
«Ліпень 2020 на Акрэсціна. Сілавікі «пасыпаліся», стукачы — не», — напісаў у сваім фэйсбуку экс-палітвязень, які адсядзеў за кратамі з чэрвеня 2020 па снежань 2025 года.
«Напрыканцы ліпеня 2020 года ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна пачалі адбывацца неверагодныя рэчы.
У суседні са мной карцар перыядычна, на некалькі сутак, траплялі палітычныя, затрыманыя на акцыях пратэсту. Пачаў размаўляць з імі праз вентыляцыю і трубу ўмывальніка (без вады сухая, гук выдатны) — і даведаўся, што на волі б’юцца з АМАПам, што ў гарадах Беларусі тысячы людзей выходзяць на вуліцы, а на плошчы Бангалор прайшоў 60‑тысячны мітынг у падтрымку Ціханоўскай, дзе выступала мая Воля.
Дык вось, розныя супрацоўнікі ізалятара падчас абеду моўчкі пачалі перадаваць мне ў шлёмках ад суседа кавалкі сала і цукеркі, загорнутыя ў свежую старонку «Беларускай газеты» з адпаведнымі навінамі. Трэба сказаць, рызыкавалі галавой.
Добрая змена, якая цішком соўгала мне ў кармушку ваду ў паўлітровых пластыкавых бутэльках, падчас адной з вечаровых праверак гэтак жа моўчкі зацягнула ў камеру поўны пяцілітровік. Праўда, параскашаваць я не паспеў — наступная, ранішняя праверка з лаянкай ваду вынесла.
— Кто передал? Кто разрешіл?!
Ну, думаю, накрылася мая добрая змена. Пазвальняюць. Аж не. Прыходзяць назаўтра, падміргваюць. Значыць, і тыя, хто лаяўся, начальству ня здалі. Альбо начальства махнула рукой — маўляў, не да таго.
На пяцьдзясят шосты дзень пасля затрымання (!) мяне нарэшце вывелі ў душ. Прычым зрабіў гэта грамадзянін начальнік ізалятара асабіста, у суправаджэнні ўсяго аднаго канвойнага.
— Может, станок дать, побреетесь? (а ў мяне амаль двухмесяцовая барада).
Ага. Калі раптам што, хочуць зрабіць выгляд, што трымалі тут у добрых умовах. Ну, думаю, забегалі, таварышы. Ня ведаюць, як абернецца. Пачынаюць хістацца. Яшчэ трохі ціскануць — і пасыплюцца палкоўнікі з генераламі.
Галіцца адмовіўся. Вырашыў, выйду, як Фідэль Кастра.
— Как хотіте, — любезна паціснуў плячыма начальнік. — Вам так тоже ідёт.
(Уявіце сабе такі дыялог сёння на Калядзічах ці ў Шклове, сябры палітычныя. Што?! Ня будзеш галіцца?! Галаву б адарвалі разам з той барадой.)
Нарэшце, падчас аднаго з «судоў» (а мяне працягвалі раз за разам адпраўляць на «суткі») адзін з канвойных шэптам перасцярог, што крымінальнікі ў камерах з вадой, да якіх мяне пераводзяць раз на тыдзень, стучаць на адміністрацыю.
Словам, на пачатак жніўня знутры сістэмы былі ўсе прыкметы класічнага хістання сілавікоў перад вырашальнымі падзеямі. Як напісана ў Бібліі — «і бесы веруюць, і трымцяць».
Адзінае месца сістэмы, якое трымалася непарушна — гэта аказаліся стукачы. Яны па-ранейшаму спраўна «прабівалі» і «раскручвалі», правакавалі ды дакладвалі, хаця і ўяўлялі, што адбываецца на волі.
Ніводнага «праколу» ані ў ліпені, ані нават у жніўні сярод стукачоў я не заўважыў. Яшчэ тады згадаў Салжаніцына, які гэтую пароду дасканала ведаў і апісваў. Калі сілавікі ў вырашальны момант маглі перайсці на бок народа і спадзявацца на амністыю — стукачы ведалі, што ім літасці ня будзе.
У 2020‑ым сістэма шмат у чым утрымалася на операддзелах і сетках стукачоў. Кожны сілавік ведаў: зробіць па праўдзе — здадуць і з’ядуць стукач ды опер.
Падрабязна пра стукачоў, з якімі апынуўся ў камеры ў пачатку жніўня 2020 года — наступным разам», — напісаў Павел Севярынец.
