
Cілавікі ў Беларусі правялі ўжо больш за 60 ператрусаў у справе Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які дзейнічае ў Вільні. Як адзначаюць праваабаронцы, распачатая крымінальная справа за аплату навучаньня, пачынаючы з 2016 году. З вобшукамі прыходзяць да выпускнікоў, студэнтаў і іхных сваякоў.
Да людзей прыходзяць нават на працу, а некаторым тэлефануюць і просяць прыйсьці «на размову».
21 траўня ў інтэрвію «Радыё Свабода» рэктар ЭГУ Вілюс Шадаўскас паведаміў, што 100 студэнтаў пакінулі ўнівэрсытэт пасьля прызнаньня яго ў Беларусі «экстрэмісцкім». Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт пацьвердзіў, што будзе праводзіць уступную кампанію, аднак не плянуе спэцыяльных інфармацыйных захадаў для беларускіх абітурыентаў у сытуацыі пагрозаў ад уладаў Беларусі.
Як паўплываў «экстрэмісцкі» статус на жыцьцё студэнтаў? Пра гэта «Радыё Свабода» расказала студэнта ЭГУ Кацярына Васілёнак, якая вучыцца на магістра права.
Васілёнак: Студэнты насамрэч былі ў даволі вялікай паніцы яшчэ ў верасьні, калі атрымалі навіны пра тое, што ЭГУ могуць прызнаць «экстрэмісцкай» арганізацыяй. Але 14 красавіка, калі стала вядома, што ЭГУ ўжо прызналі такой арганізацыяй, студэнты вельмі спалохаліся. Многія пачалі задавацца пытаньнямі, ці варта адлічвацца, што будзе зь імі й іхнымі бацькамі. Асабліва для мяне як для студэнткі, якая ўжо заканчвае навучаньне, і для маёй групы, якая таксама заканчвае, паўстала пытаньне: ці завяршаць унівэрсытэт, ці атрымліваць дыплём ЭГУ і як увогуле потым карыстацца гэтым дыплёмам тым, хто вяртаецца ў Беларусь.
Што робіць сам унівэрсытэт? Якія дзеяньні прадпрымае ў гэтай сытуацыі? Тут Кацярына Васілёнак мае пытаньні да кіраўніцтва ВНУ.
Васілёнак: Насамрэч ёсьць даволі шмат пытаньняў наконт рэакцыі на прызнаньне ЭГУ «экстрэмісцкай» арганізацыяй. Яшчэ ў верасьні, калі стала вядома, што справу перадалі ў суд для прыняцьця такога рашэньня, ЭГУ, вядома, рабіў рассылкі сярод студэнтаў, але, на мой погляд, гэтыя рассылкі былі недастатковымі. Напрыклад, адной з рэкамэндацыяў ЭГУ было пры перасячэньні мяжы паведамляць беларускім памежнікам пра тое, што яны зьяўляюцца студэнтамі ЭГУ. Я ж студэнтка права — міжнароднага права і права Эўрапейскага Зьвязу. Таму мне як чалавеку, які сутыкаўся зь беларускім заканадаўствам аб «экстрэмізьме», абсалютна зразумела, што гэтага рабіць было нельга, прынамсі да моманту, пакуль у вас пра гэта наўпрост не пытаюцца.
Таксама Кацярына кажа, што пасьля прызнаньня сацыяльных сетак ЭГУ «экстрэмісцкімі» ў леташнім жніўні ўнівэрсытэт не зрабіў публічнай камунікацыі пра гэта. Была рассылка ў электроннай пошце, але праблема ў тым, што ў выпускнікоў адключаюць карпарацыйную пошту, як і ўва ўсіх унівэрсытэтах. Таму гэтае паведамленьне, хутчэй за ўсё, не дайшло да выпускнікоў і, імаверна, не дайшло да абітурыентаў. Але ці існуе нейкі эфэктыўны спосаб абараніць студэнтаў? Чаго б чакалі яны самі?
Васілёнак: У першую чаргу мне хацелася б, каб ЭГУ разумеў маштаб таго, што адбываецца, і разумеў, што найперш трэба ратаваць студэнтаў, найперш трэба ратаваць тых людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі, бо гэта ўжо не пытаньне іміджу ўнівэрсытэту і не пытаньне таго, колькі студэнтаў паступіць на новы навучальны год. Гэта пытаньне бясьпекі і свабоды людзей у Беларусі. На мой погляд, за два месяцы можна было б арганізаваць сустрэчу хаця б зь дзейнымі юрыстамі, якія працуюць у межах беларускага заканадаўства аб «экстрэмізьме», то бок займаюцца такімі справамі і могуць адказаць на пытаньні студэнтаў. Гэта як мінімум можна было зрабіць за гэты час.
Сама Кацярына плянуе завяршыць адукацыю ў ЭГУ. Гэта ня першы яе «экстрэмісцкі» статус, таму чарговы для яе нічога не мяняе. Заснаваны ў 1992 годзе ЭГУ пасьля закрыцьця ў Менску з 2006 году працуе ў Вільні і застаецца адным з ключавых адукацыйных цэнтраў для беларускіх студэнтаў.
