Акторка і спявачка распавяла «Салідарнасці» пра ратавальныя беларускія спевы ў спалучэнні з электроннай музыкай і вымушанае звальненне з РТБД.

Да 2021-га Маша Пятровіч 15 год працавала ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Пагаджаеца, што ў 2020-м Купалаўцы зрабілі гістарычны крок, і яна паважае іх учынак.
— Мой муж, Максім Шышко, таксама так зрабіў, звольніўся з РТБД ў верасні 2020-га. Я засталася. Бо на мне і кватэра службовая была, дзе мы жылі.
Праз год пачаліся чысткі. Прыйшоў спіс нядобранадзейных: «Трэба звольніць». Нас проста ўзялі і звольнілі, 5 чалавек, разам з Аляксандрам Гарцуевым, мастацкім кіраўніком.
— Як гэта было? Наталля Малец, што працавала ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, казала што з непажаданымі размаўлялі, і яны сыходзілі «па ўласным жаданні».
— Мне таксама прапаноўвалі. На што я адказвала: «Знайдзіце артыкул, па якім мяне можна звольніць». Адміністрацыя круцілася, кажучы, што трэба ж захаваць тэатр.
Недзе праз два гады, звольнілі яшчэ акцёраў, і арышты былі, і Акрэсціна і іншыя дрэнныя рэчы.
Дырэктарка, што звальняла мяне, таксама была звольнена і трапіла на Акрэсціна на 15 содняў. Я казала, калі яна звальняла Гарцуева ды нас усіх: «Не будзьце рэпрэсарам! Не рабіце гэтага, не падпісвайце гэтыя дакументы». Потым дазнаюся, што яна на соднях.
Не хачу скочвацца ў абвінаваўчую рыторыку. Крыўдна, што ў 2020-м мы ўсе былі разам. А калі надышоў час расплаты, пачаліся пытанні: як захаваць тэатр, каго можна звольніць, каго нельга. Для мяне гэта было самае балючае.

— Вас звольнілі, але ж можна было заставацца ў Беларусі і далей. Некаторыя ў Маскву на здымкі ездзяць, грошы зарабляць.
— Шокам стала вайна ва Украіне. Мой муж украінец, ён пайшоў на антываенны пікет у Менску, яго арыштавалі, кінулі на 15 содняў на Акрэсціна, а адтуль дэпартавалі з Беларусі, забараніўшы ўезд на 10 гадоў. Неглядзячы на тое, што ён усё жыццё пражыў у Беларусі.
Таму ў мяне і выбару не засталося. Забрала сабачку, здала ключы ад службовай кватэры і з’ехала. Я так любіла гэту кватэру, думала і казала пра яе «мой дом».

І вось мы ўжо чатыры гады ў эміграцыі.
Маша і Мікіта Залатар — саўндпрадусар, кампазітар — робяць музычны праект, што спалучае беларускі аўтэнтычны спеў з электроннай музыкай. Нядаўна выдалі свой першы альбом MASHA & Zolotar Nikita VOLUME: Side A.
Стварылі яго на аснове беларускіх народных песень у спалучэнні з электроннай музыкай у стылі dramatic techno.
Адзін з пяці трэкаў — «Višnia 1.1.7f», песня «Зялёная вішня», якую Машы калісьці спявала бабуля. Але напісаная як пра сёння.
«Ты думаеш, мама, што я тут не плачу —
За горкімі слязамі, я свету не бачу.
Успамяні ж мяне, мама, хоць раз ў суботу,
Як я ўспамінаю, ідучы на работу.
Успамяні ж мяне, мама, хоць раз у нядзелю,
Як я ўспамінаю, сцелючы пасцелю.
Успамяні ж мяне, мама, хоць раз у аўторак,
Як я ўспамінаю на дзень разоў сорак».
— Я цікавілася спевамі ды прасіла бабулю заспяваць. Яна ўздыхала: «Вой, унучка, як пачну «Зялёную вішню» спяваць, дык плакаць буду». Тады я не разумела чаму.
У эміграцыі, апынуўшыся ў Тэатральнай рэзідэнцыі, разам з сябрамі, акторамі Дар’яй і Андрэем Новікамі, стварылі спектакль «З@movа», што паставіў муж Машы рэжысёр і актор Максім Шышко.

У спектаклі гучаць беларускія народныя спевы, музыку напісаў тэатральны кампазітар і актор Мікіта Залатар. Ён ствараў музыку для шматлікіх спектакляў, калі казаць пра Беларусь то гэта працы з Яўгенам Карнягам у «Бетоне» (РТБД), «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі», «Сёстрах Грайі».
Менавіта пасля працы над спектаклем «З@mova» і нарадзілася ідэя праекта, які аб’ядноўвае беларускі аўтэнтычны спеў з электроннай музыкай. Спачатку мы выпусцілі сінглы «KOLIADA» і «VOL» (візуал да гэтых трэкаў стварыў Максім). Пазней вырашылі запісаць альбом, пабудаваны на кантрасце: сумныя беларускія народныя песні пра вельмі цяжкія рэчы і танцавальная электронная музыка. Абралі стыль dramatic techno, каб хацелася плакаць і танчыць.

Мы з Мікітам жывем у розных краінах, ён у Бельгіі, я ў Польшчы, працуем анлайн. Аднойчы ён даслаў музыку, і я зразумела, што да яе пасуе песня «Зялёная вішня». Пісала дэмку, але некалькі разоў адкладала. Бо кожны раз пісала і пачынала плакаць. Здаецца, па-новаму зразумела яе словы…
«Выйду на гору, ды крыкну дадому:
«Вары, маці вячэру шчэ й на маю долю…»
Балючая песня. Мабыць, дзіўна прагучыць, але мяне ратуе, калі я спяваю менавіта такія балючыя песні. Бо хочацца гэты боль неяк пражыць, хай і ў музычным сэнсе.
«Зялёная вішня» насамрэч пра тое, што маладую дзяўчыну аддалі замуж у чужую сям’ю, дзе ёй цяжка, і яна гаруе. Але ты напаўняеш песню сваім асабістым сэнсам і сённяшнім адчуваннем. Гэта мой маналог у эміграцыі, звернуты да маіх маці і бабулі, якія ўжо на нябёсах.

Калі прыязджала да бабулі на вёску, здавалася, што так будзе заўжды, што гэта ты ніколі не страціш, бо гэта дадзенасць. Вёска, бабуля, яе расказы ды спевы. І толькі зараз даходзіць сэнс некаторых яе словаў. Шмат бы аддала, каб вярнуцца туды, а разумею, што ўсё. І бабулі няма, і магчымасці той, нават у вёску з’ездзіць, — таксама няма.

Таму ў гэтых песнях спрабую захаваць нашу сувязь. Бо гэта тое, што ў мяне ніхто ўжо не зможа адабраць.
Яны адабралі ў нас магчымасць прыехаць на Радзіму. Але гэтую сувязь адабраць нельга.

Зараз раскажу, якая я была маладая ды дурная (смяецца). У тыя часы мы прыязджалі да бабулі, і яна казала нейкія словы, што гучалі для мяне смешна. Казала квасоля, а не фасоля, хварш, а не фарш.
Я папраўляла: «Бабушка, нужно говорить фасоль, фарш…» Яна толькі ў далоні пляскала: «Вой-яй-ёй, ну чаго ты! Баба ж дурна, чатыры класы скончыла! Мы ж так усю жызь казалі».
Потым ва Універсітэце культуры распавяла пра гэта настаўніку беларускай мовы. Вельмі разумнаму ды дасведчанаму. Ён мне сказаў: «Не смейце сваю бабулю выпраўляць! Лепш паслухайце як прыгожа яна размаўляе. Бо яна сапраўды носьбіт нашай мовы». Распавеў, што раней у тым рэгіёне не было гука ф, а быў хв, так і захавалася.
Сёння мне сорамна за тое, што, не разумеючы, папраўляла бабулю.

У эміграцыі стараюся захаваць нашу беларускую ідэнтычнасць, разумеючы, якая насамрэч гэта вялікая каштоўнасць. Мне быццам увесь час баліць, а калі я спяваю беларускія песні, становіцца трошкі лягчэй.
— Кажуць, што творчасцю ў эміграцыі не выжыць. Як у вас атрымліваецца, і што самае цяжкае?
— Цяжка, што ўвесь час адчуваеш фонам: ты ў гасцях, ты не дома. Раней была праца, заробак, адпачынак, усё прадказальна і зразумела. Тут трэба ствараць сябе наноў.
Напісаць музычны альбом і выдаць яго. Без фінансавання. Ці паставіць спектакль.
З аднаго боку цяжка, з іншага падштурхоўвае на рэалізацыю цікавых ідэй. Згадвалі з Мікітам (ён таксама калісьці працаваў у РТБД), што на Радзіме ў нас ніколі не ўзнікала думка нешта такое стварыць разам. А ў эміграцыі, апынуўшыся ў розных краінах, мы робім супольны праект, нам гэта важна і цікава. Бо ад гэтага загараюцца вочы.

Калі толькі прыехалі, трапіўшы ў Тэатральную рэзідэнцыю, першыя тры месяцы я казала, што мы як быццам апынуліся на нейкім файным фестывалі, на гастролях. Але калі сустракала калег, якія ўжо год і больш жылі ў эміграцыі, заўважала і нават мужу казала, што чамусьці ў іх незразумелы сум у вачах. Нават спытала і пачула ў адказ: «Маша, пажывеш тут — зразумееш».
І я зразумела. У эміграцыі людзі не застрахаваныя ад дэпрэсіі, асабліва зімой, і калі няма ніякіх праектаў. Грашовыя пытанні, не разумееш, чым табе займацца ўвогуле — апусціць рукі лёгка. Таму для мяне творчасць — гэта яшчэ і пра тое, што загараюцца вочы.
На Ютуб-канале «Бэйбус» мы з маёй сяброўкай-спявачкай Аляксандрай Грахоўскай робім праект для беларускамоўных дзяцей. Саша з’яўляецца аўтаркай праекта, прыдумвае сцэнар, тэкст, стварае музыку, робіць анімацыю, а я – агучваю.
На базе польскага тэатра Nowe Formy я набіраю тэатральны курс, у цэнтры Варшавы. Запрашаю, каму цікава займацца тэатрам і творчасцю, голасам, целам, эмоцыямі — месцы яшчэ ёсць!)
Ёсць і індывідуальныя заняткі з польскімі і беларускімі студэнтамі. Дадаткова працую ў беларускай тэатральнай студыі-школе «Купалінка», выкладаю сцэнічную мову і вакал, праводжу акторскія трэнінгі.
Часам меня заве паўдзельнічаць, як акторку, у іспытах па рэжысуре у Акадэміі мастацтваў беларуска-польская рэжысёрка Бажэна Шамовіч,
Летам Мікіта прылятаў да нас у Варшаву. Мы рабілі канцэрт і прэзентацыю альбома ў тэатры Nowe Formy, а Максім ствараў візуал да гэтага канцэрта, і гэта сапраўды быў важны момант для мяне. Адчуць, як нашыя трэкі гучаць у прасторы, стварыць іх live, адчуць энергію залі. Гэта вельмі круты досьвед!

Кіраўніцтва тэатра Nowe Formy, дзе працуе як актор, выкладчык акторскага майстэрства і тэхнік мой муж Максім Шышко, прапанавала нам рабіць сцэнаграфію і ўсё, што тычыцца афармлення, да спектакля «Bóg mordu». Сваімі рукамі рабілі гіганцкія маскі, фарбавалі, падбірала касцюмы акторам.

Пасля быў яшчэ адзін спектакль «Noc Helvera», дзе мы працавалі, як сцэнографы. Цікавы досвед, бо ездзілі па барахолках Варшавы, шукалі вінтажныя рэчы, потым фактурылі, фарбавалі.
Ну а зараз рыхтуем з Мікітам Залатаром новы вясенні трэк, «Čyračka-ptašečka», хутка будзе прэм’ера. Гэты трэк адрозніваецца па стылістыцы ад альбома, а яшчэ мы заспявалі ў ім на трох мовах.
Ведаеце, у 2020-м немагчыма было не адрэагаваць. І беларусы насамрэч нічога незаконнага не зрабілі. Дакладна не рабілі нічога, каб атрымаць такі жудасны пераслед.
Было балюча, страшна, несправядліва, і людзі не маглі інакш.
Здавалася, што вось-вось і атрымаецца. Нават, калі мужа дэпартавалі, і я ехала да яго за мяжу ў траўні 2022-га, не хацела браць зімовыя рэчы — навошта яны мне? Зараз жа ўсё зменіцца, і мы дакладна вернемся дадому.
Змены абавязкова адбудуцца, але, напэўна, не такія рэзкія, як мы іх уяўлялі. Наўрад ці будзе, што ўсе ў адным аўтобусе вяртаюцца з шампанскім.

Але ж зараз нічога ўжо не думаю і асабіва не планую. Акрамя таго, што жыццё ў нас адно, і трэба пастарацца неяк яго не вельмі кепска пражыць.
