
У Італіі ў аэрапорце Ор’ё-аль-Сэр’ё 1 лютага была затрыманая 34-гадовая беларуска Карына Зданевіч-Спыхальска. Ордар на яе арышт яшчэ ў 2021 годзе выдаў намеснік пракурора Берасця, паведамляе італьянская газета Il Giorno.
Карыну абвінавачваюць у «наўмыснай неплацежаздольнасці» ці банкруцтве ў 2017–2018 гадах.
Сама беларуска заяўляе, што справа была сфабрыкаваная, і што ўлады, імаверна, пераследуюць яе за ўдзел у акцыях каля беларускай амбасады ў Варшаве ў падтрыманне Святланы Ціханоўскай пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.
Ордар на арышт быў выдадзены адразу пасля тых акцыяў. Карына мяркуе, што яе маглі ідэнтыфікаваць праз фотаздымкі ў сацсетках.
Пасля затрымання жанчыну трымалі 5 дзён у турме ў Бэргама, потым яе вызвалілі пад абавязанне з’явіцца паводле выкліку. Беларуска не можа пакінуць Італію і вярнуцца ў Польшчу, дзе жыла да арышту. Яна цяпер жыве ў знаёмых у Мілане.
Справу цяпер разглядае апеляцыйны суд Брэшы. Пракуратура выступае супраць экстрадыцыі Карыны. Аб гэтым хадайнічала польскае консульства і папярэджвала пра небяспеку пераследу жанчыны ў Беларусі.
Судовае паседжанне адбудзецца ў чэрвені.
Адвакат Карыны выказвае надзею на пазітыўны вынік разгляду справы і заклікае выдаліць запыт на вышук Карыны з Інтэрполу, каб падобныя выпадкі не паўтараліся.
Сітуацыю пракаментаваў дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Леанід Марозаў. Ён падкрэсліў, што вядзецца не пра адзін канкрэтны выпадак, а пра працяг злоўжывання беларускімі ўладамі міжнароднымі механізмамі пераследу.
«Паводле гэтай справы мы працуем (часова я маўчу, каб не нашкодзіць) ужо з 19 лютага 2026 года пасля таго, як інфармацыя пра затрыманне Карыны ў Італіі паступіла да нас. З таго часу юрыдычны дэпартамент Офісу Святланы Ціханоўскай у пастаянным кантакце з Карынаю і ейным адвакатам, а таксама надае прававое і каардынацыйнае падтрыманне», – апавёў у «Фэйсбуку» Марозаў.
Дарадца Ціханоўскай зазначыў, што каманда Офісу рыхтавала і накіроўвала запыт на выдаленне звестак Карыны з базаў Інтэрполу (і атрымала ліст, што заява прынятая) у сувязі з відавочнымі прыкметамі палітычна матываванага пераследу.
Марозаў плануе прысутнічаць на разглядзе справы Карыны ў апеляцыйным судзе ў Брэшы ў якасці сведкі, а таксама правесці дадатковыя сустрэчы з прадстаўнікамі італьянскага боку ў тэме злоўжывання беларускім рэжымам механізмамі міжнароднай прававой супрацы і Інтэрполу.
«Гэтая справа яшчэ раз паказвае, што нават пасля вымушанай эміграцыі беларусы і беларускі працягваюць сутыкацца з рызыкамі транснацыянальнага пераследу. Будзем і далей падтрымліваць Карыну і працаваць», – рэзюмаваў юрыст.
Сітуацыя Карыны не першая. Беларускія ўлады выкарыстоўваюць інструменты міжнароднага вышуку для пераследу. Справы часта маскуюцца пад эканамічныя, каб павялічыць верагоднасць экстрадыцыі, бо запыты паводле відавочна «палітычных» артыкулаў Інтэрпол выдаляе.
Праваабаронцы раней папярэджвалі, што калі ў вас ёсць рызыка пераследу з боку беларускіх уладаў, лепш не ехаць у краіны з высокай рызыкай арышту. Найбольш бяспечна з гэтага гледзішча ў Еўразвязе, аднак і тут Інтэрпол можа затрымаць, калі чалавек ёсць у базе. У такім выпадку важна як мага хутчэй выйсці на сувязь з юрыстамі і праваабаронцамі.
