
56‑гадовы Марат Бушэнка меў кампаніі ва ўсёй Еўропе. Нядаўна яго асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму».
Марат Бушэнка нарадзіўся ў 1969 годзе. Яго дзяцінства прайшло ў Клецку. Пасля школы вучыўся ў Львоўскім вышэйшым ваенна-палітычным вучылішчы.
Доўгі час ён жыў на дзве краіны — у Беларусі і Латвіі. Апошнім часам, мяркуючы па сацсетках, базаваўся ў Латвіі.
Згодна з адкрытымі рэгістрамі, Бушэнка быў заснавальнікам і кіраўніком шэрагу гандлёвых кампаній у розных краінах. Сярод іх — польская Goods Express Trading, нямецкая wwi UG, чэшскія MAG TRIO і Interclouds, а таксама расійскае ТАА «Рэкордыс Фаварыт» і мінскае ТАА «Камфорт Актыў». У мінулым ён таксама вёў бізнэс у Эстоніі і Малдове.
Летась мужчыну арыштавалі і змясцілі ў СІЗА. Бушэнку асудзілі па частках 1 і 2 артыкула 361‑4 КК — садзейнічанне экстрэмізму. Меркавана, пераслед звязаны са справай Гаюна. Мужчыну прысудзілі хімію з накіраваннем ці калонію.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць падпіскі на незалежныя каналы, СМІ, наяўнасць спасылак на іх у сацыяльных сетках ці наяўнасць у сацсетках або на рэчах беларускай нацыянальнай, далукашэнкаўскай сімволікі. Да «экстрэмізму» залічваюць таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, афіцыйных гістарычных наратываў ці праявы салідарнасці з Украінай. Шматлікія крымінальныя справы апошняга часу па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмізму» былі звязаныя са «справай Гаюна».
«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.
«Справа Гаюна» пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.
Заснавальнік «Гаюна» Антон Матолька адразу пасля ўзлому патлумачыў, як адбыўся выцек інфармацыі і абвясціў пра закрыццё праекта.
