Наста Захарэвіч: Разарваныя сем’і, раскіданыя гнёзды

Бабуля з унучкай размаўляюць праз планшэт са сваяком. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik

У міжнародны дзень сям’і я, беларуска на выгнанні, якая магла прысутнічаць на пахаванні таты толькі онлайн, вельмі злуюся. Бо надакучыла крывадушнасць беларускіх уладаў і надакучыла назіраць, як яны ўласнымі рукамі руйнуюць той самы інстытут сям’і, пра які нібыта так клапоцяцца.

Мы ж гадамі слухаем пра нейкія «традыцыйныя» і «сямейныя» каштоўнасці, нібыта такія важныя для беларускага грамадства. Вось толькі на практыцы гэтыя размовы ніколі не прыводзяць да таго, што ў краіне становіцца больш моцных і шчаслівых сем’яў. Гаворкі пра традыцыі, прабачце за таўталогію, традыцыйна становяцца звычайнай нагодай для новых рэпрэсій і абмежаванняў, а рэальныя сем’і руйнуюцца, распадаюцца і раз’ядноўваюцца палітычнымі межамі і палітычнымі рашэннямі.

Сем’і палітычных зняволеных, сем’і ўцекачоў і ўцякачак, сем’і тых, каго прымусова вывезлі з Беларусі, і, зрэшты, сем’і забітых уладамі і тых, хто памёр у выніку рэпрэсій і бесчалавечага абыходжання. Усе яны пакутуюць праз тое, як на самой справе беларуская дзяржава ставіцца да людзей у цэлым і так званага інстытуту сям’і ў прыватнасці.

Ну, так праяўляецца ейная славутая сацыяльная арыентаванасць. У нас жа такія часы, што вось вызвалілі палітзняволеную жанчыну на познім тэрміне цяжарнасці, і мы радуемся. Бо добра разумеем: маглі б і пакінуць нараджаць у турме, і нічога б уладам за гэта не было.

Колькі жанчын за кратамі губляюць здароўе і ўжо не ўпэўненыя, ці змогуць некалі нарадзіць, хоць і вельмі гэтага хочуць! А колькі ўвогуле палітзняволеных – і жанчын, і мужчын – у прынцыпе не могуць бачыцца са сваімі роднымі! Зрэшты, калі родныя паміраюць, развітацца з імі таксама не адпускаюць. Такія вось «каштоўнасці», такое вось «святое».

А колькі пар разышліся пасля турэмнага тэрміну кагосьці з іх! І не заўжды ж гэта гісторыі здрады ці нежадання чакаць, не. Часам людзі проста не могуць рухацца далей – хтосьці нібы захрас у годзе арышту, хтосьці, наадварот, хоча хутчэй усё забыць як страшны сон. І сем’і, якія без такіх вымушаных крызісаў маглі б дзесяцігоддзямі яшчэ заставацца шчаслівымі разам, распадаюцца.

Унукі і ўнучкі знаёмыя са сваімі бабулямі і дзядулямі толькі онлайн, бо бацькі не могуць прыехаць у Беларусь праз палітычны пераслед, а бабулі з дзядулем не даюць візы праз клопат нейкай вельмі прагрэсіўнай краіны ЕС пра ўласную нацыянальную бяспеку. Браты і сёстры не бачацца не таму, што не хочуць падтрымліваць стасункі, а таму, што не могуць знайсці краіну, у якой ім было б аднолькава бяспечна і на паездку куды хапіла б грошай.

У такія дні я асабліва ненавіджу рэжым Лукашэнкі і ўсё, што з ім звязана – усе гэтыя пафасныя словы, абвяшчэнне 2026 года годам беларускай жанчыны, афіцыйныя справаздачы аб вырашэнні дэмаграфічных пытанняў і ўсё астатняе іх крывадушша. Бо, натуральна ж, абмежаваць аборты ў барацьбе за моцныя сем’і – гэта яны з радасцю, а перастаць гэтыя сем’і літаральна разрываць на кавалкі ўласнымі рукамі – занадта складаная задача.

Шмат што можна дараваць сваім крыўдзіцелям і шмат на што можна забыцца, але я вельмі сумняюся, што беларусы і беларускі здолеюць дараваць менавіта гэта – свае раскіданыя гнёзды. Дый наўрад ці варта ўгаворваць сябе гэта рабіць.

belsat.eu