Аляксандр Паршанкоў: Гэта проста фабрыка абмену закладнікаў

Аляксандр Паршанкоў. Фота Вольгі Шутавай

На волю выходзіць 10, а саджаюць за краты – 20. Так складаецца ў Беларусі сёння сітуацыя з гандлем палітвязнямі і ў цэлым з узроўнем рэпрэсіяў.

Гэта проста фабрыка абмену закладнікаў рэжыму, – адзначыў чалец камісіі па адукацыі Каардынацыйнай Рады з фракцыі “Наша справа” Аляксандр Паршанкоў:

– Мы бачам, што кожны раз нейкія новыя захады. То вывозяць без пашпартоў, то вывозяць з пашпартамі, пасля гэтыя пашпарты анулююць. Нешта такое незразумелае адбываецца, нармальнай чалавечай логікай немагчыма проста ўспрыняць.

Станам на сёння, 23 красавіка, як паведамляецца на старонцы праваабарочнага цэнтру “Вясна”, у Беларусі застаецца 839 палітвязняў. “Большая частка гэтых людзей трапіла пад палітычна матываваны крымінальны пераслед у сувязі з падзеямі, якія разгарнуліся падчас і пасля кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе, – паведамляюць праваабаронцы.

racyja.com