Леанід Марозаў пра MOS: Лічбавізацыя, якая патрабуе часу на адаптацыю

Леанід Марозаў

Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў станоўча ацаніў увядзенне ў Польшчы электроннай платформы MOS для падачы заяў на часовы і пастаянны побыт, адзначыўшы, што гэта важны крок да лічбавізацыі і спрашчэння працэдур легалізацыі для замежнікаў.

У той жа час ён звярнуў увагу, што пераход на новую сістэму адбываецца паступова і нераўнамерна, што можа ствараць часовыя цяжкасці для заяўнікаў:

– Сістэма MOS запрацавала толькі з 27-га красавіка гэтага году. То бок, яна працуе толькі пару тыдняў. Частка «ўжондаў» у розных гарадах яшчэ ў пераходным перыядзе. Польшча, на мой погляд, адна з лепшых краін па легалізацыі дакументаў для беларусаў і беларусак. Я кожны дзень сустракаюся з праблемамі, якія мне дасылаюць беларусы, што знаходзяцца ў замежжы.

Марозаў дадаў, што офіс уважліва адсочвае ўкараненне новай сістэмы і працуе над тым, каб па меры магчымасці выпрацоўваць і перадаваць партнёрам практычныя рэкамендацыі, накіраваныя на паляпшэнне працэдур і абарону інтарэсаў беларусаў у Польшчы. Сістэма MOS была ўведзена ў дзеянне 27 красавіка 2026 года і з гэтага моманту стала асноўным інструментам падачы заявак на шэраг відаў дазволаў на пражыванне.

racyja.com