У Літве апублікавалі шэраг архіўных спраў з фотаздымкамі Яна Булгака, ёсьць там і крыпта з Катэдральнага касьцёлу Вільні

Здымак з пахавальні ў Катэдральным касьцёле Вільні, зроблены паміж 1931 і 1937 гадамі. Аўтар Ян Булгак

Унікальныя матэрыялы ў адкрытым доступе могуць дапамагчы і беларускім дасьледнікам.

Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў выклаў 236 спраў з фонду «Віленскае таварыства сяброў навук», заўважыў канал ArchiDucatus: Вільня|Vilna.

Сярод апублікаваных — фатаграфіі Яна Булгака, на якіх зафіксаваныя міжваенныя археалягічныя раскопкі крыпты каралёў у Катэдральным саборы і парэшткі манархаў.

Адна з сэрый здымкаў падпісаная як «Фота руінаў Віленскага катэдральнага касьцёлу, базылікі, крыптаў каралёў: Аляксандра Ягелончыка, Барбары Радзівіл і іншых, падзямельляў і іншых да ачысткі ад апалай вапны, у час работ і пасьля рэстаўрацыі».

Ян Булгак — вядомы беларускі і польскі фотамастак і этнограф ХІХ і ХХ стст., паходзіў з Наваградчыны. Вядомы ня толькі як майстар краязнаўчай фатаграфіі, але і як пэдагог, бібліёграф, фальклярыст, гісторык мастацтваў, першы беларускі гісторык фатаграфіі. Ён аўтар дзясяткаў артыкулаў пра беларускі фальклёр і краязнаўства («Экскурсіі на Свіцязь», 1910; «Велікодныя песьні на Меншчыне (валачобнікі)», 1911 і інш.), працаў пра мастака Фэрдынанда Рушчыца, дасьледаваньняў і падручнікаў па эстэтыцы і тэхніцы фатаграфіі. Яму належыць адмысловая праца «Пра першых віленскіх фатографаў з XIX стагодзьдзя» (1939) і кніга ўспамінаў «Край дзіцячых гадоў», у якой адлюстравана жыцьцё Наваградчыны канца XIX — пачатку XX ст.

Творчасьць Яна Булгака паўплывала на разьвіцьцё мастацкай фатаграфіі Беларусі, Польшчы і Літвы.

У склепе Катэдральнага касьцёлу

Тэма крыптаў Катэдральнага касьцёлу абвастрылася ў красавіку 2026 году, пасьля таго, як Саўлюс Подзярыс, які раней займаўся пошукам каралеўскіх інсыгніяў у Катэдры, паведаміў публічна, што парэшткі вялікага князя літоўскага Вітаўта маглі быць выяўленыя яшчэ ў 1931 годзе ў віленскай Архікатэдры і ляжалі ў адной крыпце разам з парэшткамі князя Аляксандра Ягелончыка.

Паводле яго, парэшткі Вітаўта, імаверна, і цяпер знаходзяцца ў сталічнай сьвятыні.

«Мы ўжо вызначылі месца, дзе можа знаходзіцца гэты шкілет. Патрэбная толькі палітычная воля, дазволы і ўсе неабходныя працэдуры — і яго можна знайсьці», — адзначыў дасьледнік.

Подзярыс сьцьвярджае, што існуюць абгрунтаваныя падазрэньні: у 1931 годзе, пасьля вялікай вясновай паводкі, у Катэдры былі знойдзеныя чатыры каралеўскія пахаваньні — Аляксандра Ягайлавіча, Альжбеты Габсбуржанкі, Барбары Радзівілянкі і Вітаўта Вялікага.

У архівах дасьледнік знайшоў дакумэнты, якія сьведчаць, што у той час плянавалася паставіць саркафагі для чатырох асобаў, але ўладам Польшчы, у склад якой тады ўваходзіла Вільня, паведамілі толькі пра тры знойдзеныя пахаваньні. Яшчэ ў 1806 годзе пралат Катэдры Францішак Ксавэры Богуш пісаў у лісьце, што ў крыпце Аляксандра пахаваны таксама і Вітаўт, аднак паказаць гэтае месца яму не змаглі.

Гіпотэзу пра чатыры пахаваньні пацьвярджаюць нэгатывы, якія Подзярыс знайшоў у архіве ў Гданьску. На іх зафіксаваны рамонт Катэдры і будаўніцтва каралеўскага маўзалею. На адным здымку бачны тры шкілеты, на іншым — чатыры.

svaboda.org