
Польскія ўлады сцвярджаюць, што эфектыўнасць затрыманняў і прадухілення незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы дасягнула 100%. Такіх спроб за ўвесь 2026 год было менш за 100.
Нягледзячы на сцяну і пастаянны кантроль з боку вайскоўцаў, некаторым мігрантам усё яшчэ ўдаецца перайсці мяжу. Гэтыя выпадкі не трапляюць у статыстыку польскай Памежнай службы.
Паводле справаздачы польскіх валанцёраў, у 2025 годзе на польска-беларускай мяжы 3164 чалавекі папрасілі дапамогі (яе ўдалося аказаць 819 людзям, сярод іх 23 жанчыны і 65 дзяцей, з якіх 56 падарожнічалі без суправаджэння).
“400 чалавек падвергліся гвалту з боку польскіх службаў. 487 чалавек — з боку беларускіх службаў. 200 чалавек сутыкнуліся з гвалтам па абодва бакі мяжы”, — гаворыцца ў справаздачы. Таксама зафіксавана, што мясцовыя падляшскія бальніцы прынялі як мінімум 118 пацыентаў, якім спатрэбілася шпіталізацыя пасля перасячэння мяжы.
Пра тое, як выглядае сітуацыя на мяжы, «Еўрарадыё» пагаварыла з Аляксандрай Хжаноўскай з Асацыяцыі юрыдычнай дапамогі і валанцёрскай арганізацыі Grupa Granica.
“Людзі ў Беларусі ўсё яшчэ ёсць”
— Крызіс на польска-беларускай мяжы працягваецца ўжо з 2021 года. Ці заўважылі вы нейкія змены менавіта за апошні год або паўгода? Як можна ахарактарызаваць тое, што адбываецца на мяжы цяпер?
— Тое, што мы назіраем, — гэта, безумоўна, значнае зніжэнне руху праз польскі ўчастак мяжы з Беларуссю, і адначасова значны рост руху праз участкі з Літвой і Латвіяй, асабліва з Латвіяй.
Ужо некалькі месяцаў мы назіраем паступовае зняцце санкцый з рэжыму Лукашэнкі. Спачатку гэта было адкрыццё двух закрытых на працягу некалькіх гадоў памежных пераходаў паміж Польшчай і Беларуссю — у Баброўніках і Кузніцы [закрыццё пунктаў пропуску было звязана не з санкцыямі, а з інструменталізаванай міграцыяй. — Еўрарадыё]. Цяпер — паступовае зняцце амерыканскіх санкцый і ў цэлым “раман” Трампа з Лукашэнкам.
Мы бачым, што альбо сам Лукашэнка перастаў цікавіцца міграцыйным рухам, альбо ёсць нейкая дамоўленасць з Польшчай, якой няма з Літвой і Латвіяй, дзе ён захоўваецца.
Але ўсё ідзе сваім ходам. Нашы назіранні і назіранні арганізацый, якія займаюцца міграцыяй, паказваюць, што аднойчы пракладзены і адкрыты міграцыйны маршрут не знікае.
Безумоўна, геапалітычныя пытанні маюць значэнне, таму такі маршрут або вельмі актыўны, або міграцыя “прасочваецца” паступова, або ідзе вельмі вузкім шляхам, або разгаліноўваецца.
На працягу гэтых амаль пяці гадоў мы назіралі зменлівасць гэтай дынамікі ў залежнасці ад розных падзей. Аднак я б сказала, што гэта хутчэй рашэнні на карысць Лукашэнкі.

Бо ў нашага ўрада ёсць тэндэнцыя трубіць пра поспех і казаць, што гэта мы паўплывалі на значнае скарачэнне гэтага руху, бо паставілі агароджу, бо ўмацоўваем яе, бо ўвялі зону, дзе забаронена знаходзіцца. Апошнім часам іх “песня” такая: мы абмежавалі, прыпынілі права на падачу на прытулак на мяжы з Беларуссю, і людзі перасталі прыязджаць.
Гэта няпраўда. Людзі [мігранты з іншых краін. — Еўрарадыё] у Беларусі ўсё яшчэ ёсць.
Мы ведаем пра драматычныя сітуацыі — пра людзей, дэпартаваных Беларуссю ў краіны, дзе ім пагражаюць пераследы. Пра людзей, змешчаных там у турмы, пра нованароджаных, якіх адбіраюць у жанчын, што нараджаюць там: гэтыя немаўляты трапляюць у прытулкі, а жанчын дэпартуюць у такія краіны, як Эрытрэя, Самалі або Судан.
Сцяна на мяжы адыгрывае вялікую ролю. І цяпер сапраўды практычна немагчыма перайсці яе менавіта людзям з асабліва ўразлівых груп — тым самым, каму цяперашні ўрад Дональда Туска быў гатовы дапамагаць.
У той жа час для добра арганізаваных груп моцных людзей — ці то з дапамогай кантрабандыстаў, ці то пры падтрымцы беларускага рэжыму (якой апошнім часам мы не назіраем) — гэта ўсё яшчэ магчымы шлях.
Да нас звяртаецца па дапамогу значна менш людзей, але мы бачым аблавы ў непасрэднай блізкасці ад мяжы. Там размешчаны войскі, якіх не было б, калі б не было спроб перасячэння.
Так што гэта няпраўда, што спроб няма і нікому не ўдаецца перасекчы мяжу — проста маштаб значна меншы. Верагодна, менавіта таму, што гэта больш не падтрымліваецца беларускім рэжымам. Пытанне ў тым, як доўга будзе працягвацца гэтая сітуацыя.
— Я так разумею, што тыя людзі, якім удаецца самастойна перайсці мяжу, не трапляюць у польскую статыстыку, якую публікуе Памежная служба?
— Не, прынамсі, дакладна не ў тую статыстыку, якая абнародуецца. Мне цяжка сказаць, ці вядзецца нейкая сакрэтная статыстыка.

Адзіныя даныя, якія паведамляе Памежная служба, — гэта спробы незаконнага перасячэння мяжы. Да таго ж спробы — гэта не колькасць людзей, праўда? Бо адзін чалавек можа спрабаваць 2 разы, 15 разоў, 70 разоў.
У папярэднія гады Памежная служба біла трывогу, што так шмат людзей спрабуе прарвацца. У 2024 ці 2025 годзе служба ў выніку адрапартавала пра прыкладна 30 000 спроб перасячэння. Гэтыя лічбы трэба дзяліць як мінімум на два, а можа на чатыры ці нават больш.
Мы гэтага не ведаем, бо ў нас няма незалежных даных. Але гэта ніколі не былі велізарныя натоўпы, якія спрабуюць трапіць у Еўропу праз гэтую мяжу.
Паводле нашых назіранняў (і Памежнай службы), большасць людзей, якія ідуць гэтым маршрутам, — выхадцы з краін, ахопленых войнамі або рэпрэсіямі: Сірыя, Емен, Афганістан, Самалі, Судан, Эрытрэя, Эфіопія. Раней гэтыя краіны ўваходзілі ва ўнутраны спіс Памежнай службы, з якога людзей не дэпартавалі, паколькі лічылася, што яны маюць патрэбу ў міжнароднай абароне.
Аднак у сярэдзіне 2025 года гэтыя краіны былі выключаны са спісу тых, адкуль не дэпартуюць. Гэтае рашэнне не звязана з паляпшэннем сітуацыі — умовы там застаюцца небяспечнымі.
У выніку з’явілася магчымасць не толькі адмаўляць у прыёме заяў на абарону, але і паскорана выносіць рашэнні аб дэпартацыі і вяртаць людзей назад.
— Калі казаць пра юрыдычны аспект. Наколькі лёгка людзям, якія перасеклі мяжу, прасіць міжнародную абарону ў Польшчы (калі яны застаюцца ў Польшчы), і колькі людзей прымае рашэнне застацца тут і легалізавацца?
— З таго часу як 27 сакавіка 2025 года ўрад Туска прыпыніў права на зварот па абарону на мяжы з Беларуссю, гэта ўвогуле немагчыма.
Спачатку абмежаванні датычыліся памежнай зоны, але нават тым, хто прабраўся далей і каго ўдавалася абараніць ад выдварэння праз Еўрапейскі суд па правах чалавека, не дазвалялі падаць заяву. Памежная служба ініцыявала працэдуры вяртання і змяшчала людзей у закрытыя цэнтры, дзе толькі праз пэўны час у іх з’яўлялася магчымасць звярнуцца па абарону.
Пазней трактоўка “межы з Беларуссю” была пашырана на ўсю тэрыторыю Польшчы: сам факт перасячэння гэтай мяжы стаў падставай для адмовы ў прыёме заявы незалежна ад месца знаходжання чалавека.
Гэта быў вельмі выразны сігнал гэтым людзям, што Польшча перастала быць першай бяспечнай краінай ЕС на іх шляху. Людзі, а таксама і перавозчыкі, вельмі хутка гэта зразумелі. Раптам высветлілася, што яшчэ адзін участак шляху трэба пераадольваць насуперак правілам. І гэта не рашэнне гэтых людзей і не іх віна, а вынік менавіта такой, а не іншай памежнай палітыкі польскага ўрада.
Што да таго, ці хочуць людзі тут заставацца — на гэтае пытанне няма простага адказу. Вядома, частка людзей з самага пачатку плануе трапіць у іншую краіну ЕС, каб уз’яднацца з сям’ёй або супольнасцю. Але людзі не заўсёды ведаюць пра Дублінскі рэгламент, згодна з якім падаваць заяву можна толькі ў першай краіне ЕС, у якую ты прыбыў.
Але ёсць і тыя (і я сустракала такіх у лесе нямала), хто казаў іншае. Напрыклад: “Мне ўсё адно, куды я траплю. Я проста шукаю бяспечнае месца”.

На жаль, Польшча не з’яўляецца такой бяспечнай краінай, і насамрэч яна не была ні бяспечнай, ні дружалюбнай нават да прыпынення права на прытулак.
Мы чулі мноства гісторый. Адна справа — гэта неверагодны гвалт, з якім людзі сутыкаліся тут, на памежжы, не толькі з боку Беларусі, але і з боку польскіх сілавікоў — салдат або памежнікаў.
Мігранты называлі гэта “пінг-понгам”. І тыя, хто сутыкнуўся тут з такім прыёмам, часта ўжо не адчувалі сябе ў бяспецы і не хацелі тут заставацца.
Часам, нягледзячы на перажытае, яны ўсё ж спрабавалі будаваць тут жыццё, але на кожным кроку ад памежнікаў і чыноўнікаў чулі: “Мы не хочам цябе тут, з’язджай адсюль. Польшча цябе не хоча”.
“Адчуванне бяссілля — самае цяжкае”
— А што да вашай працы, я памятаю пік крызісу ў 2021 годзе, калі ўсё пачалося і былі сапраўды вялікія групы людзей — як цяжка было працаваць валанцёрам і журналістам. Ці змянілася гэта цяпер у параўнанні з тым часам?
— Тут дынаміка таксама пастаянна змяняецца. Гуманітарная дапамога абсалютна законная, але яе крыміналізуюць. Час ад часу робяцца спробы запалохаць нас, адбіць жаданне дзейнічаць.
Бываюць перыяды, калі нас пастаянна правяраюць памежнікі, а ў медыйнай прасторы пастаянна паўтараюць, што мы кантрабандысты, памагатыя кантрабандыстаў або, у лепшым выпадку, “карысныя ідыёты” Лукашэнкі.
Гэта не так часта выліваецца ў рэальныя судовыя працэсы, але ўсё ж больш за дзесяць чалавек паўсталі перад судом.
Бываюць сітуацыі, калі праз аказанне гуманітарнай дапамогі вяліся шматмесячныя, а часам і шматгадовыя працэсы (як у выпадку са знакамітай “пяцёркай з Гайнаўкі”) — альбо па абвінавачанні ў кантрабандзе, альбо ў садзейнічанні незаконнаму знаходжанню.
Так што ты ніколі не ведаеш, чаго чакаць. Калі вырашаеш аказваць дапамогу ў лесе, трэба проста лічыцца з тым, што ў самы нечаканы і абсурдны момант табе могуць прад’явіць абвінавачанні.
— Па вашым меркаванні, што самае складанае ў гуманітарнай працы на месцы?
— Адчуванне бяссілля — самае складанае. Адзінае, што мы можам зрабіць цяпер, калі хтосьці просіць дапамогі, — гэта прынесці ежу, ваду, адзенне. І мы вымушаны пакідаць гэтых людзей у лесе, каб яны далей спраўляліся самі.
Памятаю ў мінулым годзе маладога афганца. Ён расказаў сваю гісторыю ўдзелу ў дэмакратычным руху, праз што яго пераследавалі, і казаў: “Я ведаю, што не магу прасіць абароны, я нават не прашу вас аб дапамозе ў гэтым, бо ведаю, што нельга. Але растлумачце мне, чаму і як гэта магчыма, бо Польшча — краіна Еўрасаюза”. І я не магу яму гэтага растлумачыць.
— Чым яшчэ яны дзеляцца з вамі?
— Гэта вельмі розныя і часта страшныя гісторыі. Самае жудаснае — неймаверны гвалт на кожным кроку: з боку кантрабандыстаў і з боку службаў розных краін.
Спачатку мы чулі пра гвалт у асноўным з беларускага боку: збіццё, удары токам, імітацыя пакарання смерцю (людзей прымушалі капаць сабе магілы), нацкоўванне сабак. Але з часам розніца сціраецца.

Калі раней з польскага боку гэта былі хутчэй псіхалагічная знявага і грубае выцісканне, то цяпер мы чуем пра такое ж жорсткае збіццё і тут.
Гэта палохае: Польшча, краіна ЕС, якая ўвяла санкцыі супраць Лукашэнкі за катаванні, сама дапускае гвалт, які можна назваць катаваннямі. Чым тады мы адрозніваемся ад аўтарытарнага рэжыму?
— Што гэтыя людзі робяць далей, калі застаюцца ў лесе?
— Тут ніводная арганізацыя не ў сілах дапамагчы. Наш урад дамогся таго, што нават для тых, для каго Польшча спачатку была мэтавай краінай, яна перастала ёй быць. Гэтыя людзі вымушаны карыстацца паслугамі кантрабандыстаў, каб выбрацца з Польшчы. Яны вымушаны незаконна перасякаць наступную “зялёную мяжу”, і гэта адбываецца ўжо без нашага ўдзелу. У іх ёсць свае кантакты.
Мы пра гэта мала ведаем, і не хочам ведаць — наша дапамога і так крыміналізавана, таму чым менш мы ведаем пра тое, як яны спраўляюцца далей, тым мы ў большай бяспецы.
Але няцяжка здагадацца: каб нарэшце знайсці бяспеку, ім трэба незаконна перайсці яшчэ адну мяжу ўнутры ЕС. Частцы людзей гэта ўдаецца, яны дабіраюцца да цэлі. А частку ловіць паліцыя або памежная служба і вяртае назад у Беларусь.
“Нават суседзі не ведаюць”
— Што кажуць мясцовыя жыхары? Ці прызвычаіліся яны, ці ўсё яшчэ ёсць тыя, хто супраць? А ёсць тыя, хто падтрымлівае вас і мігрантаў?
— Сітуацыя складаная. Ёсць тыя, хто, убачыўшы мігранта, адразу тэлефануе ў паліцыю. Ёсць і тыя, хто актыўна дапамагае з самага пачатку — альбо самастойна, альбо праз нас.
Многія не прызнаюцца, што дапамагаюць — праз страх крыміналізацыі. Бывае, што чалавек, які просіць дапамогі, знаходзіцца не ў лесе, а ў чыімсьці доме: хтосьці ўбачыў прамоклага і галоднага падарожніка і запрасіў яго ўнутр. Пра гэта часта не ведаюць нават суседзі.
Цяжка ацаніць маштаб: каго больш — даносчыкаў ці тых, хто дапамагае. Напэўна, найбольш усё ж абыякавых. Але многія вельмі стаміліся ад мілітарызацыі, пастаяннай прысутнасці салдат, разбурэння запаведнікаў і разбітых лясных дарог.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Польшчы
Крызіс на польска-беларускай мяжы пачаўся ў 2021 годзе пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не будзе стрымліваць мігрантаў, якія праз Беларусь спрабуюць трапіць у краіны Еўрасаюза. У адказ на гэта Польшча закрыла ў лістападзе 2021 года пункт пропуску Кузніца (Брузгі). З таго часу краіна пабудавала сцяну ўздоўж беларуска-польскай мяжы і ўвяла шэраг законаў, якія абмяжоўваюць магчымасць падачы на міжнародную абарону на пераходах.
У кастрычніку 2025 года Польшча адмовілася далучацца да міграцыйнага пакта Еўрапейскага саюза. Прэзідэнт Караль Наўроцкі ў лісце да Урсулы фон дэр Ляен растлумачыў гэта тым, што “больш за чатыры гады ўсходняя мяжа Польшчы знаходзіцца пад пастаянным міграцыйным ціскам, які кантралюецца маскоўскім рэжымам з дапамогай беларускай дзяржавы і спецслужбаў”.
