
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт пацвердзіў, што будзе праводзіць уступную кампанію, аднак не плануе спецыяльных інфармацыйных актыўнасцяў для беларускіх абітурыентаў на фоне пагрозаў з боку беларускіх уладаў.
Як паведамілі «Белсату» ў ВНУ, універсітэт працягвае набор студэнтаў, бо там навучаюцца прадстаўнікі розных краінаў. У той жа час у ЕГУ адзначылі, што будуць улічваць пры гэтым дзеянні беларускіх уладаў.
«У ЕГУ навучаюцца студэнты з розных краінаў, таму прыёмная кампанія для патэнцыйных студэнтаў будзе арганізаваная. Аднак, улічваючы дзеянні беларускіх уладаў і магчымыя пагрозы для грамадзянаў гэтай краіны, універсітэт не плануе мэтанакіраваных мерапрыемстваў для беларускай аўдыторыі», – адзначаецца ў адказе ўніверсітэту для «Белсату».
Пры гэтым было адзначана, што ў агульнай камунікацыі студэнтам будуць раіць «вельмі адказна ацэньваць магчымыя рызыкі, звязаныя з рашэннямі іх дзяржаўных устаноў».
У ЕГУ падкрэсліваюць, што ўніверсітэт дзейнічае ў Літве і абаронены літоўскім і еўрапейскім заканадаўствам, і гэтая абарона распаўсюджваецца таксама на беларускіх грамадзян.
«Нагадваем, што ЕГУ працуе ў Літве, абаронены і ахоўваецца літоўскім і еўрапейскім заканадаўствам. Беларускія грамадзяне, якія легальна працуюць і вучацца ў Літве, таксама абароненыя літоўскім заканадаўствам», – гаворыцца ў паведамленні.
«Белсат» звярнуўся ў ЕГУ па каментар на фоне прызнання ўстановы «экстрэмісцкай арганізацыяй» і ўзмацнення рыторыкі беларускіх уладаў вакол гэтага. У прыватнасці, у беларускай пракуратуры заявілі, што за навучанне, працу або фінансавыя аперацыі, звязаныя з ЕГУ, можа пагражаць крымінальная адказнасць. Паводле афіцыйных тлумачэнняў, аплата навучання або ахвяраванні могуць быць расцэненыя як «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці», за што прадугледжана да пяці гадоў пазбаўлення волі.
У сярэдзіне красавіка 2026 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» і забараніў яго дзейнасць на тэрыторыі краіны. У самой установе гэтае рашэнне назвалі незаконным і падкрэслілі, што яно не мае юрыдычнай сілы ў межах літоўскага і міжнароднага права.
У Еўразвязе таксама асудзілі гэтае рашэнне, назваўшы яго атакай на акадэмічную свабоду і права на адукацыю.
ЕГУ працуе ў Вільні з 2004 года пасля закрыцця ў Менску і застаецца адным з ключавых адукацыйных цэнтраў для беларускіх студэнтаў.
