SMS з заклікам галасаваць на выбарах у КР – парушэнне заканадаўства ЕЗ. Хто можа за гэтым стаяць?

Галасаванне на выбарах Каардынацыйнай рады IV склікання праз мабільную праграму SVAE Peera для Android. Варшава, Польшча. 12 траўня 2026 года. Фота: Алесь Наваборскі, Belsat.eu

КДБ Беларусі можа быць галоўным бенефіцыярам таго, што беларусы прынамсі ў Польшчы атрымалі SMS-паведамленні з заклікамі галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду за спіс № 1 «Ваш голас». Такім меркаваннем падзяліўся з «Белсатам» юрыст НАУ, дэлегат Каардынацыйнай рады Міхаіл Кірылюк. Ён расказаў, што гэта правапарушэнне ў Еўропе, а таксама – чаму гэта наўрад ці зрабілі канкурэнты на выбарах з іншых спісаў.

Паводле Міхаіла Кірылюка, незалежна ад таго, сапраўдная гэта рассылка ці правакацыяй, яна ёсць парушэннем на тэрыторыі Еўразвязу, бо людзі не давалі сваёй згоды на атрыманне такіх паведамленняў і нават не ведаюць, адкуль у кагось з’явіліся іхныя нумары тэлефонаў. Адпаведна, за такія рассылкі могуць прыцягнуць да адказнасці.

«Відавочна, што паводле законаў Еўразвязу гэта правапарушэнне, парушэнне канфідэнцыйнасці персанальных дадзеных. Можна накласці вялізны штраф», – кажа ён.

Спіс «Ваш голас» адмаўляе, што рабіў нейкія рассылкі. Знайсці сапраўднага правапарушальніка ці замоўцу нялёгка, адзначае юрыст:

«Вядома, што можна зрабіць рэгістрацыю нумароў тэлефонаў на падстаўных асобаў».

КДБ найбольш зацікаўлены ў правакацыі

Слуханні ў Каардынацыйнай радзе. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2023 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Карына Пашко / Белсат

На думку суразмоўцы, найбольш імаверным бенефіцыярам ад гэтай рассылкі можа быць беларускі КДБ, які жадае сапсаваць рэпутацыю Каардынацыйнай рады і прадэманстраваць, што дэлегаты не дбаюць пра бяспеку выбарнікаў.

«Рассылаюць SMS каму папала: са згодай, без згоды, з парушэннем заканадаўства Еўрапейскага Звязу, з парушэннем мінімальных нормаў этыкі і правілаў бяспекі ў Беларусі, – кажа Міхаіл Кірылюк. – Я не думаю, што такое маглі б зрабіць Вярхоўная Рада Украіны ці Сейм Польшчы».

На ягоную думку, гэта і не правакацыя з боку іншых выбарчых спісаў, бо тыя, хто ідуць у КР, атрымаюць у выпадку перамогі не высокі заробак і асабісты кабінет, а крымінальную справу і вобшукі ў Беларусі.

«Што, [Святлана] Ціханоўская будзе замаўляць SMS-рассылку супраць [Паўла] Латушкі, а Латушка будзе кампраметаваць «Рух “Воля”»? Я не бачу такога. Тут палітыкі спрачаюцца ў сродках дасягнення мэты, а не наконт мэты», – працягвае Кірылюк.

Ён адзначае, што цяпер Каардынацыйная рада зазнае напады. У прыватнасці, былі атакаваныя сайт і аплікацыя для галасавання.

«Адзіны магчымы замоўца – гэта беларускі КДБ. Як кажуць спецыялісты, яны трацяць дзясяткі тысяч долараў на гэтыя рэчы. Другі момант – гэта запужванне беларусаў у Беларусі. Ёсць прыклады, калі нібы арыштавалі двух беларусаў і прымусілі іх на камеру прызнаць, што яны быццам галасавалі на выбарах у Каардынацыйную раду. Праўда, гэта ці не, нам невядома, але, гледзячы на тое, як гэта падаюць самі сілавікі, ніякай дадзеных базы яны не ўзламалі», – кажа Міхаіл Кірылюк.

Паводле юрыста, сілавікі дзейнічалі б ужо больш актыўна ў такім разе – праводзілі б масавыя арышты, ператрусы ці выклалі базу тых, хто прагаласаваў:

«Гэта было б вельмі пераканальна, эфект падарванай бомбы. І менавіта гэта, думаю, на сто адсоткаў спыніла б галасаванне і прымусіла б усіх датычных перагледзець і самі выбары, і, магчыма, спосаб фармавання Каардынацыйнай рады. Адзінае тлумачэнне, чаму гэтага дагэтуль не адбылася, гэта тое, што КДБ не змагло гэтага дамагчыся».

18 траўня чытачы «Белсату», якія не сачылі за выбарамі ў Каардынацыйную раду і не планавалі галасаваць, атрымалі SMS-паведамленні на польскія тэлефонныя нумары з заклікам галасаваць за спіс «Ваш голас». Атрымальнікі здзіўленыя і паведамілі, што не разумеюць, адкуль у некага, хто зладзіў рассылку, апынуліся іх нумары.

Паведамленне, якое атрымалі чытачы «Белсату». Фота: Белсат

Як паведаміў «Белсату» лідар спісу «Ваш голас», гісторык Андрэй Колас, ягоны спіс не дасылаў такіх просьбаў патэнцыйным выбарцам. Ён дадаў, што падобная правакацыя ўжо была 7 траўня.

Выбары ў Каардынацыйную раду пачаліся 11 траўня а 22:00 паводле менскага часу, але фактычна прагаласаваць было немагчыма – сэрвісы для галасавання сутыкнуліся з моцнымі DDoS-атакамі. Заканчэнне галасавання было перанесенае на 36 гадзінаў, да 12:00 паводле Менску 19 траўня.

Арсен Рудэнка, belsat.eu