
З 11 па 17 траўня пройдуць выбары ў Каардынацыйную раду – прадстаўнічы орган беларускіх дэмакратычных сілаў. Напярэдадні галасавання тэлеканал «Белсат» распачаў серыю адмысловых эфіраў, мэта якіх – пазнаёміць выбарцаў з праграмамі і прадстаўнікамі ўсіх дзевяці спісаў, што змагаюцца за месцы ў КР. Вось пра што казалі ў студыі прадстаўнікі спісаў руху «Воля», «Наступ» і «Закон і правапарадак».
Удзельнікі дэбатаў
15 красавіка гасцямі студыі «Белсату» ў рамках спецпраекту, прысвечанага выбарам у Каардынацыйную раду, сталі Генадзь Манько (спіс № 4, рух «Воля»), Лізавета Пракопчык (спіс № 6, «Наступ») і Сяргей Макар (спіс № 7, «Закон і правапарадак»). Удзельнікі прадставілі свае праграмы і задалі перакрыжаваныя пытанні адно аднаму. Цікава, што падчас дыскусіі спікеры прадэманстравалі хутчэй паразуменне і гатовасць да супрацы, чым жаданне спрачацца.
Напрыклад, высветлілася, што праграмы спісаў руху «Воля» і «Закон і правапарадак» супадаюць у 16 пунктах, што, зазаначаюць удзельнікі, стварае добрую глебу для супольнай працы. У выніку глядацкага галасавання найбольш пераканаўчым быў прызнаны выступ Лізаветы Пракопчык (58 %), следам ідуць Сяргей Макар (23 %) і Генадзь Манько (19 %).
Ніжэй мы сабралі галоўныя тэзісы з выступаў кандыдатаў падчас прэзентацыі іх выбарчых спісаў, а таксама іх адказы на пытанні.
Рух «Воля»: Быць, а не здавацца
Прадстаўнік спісу № 4 руху «Воля» Генадзь Манько ў прэзентацыі праграмы заявіў, што галоўная мэта руху – дзейнічаць і дасягаць вызвалення краіны ад рэжыму Лукашэнкі і расейскага ўплыву, захоўваючы беларускую ідэнтычнасць.
«Галоўнае – быць, а не здавацца. Нам не патрэбныя вонкавыя атрыбуты наогул і прыгожыя малюнкі, якія не адпавядаюць рэальнасці. […] Адна мэта – гэта вызваленне Беларусі, свабодная незалежная Беларусь, беларуская Беларусь – незалежна ад таго, што я зараз гавару па-расейску, 100 % нашага калектыву размаўляюць па-беларуску», – сказаў Генадзь Манько.
Ён падкрэсліў, што ў каманду руху «Воля» ўваходзяць самыя розныя людзі з рэальным досведам кіравання і стварэння праектаў.
«У нас на сённяшні дзень склаўся вельмі шырокі дыяпазон людзей, якія прадстаўляюць розныя напрамкі, розныя рухі […] Нашы людзі настолькі розныя – сярод нас ёсць людзі, якія ад простых прадпрымальнікаў выраслі да прадпрымальнікаў, якія кіравалі працэсамі, дзе працоўныя калектывы складалі сотні людзей, мелі некалькі фабрык. Сярод нас людзі, якія ўжо цяпер, у выгнанні, змаглі пабудаваць школы…» – характарызуе ўдзельнікаў спісу Генадзь Манько.
«Наступ»: набліжэнне пазітыўных зменаў
Лізавета Пракопчык (спіс № 6 «Наступ») адзначыла, што прадстаўнікі спісу выступаюць за набліжэнне зменаў шляхам рэальнай палітыкі, за канкрэтныя дзеянні і рэальныя палітычныя крокі, а не за гучныя заявы і «палітыку дзеля палітыкі».
«Галоўная мэта, чаму я ўдзельнічаю агулам у дэмакратычным руху і чаму “Наступ” удзельнічае ў дэмакратычным руху – гэта набліжэнне зменаў. І зменаў пажадана пазітыўных, і пажадана, каб гэтыя змены былі дасягнутыя ўсё ж такі праз дзеянне, а не праз простае чаканне. […] Праграма “Наступу” і галоўнае, на чым яна будуецца, – гэта прытрымка ідэі рэальнай палітыкі. Не палітыкі нейкіх гучных заяваў і не палітыкі дзеля палітыкі», – падкрэсліла Пракопчык.
Спікерка адзначыла, што ўплыў на жыццё беларусаў праз КР адбываецца ўжо цяпер. Яна прывяла прыклады паспяховай працы дэмакратычных сілаў і фракцыяў КР у паляпшэнні ўмоваў жыцця і легалізацыі беларусаў у эміграцыі.
«Мы лічым, што КР можа моцна ўплываць на сённяшні стан дэмакратычнага руху, на сённяшні стан беларусаў агулам – як у выгнанні, так і ў Беларусі. Для гэтага ёсць простыя прыклады, ёсць прыклад дзейнасці “Наступу”, які – як бы агулам 8 чалавек – змагаўся з польскім бюракратычным апаратам за тое, каб палепшыць жыццё беларусаў падчас змены заканадаўства аб іншаземцах», – адзначыла Лізавета Пракопчык, прывёўшы таксама прыклады іншых фракцыяў, якія дасягалі пазітыўных пастановаў, што палягчалі залагоджванне некаторых бюракратычных справаў беларусам у замежжы.
«Закон і правапарадак»: гонар, справядлівасць, рэспубліка
Сяргей Макар адзначыў, што галоўнай мэтай удзельнікаў спісу № 7 «Закон і правапарадак», які ён прадстаўляе, ёсць вяртанне прававой дзяржавы і ліквідацыя наступстваў узурпацыі ўлады. Спіс, які складаецца з былых сілавікоў і актывістаў, ставіць за мэту аднаўленне суверэнітэту і дэмантаж дыктатуры, заявіў выступоўца.
«Наш фундамент – гонар, справядлівасць, рэспубліка. Мы – афіцэры і грамадзянскія актывісты. Верныя прысязе народу Беларусі, а не рэжыму, які гвалтоўна ўтрымлівае ўладу, мы аб’ядналіся, каб вярнуць у нашую краіну закон, годнасць і бяспеку. Галоўная мэта – гэта вяртанне прававой дзяржавы. […] Наш прыярытэт – ліквідацыя наступстваў гвалтоўнага захопу ўлады шляхам чарговай фальсіфікацыі выбараў 2020 году і аднаўленне суверэнітэту Беларусі», – адзначыў Сяргей Макар.
«Закон і правапарадак» прапануе праводзіць сістэмныя змены і рэформу сілавога блоку ў краіне, каб ператварыць міліцыю з карнага органу ў сэрвісны. Удзельнікі спісу, як адзначыў Сяргей Макар, таксама выступаюць за парламенцкую рэспубліку.
«Рэформа сілавога блоку, ад карнікаў да абаронцаў. Мы ведаем, як уладкаваная сістэма, і ведаем, як яе выправіць. Дэпалітызацыя, грамадзянскі кантроль, празрысты бюджэт. Сэрвіс, а не гвалт, трансфармацыя МУС. Дзяржаўнае ўладкаванне – улада пад кантролем. Мы выступаем за сістэмныя змены, якія выключаюць з’яўленне новага дыктатара… Парламенцкая рэспубліка, змяняльнасць і падсправаздачнасць лідара», – адзначыў Сяргей Макар, дадаўшы, што адным з прыярытэтаў таксама ёсць і рэформа Каардынацыйнай рады.

Беларуская вызвольная армія
Адказваючы на пытанне вядоўцы студыі пра стварэнне беларускай вызвольнай арміі, што стаіць першым пунктам у праграме спісу, Генадзь Манько падкрэсліў, што аснову іх спісу складаюць байцы палка Каліноўскага, і КР мусіць стаць пляцоўкай для данясення да Еўропы, якая адчувае дэфіцыт кадраў, ідэі пра неабходнасць узбраення беларускіх добраахвотнікаў.
«Наш асноўны касцяк складаюць якраз былыя і дзейныя байцы палка Кастуся Каліноўскага. […] Каардынацыйная рада – гэта тая пляцоўка, якая на сённяшні дзень, з улікам яе прызнання ў пэўных структурах еўрапейскіх і Сейме Польшчы, дае магчымасць данесці нашу інфармацыю. На сённяшні дзень склалася такая сітуацыя ў Еўразвязе… узнік вялікі вельмі правал адносна тых людзей, якія гатовыя са зброяй у руках абараняць на момант агрэсіі сваю радзіму. […] У Еўропе правал з асабовым складам, і мы можам гэта выкарыстаць. […] 800 мільярдаў вылучыла Еўропа на ўзбраенне цяпер. То бок цалкам ідзе перапланаванне. І я думаю, што гэтая тэма будзе актуальная найбліжэйшыя год-два…» – адзначае Генадзь Манько.
Вяртанне беларусаў дадому
Прадстаўнікі спісу № 6 «Наступ» дэкларуюць, што адной з мэтаў яны ставяць права беларусаў жыць у сябе ўдома. На пытанне вядоўцы, наколькі гэтая мэта дасягальная, прадстаўніца спісу Лізавета Пракопчык прызнала, што ў гэтым ёсць вялікая доля амбіцыйнасці, і падкрэсліла важнасць дыпламатычных захадаў і адказнасці дэмакратычных сілаў за паляпшэнне жыцця беларусаў у эміграцыі як першага кроку.
«Вядома, мэта вельмі амбіцыйная, мы гэта даволі шчыра прызнаём, і мы не ўпэўненыя, што зможам яе дасягнуць да канца гэтай кадэнцыі, за два гады, але мы будзем дакладна прыкладаць усе намаганні. […] Так, можа, цяпер дэмакратычныя сілы больш працуюць на тое, каб палепшыць жыццё беларусаў у замежжы, але гэта робіцца якраз проста як частка палітычнай адказнасці за тую сітуацыю, якая склалася для тых шматлікіх беларусаў, якія пайшлі за намі ў 2020 годзе. І мы праўда хочам палепшыць умовы іх перабывання тут, таму што вось бачым, што гэта частка нашай адказнасці», – адказала Пракопчык.
Паказваць беларусам перавагі жыцця паводле закону
Адказваючы на пытанне пра тое, як праз Каардынацыйную раду можна адбудаваць прававую дзяржаву, прыцягнуць рэжым да адказнасці за злачынствы, Сяргей Макар адзначыў, што КР праз сваіх легітымных прадстаўнікоў можа на міжнароднай арэне спрыяць вяртанню Беларусі ў прававое рэчышча і паказваць беларусам перавагі жыцця паводле закону.
«Мы [людзі], каторыя аддалі службе па 19, па 18 гадоў, па 15 гадоў некаторыя, мы разумеем, што такое закон. І як важна захоўваць гэты закон. […] Каардынацыйная рада непасрэдна спрыяе рэалізацыі гэтага. Бо людзі, выбраныя народам, прадстаўляюць свайго выбарніка. Яны могуць прадстаўляць свайго выбарніка на міжнароднай арэне ў іншых дзяржавах. Цяпер ёсць добрыя кантакты ў Літве, Польшчы, у іншых дзяржавах, таму Каардынацыйная рада будзе непасрэдна пазітыўна ўплываць на тое, каб мы дабіліся выканання нашай галоўнай мэты…» – адзначае Сяргей Макар.
