Узлёт і падзенне «Беларускага Гаюна»: як рэсурс дапамог Украіне стаў і пагрозай тысячам беларусаў

Украінскія салдаты бяруць удзел у вайсковых вучэннях, якія імітуюць магчымую атаку ў чарнобыльскай зоне за некалькі кіламетраў ад мяжы з Беларуссю. 20 лютага 2023 года. Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская 25–26 траўня ўпершыню наведала Украіну. А ў гэты час у Беларусі працягвалі пераслед тых, хто ахвяраваў сваёй бяспекай, інфармуючы пра перасоўванне расейскіх войскаў у Беларусі – фігурантаў масавай «справы «Беларускага Гаюна».

Напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў лютым 2022 года беларускі грамадскі дзеяч Антон Матолька стварыў праект «Беларускі Гаюн». З яго дапамогай любы беларус мог ананімна дасылаць звесткі пра дыслакацыю і перасоўванне расейскіх вайсковых фармаванняў па Беларусі. І гэты чат-бот адыграў адначасова значную і трагічную ролю ў гісторыі.

«Мы зможам зразумець і ацаніць вагу праекту толькі з часам»

Беларус Ян Мельнікаў, які баявы шлях ва Украіне пачаў яшчэ ў 2014 годзе, у лютым 2022-га браў удзел у абароне Кіеўшчыны. Ваяр адзначае, што «Беларускі Гаюн» адыграў вельмі важную ролю ў першыя месяцы поўнамаштабнай вайны, паведамляючы пра колькасць і склад расейскіх падраздзяленняў на Гомельшчыне.

«Гэта істотна дапамагала зразумець, якая колькасць чужых войскаў, якія падраздзяленні знаходзяцца, якія страты нясуць», – кажа Мельнікаў.

Паводле яго, інфармацыя ад «Гаюна» дазваляла аператыўна атрымліваць звесткі пра перасоўванне і перадыслакацыю расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі – «назіраць фактычна ў рэжыме онлайн за тым, якія часткі зняліся з якога палігону, дзе рухаюцца чыгуначныя эшалоны, а якія падраздзяленні ворагаў усё яшчэ захоўваюць папярэдняе месца дыслакацыі».

Ваяр называе дзейнасць чат-бота ў тыя дні фантастычнай. «Гаюн» дазваляў цягам гадзіны рыхтаваць планы і рэагаваць на перасоўванне расейскіх частак. Мельнікаў дадае: усю значнасць праекту можна будзе ацаніць толькі з часам, калі адкрыецца ўся паўната інфармацыі, што дапамагла ЗСУ весці паспяховыя аперацыі на Кіеўшчыне.

«Мы не можам цяпер на ўсю паўнату ацаніць гэты ўнёсак. На маю думку, ён вялізарны».

Мельнікаў адзначае, што адсыланне звестак у «Гаюн» можна прыраўняць да гераічнага ўчынку. Асабліва ў святле рэпрэсіяў у Беларусі і пераследу нават за лёгкі намёк на салідарнасць з Украінай. Ваяр дадае, што ўкраінцы не заўжды ўяўляюць сапраўдныя рызыкі ў Беларусі. Мельнікаў кажа, што дасюль даводзіцца адказваць на пытанні, чаму так мала людзей выйшла на пратэсты супраць расейскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі і вайсковай агрэсіі. Ва Украіне проста не ўяўляюць рэаліяў і рызык у нашай краіне.

Узлёт. «Гаюн» як крыніца ўкраінскай выведкі і важных аперацыяў

«Гаюн» стаўся буйным агрэгатарам рознай інфармацыі з Беларусі. Ва ўмовах татальнага знішчэння інфармацыйнага поля і праблемаў з камунікацыяй у краіне ён здаваўся бяспечным шляхам дапамагчы народу Украіны змагацца з агрэсарам. У тым ліку на тэрыторыі Беларусі. Дзейныя вайскоўцы, чыгуначнікі, дактары і звычайныя беларусы дзяліліся здымкамі, відэаматэрыяламі і паведамленнямі надзвычай важнага характару.

Расейска-беларускія вайсковыя вучэнні «Саюз мужнасці – 2022» на палігоне Абуз-Лясноўскі ў Беларусі. 19 лютага 2022 года. Фота: Alexander Zemlianichenko Jr / AP Photo / East News

У першы год вайны расейскія войскі часта пускалі ракеты з Беларусі, выкарыстоўвалі пускавыя пляцоўкі і аэрадромы ў нашай краіне. Дзякуючы звесткам «Гаюна» ўкраінцы маглі паведамляць пра будучыя пагрозы раней, чым у іх спрацоўвалі ўласныя сістэмы апавяшчэння і радыёлакацыйныя станцыі пеленгавалі паветраныя аб’екты.

У асобным шэрагу стаіць гісторыя пра дыверсію на тэрыторыі вайсковага аэрадрому ў Мачулішчах побач з Менскам. На яго тэрыторыі дыслакаваўся расейскі самалёт ДРЛА А-50У. Борт з рэгістрацыйным нумарам RF-50608, верагодна, прыляцеў у Беларусь 3 студзеня 2023 года і за 54 дні зрабіў 12 вылетаў. З дапамогаю гэтага стратэгічнага самалёта расейцы маглі карэктаваць свае ракетныя ўдары і весці выведку. А «Гаюн» дапамог вызначыць яго дакладнае размяшчэнне. 26 лютага з удзелам беларускіх партызанаў адбылася атака на А-50У, якая значна пашкодзіла самалёт. Пазней яго забралі ў Расею, а новы адпаведнік так і не змясцілі наноў у Беларусі.

Інфармацыю ад «Гаюна» часта прысутнічала ў выступах высокапастаўленых украінскіх вайскоўцаў. Асабліва што датычыць пралётаў расейскіх «шагэдаў» і ракетаў па тэрыторыі Беларусі.

Яшчэ адным значным дасягненнем «Беларускага Гаюна» можна ўважаць збор звестак пра перасоўванне цягнікоў у памежных тэрыторыях, а таксама эшалонаў з вайсковаю тэхнікай і боепрыпасамі. А ўжо беларускія рэйкавыя партызаны ў 2022 годзе блакавалі чыгуначнае абсталяванне на тэрыторыі Беларусі і нават Расеі, каб перашкодзіць руху вайсковых эшалонаў РФ. Як пісаў у сакавіку 2022-га Washington Post, беларускія рэйкавыя партызаны значна паўплывалі на затрыманне расейскіх войскаў каля Кіева. Лёс партызанаў быў гераічны, але і трагічны: яны былі брутальна затрыманыя і атрымалі тэрміны па больш як 20 гадоў зняволення.

Вайсковы самалёт Су-35С перад падрыхтоўкай да ўзлёту для супольных вайсковых вучэнняў «Саюзная рашучасць – 2022» на палігоне ў Расеі. 26 студзеня 2022 года. Фота: Russian Defence Ministry / Handout / Anadolu Agency via Getty Images

Падзенне «Гаюна». Узлом у лютым 2025-га

5 лютага 2025 года ў тэлеграм-канале «Беларускага Гаюна» з’явілася паведамленне: «У выніку несанкцыянаванага ўваходу сёння зранку быў атрыманы доступ да чату з ботам «Гаюна», куды збіралася інфармацыя ад людзей… У дадзены момант усе крытычныя пашкоджанні выпраўлены, але я разумею, што, на жаль, мы не змаглі цалкам абараніць людзей. З павагай, Антон Матолька». Праз два дні быў змешчаны апошні на сёння запіс: «Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» спыняе сваю дзейнасць». Аказалася, што сілавікі ў Беларусі атрымалі доступ да чат-бота праз нядбаласць адміністратараў.

Магчымага адміністратара «Гаюна», які быў у Беларусі, арыштавалі. У яго ў тэлефоне захоўвалася спасылка на ўваход у бот. На жаль, яна мела бестэрміновы характар доступу. Таму сілавікі змаглі атрымаць доступ да чат-бота і здабыць каштоўную інфармацыю, у тым ліку ID і імёны карыстальнікаў. Гэтак пачалася хваля маштабных рэпрэсіяў, якая не скачваецца да сёння, і закрыўся адзін з самых яркіх беларускіх праектаў апошняга часу.

«Мяне разрываюць супярэчлівыя думкі. Я быў адным з тых, хто заўжды высока ацэньваў дзейнасць Матолькі. Асабліва ў праекце БНР-100. «Гаюн» таксама здаваўся фантастычным. Пакуль не арыштавалі майго роднага чалавека. Я разумею, што ўсякае можа здарыцца. Але калі б хаця б нармальна папрасілі прабачэння і напісалі прычыну выцеку… Гэта магло б хоць трошкі мяне суцешыць. Я разумею, што ўсе людзі памыляюцца і ніхто не можа канчаткова гарантаваць бяспеку ў цяперашніх страшных умовах», – кажа «Белсату» адзін з родных арыштаваных і асуджаных у «справе «Беларускага Гаюна», які цяпер у Літве.

Сілавікі патрулююць вуліцу ў Менску, Беларусь. 27 сакавіка 2021 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: – / AFP / East News

Адна з самых рэпрэсіўных кампаніяў уладаў

Вікторыя Рудзянкова, юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» адзначае, што паводле маштабу рэпрэсіўная кампанія за «Гаюн» саступае хіба толькі пераследу за ўдзел у пратэстах 2020 года, які якраз цяпер, магчыма, на сваёй фінальнай стадыі праз тэрміны даўніны артыкулаў. Таксама яна дадае, што праваабаронцы не валодаюць усім аб’ёмам звестак датычна пераследу.

«Канкрэтныя кейсы, якія нам вядомыя ў справе «Гаюна», ёсць толькі маленькай часткай ад усіх рэпрэсаваных у справе. Пра тое, што лік ідзе на сотні і сотні рэпрэсаваных, сведчаць ускосныя крыніцы: напрыклад, сведчанні былых палітвязняў, спіс экстрэмістаў. А ўлады спрабуюць схаваць узровень рэпрэсіяў», – кажа юрыстка.

Прадстаўніца «Вясны» мяркуе, што мэтай кампаніі ёсць выкараненне салідарнасці з Украінай. Такая кампанія распачалася ў 2022 годзе праз прызнанне бота «Беларускі Гаюн» экстрэмісцкім фармаваннем, а ў пачатку 2025-га пасля атрымання сілавікамі інфармацыі пра карыстальнікаў бота перайшла ў актыўную фазу.

«На гэты момант адсутнічаюць хоць нейкія прыкметы згортвання гэтай кампаніі. А вось змена меры стрымлівання падчас следчых дзеянняў, якіх па сутнасці няма, на вызваленне пад залог і выкарыстанне дадатковых метадаў ціску, напрыклад, грашовыя ахвяраванні ў якасці «змякчальных» абставінаў, сведчыць не пра гуманізацыю, а пра адаптацыю рэпрэсіўнага механізму да перапоўненай пенітэнцыярнай сістэмы і вялікай колькасці справаў», – кажа Рудзянкова.

Юрыстка мяркуе, што, маючы базу на дзясяткі тысячаў чалавек, улады фактычна пакідаюць за сабою магчымасць неабмежавана пашыраць кола рэпрэсаваных, і гэта робіць «справу «Беларускага Гаюна» інструментам доўгатэрміновага калектыўнага запалохвання і працягам вайны на нашай тэрыторыі, дзе беларусы, якія на баку Украіны, нясуць пакаранне ад рэжыму на карысць агрэсара ў гэтай вайне.

На гэты момант «Вясне» вядома сама меней пра 192 асуджаных у «справе «Беларускага Гаюна». Фігурантам інкрымінуюць парушэнне артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Шыман Хаванскі, belsat.eu