
На тэрыторыі Беларусі цяпер няма расейскіх ударных груповак, аднак пагроза для Украіны з паўночнага напрамку захоўваецца. Пра гэта ў інтэрв’ю ўкраінскай службе «Радыё Свабода» заявіў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.
Паводле ягоных слоў, непасрэдна каля ўкраінска-беларускай мяжы нарошчвання сілаў пакуль не назіраецца. З 2022 года Беларусь захоўвае на гэтым напрамку абмежаваную колькасць уласных падраздзяленняў, якія перыядычна зазнаюць ратацыю, аднак іх колькасць істотна не змяняецца.
Разам з тым украінская выведка фіксуе прыкметы ўзмацнення ціску Расеі на Менск.
«У далейшым магчымыя і правакацыі ў напрамку нашай мяжы. Нельга выключаць і ўварвання», – заявіў Андрэй Дземчанка.
Ён адзначыў, што Беларусь надалей дазваляе Расеі выкарыстоўваць сваю тэрыторыю, палігоны і вайсковую інфраструктуру.
«Цяпер расейская армія не мае на тэрыторыі Беларусі сваіх ударных груповак», – сказаў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы.
Паводле ягоных словаў, у 2022–2023 гадах Расея трымала ў Беларусі каля 10–12 тысячаў вайскоўцаў, якія праходзілі падрыхтоўку перад адпраўкай на фронт. Пазней гэтыя падраздзяленні былі выведзеныя, а новыя на іх месца не прыбылі.
У той жа час Дземчанка падкрэсліў, што сітуацыя можа змяніцца.
«У любы момант Расея можа перакінуць іх на тэрыторыю Беларусі і выкарыстаць тыя інфраструктурныя аб’екты, якія будуе Беларусь», – заявіў ён.
Прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы таксама пракаментаваў нядаўнія заявы Уладзіміра Зяленскага пра патэнцыйныя пагрозы для Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласцяў.
«Улічваючы ўварванне, якое мы мелі ў 2022 годзе, спалучэнне ўдару з тэрыторыі Беларусі і ўдару з тэрыторыі Расеі праз Чарнігаўскую вобласць – гэта пагроза ў напрамку Кіева. Але нельга выключаць пагрозу і для іншых участкаў – Жытомірскай, Ровенскай і Валынскай вобласцяў», – сказаў Дземчанка.
Паводле ягоных словаў, менавіта таму Украіна працягвае ўмацоўваць больш як тысячакіламетровую мяжу з Беларуссю. Гаворка ідзе як пра фартыфікацыйныя збудаванні, так і пра мінна-выбуховыя загароды на найбольш небяспечных напрамках. Гэтая праца вядзецца з 2022 года і цяпер дадаткова ўзмацняецца.
Асобна прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы пракаментаваў заявы беларускага боку пра нібыта рэгулярныя палёты ўкраінскіх беспілотнікаў над тэрыторыяй Беларусі.
«Гэта чарговая маніпуляцыя. Увогуле абсурдныя словы пра тое, што з Украіны нешта ляціць на тэрыторыю Беларусі і што адбываецца знішчэнне памежнай інфраструктуры», – заявіў ён.
Паводле словаў Дземчанкі, украінскі бок, наадварот, фіксуе актыўнасць, якая паходзіць з беларускай тэрыторыі.
«За апошнія дні мы фіксавалі выкарыстанне выведных дронаў на мяжы з Украінай менавіта з тэрыторыі Беларусі. Нядаўна быў залёт паветранага шара, які нёс рэтранслятар, што ўзмацняў сігнал для расейскіх ударных беспілотнікаў», – заявіў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы.
Нагадаем, у апошнія тыдні ўкраінскія ўлады неаднаразова заяўлялі пра захаванне пагрозы з боку Беларусі. 15 траўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў Сілам абароны ўзмацніць беларускі напрамак і падрыхтаваць план дзеянняў на выпадак новага наступу расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.
Пры гэтым публічных прыкмет падрыхтоўкі да паўтарэння сцэнару лютага 2022 года пакуль не назіраецца. Апытаныя «Белсатам» эксперты адзначалі, што цяпер не фіксуецца канцэнтрацыя расейскіх войскаў у Беларусі пад прыкрыццём вучэнняў, як гэта было перад поўнамаштабным уварваннем. Разам з тым яны не выключаюць, што Расея можа паспрабаваць скарыстаць беларускую тэрыторыю для ціску на Украіну або новых вайсковых правакацыяў.
