Кнігу “Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы (1918-1940)” прэзентавалі ў Вільні

“Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы (1918-1940)” – прэзентацыя кнігі доктара гісторыі, выкладчыка ўніверсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўне Томаша Блашчака прайшла ў Вільні. 15 красавіка яе прадставіў аўтар разам з выдаўцом Валерам Булгакавым у Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча.

Валер Булгакаў

Паводле выдаўца кнігі Валера Булгакава, гэтая кніга выйшла ў вельмі цяжкіх варунках, у ёй шмат мапаў, фотаздымкаў, дакументаў, але ён адзначыў і тое, чаго там няма:

– Няма міфалогіі, няма неразумных жмудзінаў і нейкіх велічных беларусаў, няма апалагідызацыі ўдзельнікаў беларускага нацыянальнага руху першай паловы ХХ стагоддзя. Ёсць жывыя людзі, ёсць дэталёвая прыдзірлівая карціна падзеяў, якія адбываліся, ёсць агромністае майстэрства працы ў архівах, ёсць каласальна новыя веды.

Томаш Блашчак

У кнізе на аснове шырокага кола крыніц падрабязна даследуюцца беларуска-літоўскія адносіны як падчас барацьбы за стварэнне незалежнай Літвы і Беларусі, так і ў міжваенны перыяд. Кажа аўтар кнігі Томаш Блашчак:

– Кніга карысная, бо гэта, спадзяюся, тэкст, які добра чытаецца, які добра адрэдагаваны і які цікавы для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй беларусаў і Беларусі.

Падчас прэзентацыі аўтар і выдавец распавялі шмат гісторый – вытрымак з кнігі з жыцця беларускай супольнасці 1918-1940-ых гадоў і адказалі на пытанні прысутных. Пасля адбылася афтограф-сесія.

racyja.com