Нядаўна праваабаронцам стала вядома, што амаль год без прад’яўлення абвінавачвання ў ІЧУ на Акрэсціна ўтрымліваюць 62-гадовую грамадзянку Украіны Наталлю Баташаву. Паводле сведчанняў былых арыштантаў, у такой жа сітуацыі за кратамі ўтрымліваюцца яшчэ некалькі грамадзян Украіны. Паводле звестак Праваабарончага цэнтра “Вясна”, агулам з 2020 года ў Беларусі пад палітычны крымінальны пераслед патрапілі мінімум 111 замежных грамадзян, з іх 27 — жанчын. 17 грамадзян іншых краін працягваюць утрымлівацца ў беларускіх месцах няволі паводле палітычна матываваных абвінавачваннях. Гэта палітзняволеныя, якія маюць грамадзянства Расеі, Украіны, Літвы і Казахстана. Большая палова замежных палітзняволеных у Беларусі — гэта грамадзяне Расеі. “Вясна” распавядае пра сітуацыю з палітычным пераследам замежнікаў у Беларусі на цяперашні момант і ўзгадвае гісторыі некаторых з іх.

Колькі замежнікаў утрымліваюцца за кратамі?
З 2020 года ў Беларусі пад палітычны крымінальны пераслед патрапілі мінімум 111 замежных грамадзян. Па стане на 9 чэрвеня 2026 года, у месцах няволі ўтрымліваюцца мінімум 17 замежных грамадзяніна, якіх затрымалі паводле палітычных матываў. Гэта ўсе мужчыны.
Замежныя грамадзяне цяпер утрымліваюцца з кратамі за “агентурную дзейнасць”, “шпіянаж”, “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”, “заклікі да санкцый”, “удзел у дзеяннях, што груба парушае грамадскі парадак”, “дыскрэдытацыю Беларусі”, “акт тэрарызму” і нават “міжнародны тэрарызм”. На дадзены момант шэсць замежнікаў утрымліваюцца за кратамі ў Беларусі ў сувязі з вайной ва Украіне. Пяць грамадзян іншых краін уключаны ў так званы “спіс тэрарыстаў”.
79 замежнікаў мае статус “былога палітвязня” ў Беларусі. Не менш за 39 замежнікаў былі памілаваны і дэпартаваны з Беларусі.
Грамадзянін Літвы, асуджаны да 15 гадоў калоніі

Грамадзянін Літвы Міраславас Троцкіс восенню 2024 года адправіўся ў Беларусь, каб наведаць сваякоў, але дадому не вярнуўся. Яго затрымалі ў лістападзе 2024 году, абвінавацілі паводле арт. 358 (“шпіянаж”) і арт. 358-1 (“агентурная дзейнасць”), і 11 сакавіка 2026 году асудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
12 траўня 2026 года прапагандысты паказалі сюжэт пра Міраславаса. Сцвярджаецца, што мужчына прыязджаў у Беларусь “пад легендай аднаўлення бацькоўскага дому”, а насамрэч нібыта быў агентам з пазыўным “Рынга” і “збіраў інфармацыю аб стратэгічных і ваенных аб’ектах”. Як распавёў у эфіры тэлеканала АНТ намеснік начальніка следчага ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі Аляксандр Тарасевіч, Міраславас Троцкіс у Беларусі нібыта “збіраў інфармацыю ў праваахоўнай, вайсковай і грамадска-палітычнай сферах”.
Шэсць грамадзян Украіны ўтрымліваюцца за кратамі
Паводле інфармацыі “Вясны”, мінімум шэсць грамадзян Украіны адбываюць тэрміны паводле палітычна матываваных прысудаў. Праваабаронцы фіксавалі, што з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўзмацніўся ціск на ўкраінцаў у Беларусі. На памежных пунктах іх дасканала дапытваюць, а некаторых не ўпускаюць у краіну без тлумачэнняў прычын нават да гэтага часу. У Беларусі затрымліваюць грамадзян Украіны за “агентурную дзейнасць”, “шпіянаж” і “спробы дыверсій”. Іх абвінавачваюць у супрацы з украінскімі спецслужбамі. Па памілаванні і абмене з 2020 года вызвалілі каля 20 грамадзян Украіны. У снежні 2025 года праваабаронцам “Вясны” распавялі сваю жудасную гісторыю сям’я з Украіны, якую ўтрымлівалі за кратамі ў невыносных умовах без прад’яўлення абвінавачвання. Катаваннямі ды ціскам у іх выбівалі прызнанні ў супрацы з замежнымі спецслужбамі.
За кратамі з лютага 2024 года ўтрымліваюць бацьку і сына Сяргея і Паўла Кабарчукоў. Тады ў Лельчыцкім раёне быў абʼяўлены рэжым “контртэрарыстычнай аперацыі”. Пазней КДБ адсправаздачыўся пра затрыманне “тэрарыстаў”. На апублікаваных прапагандыстамі здымках Павел выглядаў збітым. Вядома, што ў СІЗА КДБ затрыманых даставіў верталёт.
Кабарчукі самі з маленькай вёскі з Валынскай вобласці, дзе іх чакае сям’я. Паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса іх асудзілі як “дыверсантаў СБУ” да 20 гадоў няволі. Іх тэрміны мусяць скончыцца толькі ў 2043 годзе. Як нядаўна стала вядома праваабаронцам, яшчэ ў СІЗА 63-гадоваму Сяргею Кабарчуку дыягнаставалі анкалогію. Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына адбывае 20-гадовы тэрмін у аршанскай калоніі № 8. Які стан яго здароўя цяпер ці атрымлівае ён неабходную медыцынскую дапамогу — невядома.
Паўла адбываць 20-гадовы тэрмін адправілі ў наваполацкую калонію № 1, але пабыў ён там нядоўга — каля двух месяцаў. З іх у атрадзе пабыў менш за два тыдні, астатні час — у ШІЗА ды ПКТ. У хуткім часе Паўлу ўзмацнілі пакаранне і адправілі ў магілёўскую турму № 4, дзе пэўны час таксама быў ціск на яго.
Украінскага егера Вячаслава Бародзія затрымалі 1 верасня 2023 года ў Ельскім раёне Беларусі, які мяжуе з Жытомірскай вобласцю Украіны. Вядома, што Вячаслаў нарадзіўся ў Жытомірскай вобласці, некаторы час жыў у Мазыры, а потым вярнуўся ва Украіну і працаваў егерам, выхоўваў трох дзяцей.
У прапагандысцкім фільме, з якога і стала вядома пра затрыманне Вячаслава, распавялі, што Бародзій пасля пачатку поўнамаштабнай вайны нібыта прайшоў падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны і што “з сакавіка 2023 года, акрамя ГУР Мінабароны, ён стаў супрацоўнічаць яшчэ і са Службай бяспекі Украіны”. Другога снежня 2024 году Гомельскі абласны суд прызнаў вінаватым Бародзія паводле арт. 295 КК, арт. 333-1 КК, арт. 358-1 КК, арт. 371 КК і арт. 371-1 КК. Суддзя Яўген Шаршнёў прызнаў яго вінаватым і прызначыў 10 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама яму прызначылі штраф памерам 550 базавых велічыняў.
10-гадовы тэрмін Вячаслава адправілі адбываць у шклоўскую калонію № 17. “Вясне” пра яго распавёў іншы былы палітзняволены.
“Стан яго здавальняючы. Ён быў у восьмым атрадзе. Падрабязнасці абвінавачвання не распавядаў. Не вельмі спадзяваўся на тое, што яго абмяняюць або вывезуць. Стаўленне да яго з боку адміністрацыі прыкладна як і да астатніх палітычных. У ПК-17 яшчэ з каранціну палітычных робяць “злоснікамі”, пазбаўляюць першай пасылкі і перадачы, працяглага спаткання, даюць толькі дзве базавыя ў месяц на краму. Спорткомплекс, бібліятэка, царква — забароненыя. Лёгка атрымаць парушэнне за што-небудзь у адрозненне ад астатніх асуджаных”.
Івана Ліхалата затрымалі ў верасні 2023 года нібыта за падрыхтоўку тэракта чыгункі ў Талачынскім раёне і “агентурную дзейнасць”. 18 снежня 2024 года Івана асудзілі на тэрмін 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пры гэтым першыя тры гады ён будзе адбываць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў турме.

Грамадзяніна Украіны Сяргея Бойку затрымалі ў 2022 годзе. Да затрымання мужчына жыў у Нароўлі і працаваў невялікім мястэчку каля мяжы настаўнікам.
У чэрвені 2023 года яго асудзілі ў Гомельскім абласным судом паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса (агентурная дзейнасць) да сямі гадоў калоніі. Сутнасць абвінавачвання невядомая. Спачатку Сяргея трымалі ў калоніі № 3 у пасёлку Віцьба каля Віцебска. Але летам 2025 года ў калоніі № 3 закрылі прамысловую зону і мужчыну перавялі ў іншую калонію. Цяпер свой тэрмін Сяргей адбывае цяпер у наваполацкай калоніі № 1. Як распавёў “Вясне” былы палітзняволены ўкраінец Міхаіл Сталярчук, які таксама адбываў тэрмін нейкі час у віцебскай калоніі разам з Сяргеем, мужчына сутыкаўся з ціскам і мае праблемы са здароўем:
“Сяргей у школе здымаў нейкае мерапрыемства, а ў той час у небе быў быў нейкі самалёт ці нешта такое — я дакладна не памятаю. За гэта яго і затрымалі і асудзілі ні за што, як і мяне. Калі нас прывезлі ва Украіну, то распытвалі, ці ведаем мы пра ўкраінцаў, якія сядзяць. Я ім распавядаў пра Сяргея.
У Віцебску яго вельмі часта закрывалі ў ШІЗА. У Сяргея былі праблемы са здароўем — ён вельмі часта скардзіўся. У яго захворванні розныя — часта ў медчастку хадзіў. Яму там цяжка. Са сваякоў у яго толькі адна маці дзесьці пад Адэсай”.
Нядаўна праваабаронцам стала вядома, што па “справе Гаюна” напачатку 2025 года быў затрыманы 25-гадовы Віктар Келер. Яго абвінавачваюць паводле арт. 361-4 (“садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”) Крымінальнага кодэкса.
За кратамі ўтрымліваюцца мінімум 9 палітзняволеных з расейскім грамадзянствам
Большая палова палітзняволеных замежнікаў у Беларусі складаюць грамадзяне Расеі — 9 чалавек. Два грамадзяніна Расеі — Дзмітрый Шлетгаўэр і Андрэй Паднябенны — памерлі за кратамі.
Нагадаем, па “справе Ціханоўскага” да 16 гадоў калоніі быў асуджаны грамадзянін Расеі Дзмітрый Папоў, які быў затрыманы яшчэ 4 чэрвеня 2020 года. Яго абвінавацілі ў мадэрацыі сацыяльных сетак “Краіны для жыцця” і асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У кастрычніку 2022 года стала вядома, што палітвязня перавялі на турэмны рэжым.

“У лагерах яшчэ расеец Дзмітрый Папоў, блогер Уладзімір Цыгановіч і Арцём Сакаў. Ім таксама стварылі невыносныя ўмовы, іх пастаянна караюць штрафным ізалятарам, Цыгановіча ўжо тры разы “раскруцілі” па 411-м артыкуле, яго бясконца пераводзяць па новых калоніях. Іх затрымалі разам са мной задоўга да выбараў, яны абсалютна нічога не здзяйснялі і невінаватыя, але рэжым чамусьці працягвае з іх здзекавацца”, — напісаў у сваім тэлеграм-канале днямі фігурант гэтай справы Ігар Лосік.
З 2021 года за кратамі ўтрымліваецца Ягор Дуднікаў. У Мінску яго асудзілі тады яшчэ 20-гадовага хлопца асудзілі да 11 гадоў калоніі за тое, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў тэлеграм-канале “ОГСБ”. Пасля затрымання ён сутыкнуўся з катаваннямі. Летам 2022 года яго перавялі з бабруйскай калоніі на турэмны рэжым.

Па “справе падрыхтоўкі дыверсій у Гродне” 11 красавіка 2024 года да 23 гадоў калоніі асудзілі грамадзяніна Расіі Аляксея Кулікова. Па версіі КДБ, Аляксей здымаў на фота аб’екты ў Гродне для “ўкраінскіх спецслужб” — ваенкамат Гродна і Гродзенскага раёна, вайсковую частку 41780, нафтабазу раёна Аульс, нафтабазу раёна Дзевятоўка, генконсульства РФ. Кулікову выставілі абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) і ч. 2 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) Крымінальнага кодэкса. Апошняе слова Кулікоў вымавіў па-ўкраінску.

У чэрвені 2024 года да шасці гадоў калоніі асудзілі супрацоўніка стаматалагічнай паліклінікі і грамадзяніна Расіі Эдуарда Кашэцяна. Яго затрымалі ў верасні 2023-га за чат, у якім яны з сябрамі абмяркоўвалі розныя падзеі. Эдуарда абвінавацілі ў «распальванні варажнечы групай асобаў» (ч. 3 арт. 130 КК), «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК), «рэабілітацыі нацызму, здзейсненая групай асобаў або з цяжкімі наступствамі» (ч. 3 арт. 130-1 КК), «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК) і «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Свой тэрмін мужчына адбывае ў магілёўскай калоніі № 15.

У кастрычніку 2024 года па “справе Мачулішч” да дзевяці гадоў калоніі быў асуджаны Алег Сычоў, які мае расейскае грамадзянства. Тэрмін адбывае ў калоніі № 22.

За кратамі ўтрымліваецца Аляксей Кузаваткін. Вядома, што да затрымання ён працаваў на ААТ “Гомельскі хімічны завод”. Быў асуджаны ў Гомельскім абласным судзе па ч. 1, 2 арт. 361-4, ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса да трох гадоў калоніі і штрафу. Прысуд адбывае ў шклоўскай ПК-17.
Таксама за кратамі ўтрымліваюцца грамадзяне Расеі Айрат Халікаў, Аляксандр Мар’ясаў, Павел Аляксееў.
Грамадзянін Казахстана

Максіма Матырку затрымалі паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і за падпал аўтамабіля паводле ч. 3 арт. 218 (наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). Раней Максім распавядаў сваю гісторыю затрымання журналістам — там ён казаў, што ўжо 16 гадоў жыве ў Беларусі.
У красавіку 2022 года Максіма асудзілі паводле арт. 218 да васьмі гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яму змянілі меру стрымання з асабістага паручальніцтва на ўтрыманне пад варту. Мужчыну ўзялі пад варту ў зале суда. 22 чэрвеня 2022 года ў судзе Ленінскага раёна суддзя Таццяна Шоцік прызначыла палітвязню тры гады “хіміі” паводле арт. 342, а з улікам папярэдняга прысуду — дзевяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Адбываць тэрмін яго адправілі ў ваўкавыскую калонію № 11. У 2023 годзе яго асудзілі паводле арт. 411 КК і пераведзены ўПК № 9. У 2024 годзе палітвязня перавялі на турэмны рэжым.
