце 50+. Сутнасць прапановы ў тым, што частку заробку ці пэўныя сацыяльныя ўнёскі за працаўніка плаціць дзяржава з бюджэту. Гэта выгадна для працадаўцы, бо змяншае фінансавую нагрузку, зазначае прадстаўніца Управы працы. Заяўку на такую форму падтрымкі можа падаваць працадаўца.

Яшчэ адна форма падтрымкі, выгадная для працадаўцы – даплата за новае працоўнае месца.

«Калі фірма збіраецца ўзяць вас на працу і стварыць дзеля гэтага новае працоўнае месца, яна можа звярнуцца ва Управу працы з заявай на дафінансаванне», – зазначае спадарыня Руслана.

Акрамя таго, у польскіх цэнтрах занятасці ёсць дарадцы ў працаўладкаванні. Да іх могуць звяртацца ўсе ахвочыя, не толькі зарэгістраваныя. Дарадца правядзе размову, тэсты, ацэніць вашае рэзюмэ, падкажа, што паправіць, дзе лепш шукаць працу ці навучанне, неабходнае для падвышэння кваліфікацыі.

Сустрэча з прадстаўнікамі Управы працы Варшавы ў Цэнтры беларускай салідарнасці. Варшава, Польшча. 15 красавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Дапамога на ўласную справу

Управа працы ў Варшаве і Цэнтр міжпакаленчай актыўнасці «Офіс сталай прафесійнай адукацыі» рэалізуюць супольны праект для падтрымкі асобаў у пенсійным веку. Праект збірае прапановы ад працадаўцаў менавіта для тых, хто ўжо дасягнуў пенсійнага веку. Акрамя таго, у рамках праекту праводзяцца майстар-класы для стварэння рэзюмэ.

«Гэта вельмі практычныя майстар-класы – там не толькі даюць парады, але ўдзельнікі выходзяць з цалкам гатовымі рэзюмэ, якія можна рассылаць працадаўцам. Праектам могуць скарыстацца ўсе ахвочыя, у тым ліку незарэгістраваныя ва Управе працы», – зазначыў Міхал Кавальскі.

Яшчэ адна істотная форма падтрымкі – фінансаванне на ўласную справу. Скарыстацца ёй могуць толькі зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных. Разам з заяўкай трэба паказаць бізнес-план, умову арэнды памяшкання для вашай фірмы, знайсці паручальнікаў.

Сустрэча з прадстаўнікамі Управы працы Варшавы ў Цэнтры беларускай салідарнасці. Варшава, Польшча. 15 красавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Шмат чаго трэба мець, але гэта магчыма. У гэтым студзені тры замежнікі ў веку пасля 50 атрымалі дафінансаванне для сваёй гаспадарчай дзейнасці», – падкрэсліла Руслана Кацпшак.

Беспрацоўны ў Варшаве можа атрымаць на адкрыццё ўласнай дзейнасці да 55 186 злотых (больш за 15 300 долараў).

Ганна Ганчар, belsat.eu