Рытарычныя ўдары і геапалітычныя стаўкі: Віталь Цыганкоў пра канфлікт Ерэвану і Менску

Заява прэс-сакратара беларускага МЗС Р. Варанкова з нагоды словаў спікера армянскага парламенту, сказаных на адрас Беларусі. Фота: скрыншот з відэа МЗС РБ

Дачыненні паміж Беларуссю і Арменіяй працягваюць імкліва пагаршацца. Заявы афіцыйных армянскіх асобаў пра тое, што Арменія не зробіцца расейскай губерняй, як Беларусь, і жорсткія адказы беларускага МЗС сведчаць пра глыбокі крызіс паміж былымі хаўруснікамі. У эфіры студыі «Белсату» палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў прааналізаваў вытокі гэтага канфлікту, ролю Масквы ў ім і перспектывы аддалення іншых постсавецкіх краінаў ад Расеі.

Першым пачаў Лукашэнка

Калі паглядзець на дзеянні і заявы Арменіі апошняга часу, можа скласціся ўражанне, што Ерэван прыклаў максімальныя намаганні, каб раззлаваць Аляксандра Лукашэнку: тут можна адзначыць і заяву спікера армянскага парламенту, што іх краіна не будзе кіравацца як расейская губерня, падобна Беларусі, і запрашэнне разам з еўрапейскімі лідарамі на саміт у Ерэван Уладзіміра Зяленскага і беларускай дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай.

Але, на думку госця студыі «Белсату» Віталя Цыганкова, канфлікт паміж Ерэванам і Менскам пачаўся нашмат раней: з адкрытага падтрымання Лукашэнкам Азербайджану ў пытанні Нагорнага Карабаху, што сталася здрадаю для Арменіі як хаўрусніцы ў АДКБ.

Віталь Цыганкоў падкрэслівае, што першы крок да пагаршэння адносінаў зрабіў менавіта Аляксандр Лукашэнка. У вызначальны для Арменіі 2023 год, калі Азербайджан усталяваў кантроль над Нагорным Карабахам, афіцыйны Менск не толькі не падтрымаў свайго фармальнага хаўрусніка ў інтэграцыйных структурах, але і ўстаў на бок Баку.

«[Лукашэнка] нічым не падтрымаў Арменію, якая нібыта ўваходзіць у тыя ж самыя прарасейскія абарончыя і інтэграцыйныя структуры і фармальна ёсць хаўруснікам Беларусі і Расеі… Але Лукашэнка тады падтрымаў Азербайджан. З таго ўсё і пачалося. Тады Пашыньян заявіў, што ён не будзе ў Беларусі, пакуль там Лукашэнка», – адзначае Віталь Цыганкоў. 

Ён заўважае, што пасля гэтага пачаўся ўзаемны абмен рытарычнымі ўдарамі, пры гэтым Лукашэнка ў больш слабай пазіцыі, бо можа адказаць толькі афіцыйнымі заявамі МЗС або асабістымі папрокамі на самітах СНД. 

«…Пайшоў абмен ударамі, прытым мы бачым, што ў Арменіі цяпер больш магчымасці для сваіх удараў, паколькі Лукашэнка, акрамя адбрэхванняў МЗС, фактычна нічым не можа адказаць», – кажа палітычны аглядальнік. 

«Ці дапамаглі табе тэлеграмы Лукашэнку?»

У той жа час Цыганкоў заўважае, што абмен узаемнымі нападкамі пачаўся не так даўно, а варта ўсё ж успомніць, што ў 2020 годзе прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян адным з першых павіншаваў Лукашэнку з так званай перамогаю на выбарах. 

«То бок геапалітычная стаўка ў Арменіі была на Беларусь як на хаўрусніцу Расеі, і ён [Пашыньян. – Рэд.] не мог дазваляць нейкіх вольнасцяў у дачыненні Лукашэнкі, хаця, як дэмакратычна абраны лідар, безумоўна, разумеў, што Лукашэнка скраў выбары. Ну і цяпер, канешне, перафразуючы ўкраінскага класіка, можна спытаць: “Ну, ці дапамаглі табе твае тэлеграмы Лукашэнку?”»

Пытанні з Крамлём перадусім

На думку Цыганкова, галоўнай праблемаю для Арменіі застаюцца адносіны з Расеяй, а не з Беларуссю.

Канфлікт з Лукашэнкам ёсць толькі адлюстраваннем больш глыбокага працэсу – дыстанцыявання Арменіі ад Расеі. Аднак, як адзначае эксперт, поўны разрыў немагчымы ў блізкай перспектыве. Спецыфічнае геапалітычнае становішча (суседства з Турэччынай і Азербайджанам) і наяўнасць расейскіх вайсковых базаў на тэрыторыі краіны прымушаюць Ерэван дзеяць асцярожна, нават нягледзячы на актыўны пошук падтрымання з боку Захаду.

«Беларусь тут проста не галоўная. Усё ж галоўныя ў гэтым пытанні адносіны Ерэвану з Масквою… І тое, што Арменія столькі гадоў усё ж застаецца ў гэтых структурах, гэта перш за ўсё таму, што такая спецыфічная геапалітычная сітуацыя, асабліва няма на каго абаперціся вакол: Азербайджан, Турэччына і Грузія… То бок Арменія, пакуль ёсць Пуцін, будзе аддаляцца ад Расеі, але пакуль нават там стаяць расейскія базы, і пра гэта ставіць пытанне Арменія не наважваецца…» – адзначае Цыганкоў.

Дыктатарская еднасць як перашкода 

Адказваючы на пытанне пра магчымасць іншых хаўруснікаў Масквы (Узбекістану, Таджыкістану, Казахстану) рушыць услед за Арменіяй, абраўшы шлях на аддаленне ад Крамля, і зрабіцца ў выніку бяспечнымі для беларускіх дэмакратычных сілаў, Цыганкоў выказаў скепсіс. 

Акрамя ідэалагічнага падабенства аўтарытарных рэжымаў, асноўным фактарам застаецца эканоміка: мільёны працоўных мігрантаў з гэтых краінаў перабываюць у Расеі, і іхная магчымая дэпартацыя прывядзе да эканамічнага калапсу на радзіме.

«Акрамя нейкіх адносінаў з Масквой [у Узбекістану, Таджыкістану, Казахстану. – Рэд.] ёсць яшчэ нейкая ідэалагічная дыктатарская еднасць. Большасць гэтых краінаў усё ж такі мала дэмакратычныя… Той жа Узбекістан і Таджыкістан сотнямі тысячаў, а то нават мільёнамі дасылаюць сваіх людзей на працу ў Расею, яны залежныя ў гэтым сэнсе ад Расеі і не могуць дазволіць сабе… негатыўна да яе ставіцца… Калі ўсіх іх [гастарбайтараў] назад вышлюць, то гэта будзе вялікім ударам па эканоміцы гэтых краінаў, бо там значная частка Таджыкістану жыве за кошт гэтых грошай з Расеі, гастарбайтараў», – заўважае Цыганкоў. 

Палітычны аглядальнік адзначае, што сапраўды СНД паціху слабее, развальваецца, але яго развалу, як гэта прадказвалі пасля 2022 года, калі пачалася вайна Расеі супраць Украіны, усё ж не адбылося. 

Нагадаем, што 2 траўня спікер парламенту Арменіі Ален Сіманьян заявіў, што ягоная краіна не будзе «кіравацца як Беларусь». У адказ на гэта ў МЗС Беларусі 5 траўня выклікалі часовага паверанага ў справах Арменіі Артура Саргсьяна, якому быў выказаны «рашучы пратэст» і ўручаная нота «ў сувязі з нядаўнімі недружалюбнымі дзеяннямі армянскага боку».

На гэтым фоне 4–5 траўня ў Ерэване праходзіў саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці і першы саміт Арменія – Еўразвяз. У ліку гасцей саміту была лідарка Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Святлана Ціханоўская, прэзідэнты Малдовы, Францыі і Украіны, прэм’ер-міністры Злучанага Каралеўства, Італіі, Канады, Польшчы, кіраўнікі Еўракамісіі, Еўрапейскай рады NATO. 

Валер Руселік, Віталь Бабін, Раман Шавель, belsat.eu