
«Белсат» параўнаў цэны на садавіну і гародніну ў сярэдзіне траўня на Камароўцы ў Менску з цэнамі на рынках у Вільні і Варшаве, а потым высветліў, на колькі такіх «зялёных» кошыкаў хопіць заробку беларусу, літоўцу і паляку.
Буякі даражэй за ўсё ў Менску, а таннейшыя перцы – у Варшаве
Для чысціні эксперыменту мы паглядзелі мінімальныя кошты ў адныя выходныя і перавялі іх з еўраў і злотых у беларускія рублі паводле курсу Нацыянальнага банку, а таксама акруглілі.
Буякі (а яны зараз ва ўсіх краінах амерыканскія, а не свае) апынуліся адзіным прадуктам у нашым кошыку, які даражэй усяго набываць у Менску, чым у краін-суседзяў. Балгарскі перац у Менску стоіць даражэй (Br 8) за Варшаву (Br 6), але танней за Вільню (Br 13,5). Яблыкі ў Менску і Варшаве прадаюцца па адным кошце – Br 3 за кілаграм, а ў Вільні кошт амаль утрая большы – Br 8,5.

Большасць прысмакаў у кошыку апынуліся даражэйшымі ў Вільні, часам – вельмі заўважна. Напрыклад, агуркі ў Вільні каштуюць утрая даражэй за менскія, памідоры – удвая, яблыкі – у 2,5 разы даражэйшыя, слівы – утрая, а вінаград – у 3,5 разы. Хіба што маладую бульбу, клубніцы і памідоры ў Вільні можна набыць па коштам танней за Варшаву.

Калі параўноўваць кошыкі цалкам, то менскі кошык з Камароўцы апынуўся танней за кошык з рынку ў Варшаве і з віленскага рынку. За трынаццаць кілаграмаў садавіны і гародніны і адзін экзатычны драганфрут у Менску прыйдзецца выкласці Br 135. У Варшаве за такі ж кошык выйдзе амаль у паўтары разы даражэйшым – Br 195,5. У Вільні яшчэ больш даражэйшым, Br 221,5 (+ Br 86,5 да менскіх коштаў). Але, відавочна, мы не ўлічвалі зніжкі і акцыі, а таксама тое, што шмат дзе ў крамах тая ж садавіна і гародніна можа быць таннейшай за рынкі.

Індэкс садавіна-гароднінага кошыку: цэны ў Менску значна ніжэйшыя, але ёсць нюанс
Было б несправядліва параўноўваць толькі бяздушныя лічбы, таму мы падлічылі яшчэ і пакупніцкую здольнасць грошай у кожнай краіне. Для гэтага мы склалі індэкс нашага вясенняга кошыка – падлічылі, колькі такіх кошыкаў здолее купіць уладальнік сярэдняга заробку ў кожнай з краінаў (усе лічбы акруглілі да цэлых).
Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, сярэдні налічаны заробак беларусаў у сакавіку 2025 года (гэта апошнія вядомыя лічбы) склаў Br 2 976 да вынятку падаткаў і збораў. Калі ўлічыць мінімальныя падаткі і зборы, чыстымі на рукі застаецца Br 2589.

У Польшчы сярэдні заробак чыстымі за гэты месяц складаў Zl 8494. Паводле курсу Нацбанку Беларусі на канец сакавіка, гэта Br 6742.
У Літве сярэдні заробак у сакавіку склаў Eur 2 527 (хоць і адчувальна больш за Варшаву, але пасля адчувальных падаткаў на рукі ў літоўца застаецца ўсяго каля Eur 1 545). Паводле курсу Нацбанку Беларусі ў сакавіку, гэта Br 5256.

Зараз падлічым, колькі можа купіць сабе такіх кошыкаў «сэрэдненькі» жыхар кожнай краіны. Сярэднестатыстычны беларус хоць і можа парадавацца таннымі коштамі на рынках, але здолее на свой заробак купіць адчувальна менш за суседзяў – толькі 19 кошыкаў з садавінай да гароднінай. Тым часам палякі могуць дазволіць сабе 34,5 кошыка (у 1,8 разы больш за магчымасці беларусаў), а літоўцы – амаль 24 кошыкі (+ 26 % да магчымасцяў беларусаў).

Вынік не тое, каб нечаканы, але сумны: у Беларусі цэны на харчы ніжэйшыя, але з улікам заробкаў дазволіць сабе звычайны жыхар краіны можна менш за суседзяў. Бо хоць закупляцца ў Варшаве і Вільні выходзіць даражэй, там і больш высокія заробкі. Пры гэтым у Варшаве пакупніцкая здольнасць самая вялікая з нашай падборкі: кошты тут таннейшыя за Вільню, а заробкі на рукі – вышэйшыя.
