
Беларусы ў Грузіі сутыкаюцца з новымі цяжкасцямі. Ва ўразлівым стане аказаліся асобы з дакументамі, у якіх сканчаецца тэрмін дзеяння. Днямі былы палітвязень Кірыл быў затрыманы міграцыйнай службай падчас замены правоў і дэпартаваны ў суседнюю Арменію, дзе цяпер чакае магчымасці выехаць у адну з краінаў Еўразвязу. Мужчына распавёў «Белсату» пра свой досвед.
У Грузіі пражывае амаль 13 тысяч беларусаў. Вялікая частка з іх пераехала пасля падзеяў 2020 году. Для шмат каго гэтая паўднёвая краіна стала магчымасцю прытулку без візавых праблемаў, жорсткіх умоваў для атрымання ВНЖ і з блізкай культурай. Але апошнім часам сітуацыя для беларусаў у краіне толькі пагаршаецца.
З-за кратаў – у сонечную Грузію
Кірыл тры гады адседзеў у беларускай вязніцы паводле палітычнага артыкула. Да свайго арышту ён быў супрацоўнікам адной з беларускіх ІТ-кампаніяў, якая пастанавіла рэлакаваць свой бізнес і сысці з беларускага рынку. Частку супрацоўнікаў яны перавезлі ў Грузію. Працоўнае месца Кірыла было захаванае да самага вызвалення. Па адбыцці зняволення ў канцы 2023 года мужчына пастанавіў пакінуць радзіму.
Пераезд у Грузію быў прывабны з прычыны прамога хуткага пералёту, адсутнасці візавых клопатаў і знаёмства з мясцовай культурай. Мужчына раней шмат адпачываў у гэтай краіне і прызвычаіўся да яе. Першы год за мяжой пасля турэмнага досведу падаваўся сапраўдным святам. Да таго ж у Батумі аказалася шмат знаёмых, і агулам пражывала даволі вялікая беларуская дыяспара: у такіх умовах можна было весці даволі звыклае беларускае жыццё.
«Таксама я хацеў адагрэцца на сонцы і трошкі прыйсці ў сябе пасля турмы. Сябры ў той жа час пужалі шэрай польскай восенню ці нямецкай бюракратыяй», – згадвае Кірыл.
Новыя праблемы прыйшлі нечакана
Цяжкасці пачаліся сёлета. Кірыл страціў працу праз скарачэнні, а новую знайсці не атрымалася. А з сакавіка ў Грузіі набылі моц змены ў міграцыйнае заканадаўства, што ўскладнілі знаходжанне на тэрыторыі краіны. Пачасціліся выпадкі, калі памежнікі з розных прычынах не пускалі назад беларусаў, якія выязджалі вонкі, каб здзейсніць чарговы «візаран» і абнуліць свой тэрмін знаходжання ў краіне. Праз немагчымасць «візарану» некаторыя беларусы пачалі сутыкацца з пільнай цікавасцю з боку мясцовай міграцыйнай службы. Пачаліся дэпартацыі на тэрыторыю трэціх краін.
«Я бачыў, як людзей хапалі наўпрост у кавярнях, не даючы нават дапіць каву, і дастаўлялі ў цэнтры ізаляцыі», – згадвае мужчына.

Паколькі ў Кірыла сёлета падыходзіў да заканчэння тэрмін дзеяння беларускага пашпарту, а ўлады Грузіі фактычна не выдаюць часовыя дакументы і не надаюць прытулак уцекачам, ён падаў дакументы на атрыманне візы ў амбасаду адной з краін Еўразвязу. Але адказу так і не дачакаўся.
«Я разлічваў на тое, што змагу раней атрымаць візу і нават калі раптам выйдзе тэрмін легальнага прабывання ў Грузіі – у аэрапорце заплачу невялікі штраф і спакойна сабе палячу», – кажа былы палітвязень.
За час чакання выйшаў легальны час знаходжання ў Грузіі. Дый надышоў час для замены пасведчання кіроўцы. Але прыйшоўшы забіраць новыя правы, беларус быў затрыманы батумскай паліцыяй і дастаўлены ў пастарунак.
«На дзіва карэктна і паважліва ставіліся да мяне. Пасля беларускага досведу пачуваўся быццам у арганізаванай вандроўцы з незнаёмымі людзьмі», – згадвае Кірыл.
У паліцэйскай машыне былы палітвязень пераймаўся, ці не вытураць яго назад у Беларусь. Трошкі супакоіцца атрымалася, калі паліцыянты спыталіся, куды Кірыл хацеў бы быць дэпартаваным. Прапанавалі некалькі варыянтаў, у тым ліку Азербайджан, Турэччыну і Арменію. На апошняй краіне і спыніўся выбар.
На адну ноч Кірыл патрапіў у спецыяльны ізалятар для нелегальных мігрантаў. Умовы там былі лепшымі, чым у беларускіх месцах зняволення, кажа былы палітвязень.

На наступны дзень мужчыну ў кайданках адвезлі ў аэрапорт. Пры гэтым паліцыянты заехалі з ім у арэндную кватэру і дазволілі сабраць асабістыя рэчы ды выпіць кавы.
«Вітаем у Арменіі»
Пералёт да Ерэвана быў вельмі камфартабельны: квіток набылі ў першы клас. На памежным кантролі ў Кірыла забралі пашпарт і папрасілі адысці ў бок ды «трошкі пачакаць». Правяранне заняло некалькі гадзін. Памежнікі часта падводзілі нейкіх супрацоўнікаў, якія моўчкі гарталі дакументы і нічога не запытваліся. Нарэшце падышоў той супрацоўнік, які забіраў дакументы і з усмешкай сказаў: «Вітаем у Арменіі».
У Ерэване знайсці жытло на кароткатэрміновую арэнду не толькі было няпроста, але і дорага. Да таго ж у Арменіі ў Кірыла няма аніводнага сябра ці знаёмага, таму мужчына зноў накіраваў запыт на візу ў амбасаду адной еўрапейскай краіны.
Беларус адзначае, што яму вельмі дапамаглі сябры і асацыяцыя былых палітзняволеных «Вольныя». Яны хутка адрэагавалі на паведамленне і далі шэраг практычных парадаў ды аказалі фінансавую дапамогу. Кірыл дадае, што чарговы раз пераканаўся, як беларусы не пакінуць нават у няпростых і нечаканых абставінах.

«У Грузіі нават да расейцаў не ставяцца так, як да беларусаў»
Сітуацыю «Белсату» пракаментаваў юрыст Раман Кісляк, які сам фактычна год знаходзіцца ў Грузіі без дакументаў і ў няпэўным стане: быў прызнаны і «пагрозай нацыянальнай бяспецы», і «асобай, якую чакае пераслед на Радзіме». Каб не патрапіць у непрыемную сітуацыю ў Грузіі, ён раіць пры патрэбе падацца на атрыманне прытулку ў першыя 30 дзён знаходжання ў Грузіі.
«Іначай, калі не падаліся ў першы месяц, у Грузіі ваш запыт пройдзе паводле паскоранай працэдуры. Справу разгледзяць за месяц і дадуць адмоўны адказ», – кажа Кісляк.
Тым не менш, падкрэслівае ён, за апошнія гады ніводзін беларус не атрымаў прытулак ці міжнародную абарону ў гэтай краіне. Хаця нават грамадзяне Расеі атрымлівалі такі статус: «Чамусьці ў Грузіі нават да расейцаў не ставяцца так, як да беларусаў».
Больш за тое, Кісляк кажа, што міграцыйная служба можа ў некаторых выпадках затрымаць «прасіцеля прытулку» адразу па вяртанні дакументаў і пачаць працэс яго дэпартацыі з краіны. Але пакуль яшчэ хаця б не займаюцца «экстрадыцыяй на Радзіму».
Праваабаронца падкрэслівае, што міграцыйная служба з паліцыяй пачалі ладзіць частыя рэйды па грамадскіх месцах і нават жыллі мігрантаў для правярання дакументаў. А ў Тбілісі з’явіўся новы адмысловы будынак для ўтрымання мігрантаў, якія парушылі заканадаўства ці чакаюць на дэпартацыю. На думку Кісляка, гэта ўжо само па сабе сведчыць аб планах правядзення жорсткай міграцыйнай палітыкі. Умовы ў такім месцы, на думку юрыста, хаця і лепшыя за беларускія турмы, але таксама кепскія.
Кісляк дадае, што да апошніх зменаў у заканадаўства грузінскія ўлады маглі «скрозь пальцы» глядзець на тых, хто перавысіў год прабывання ў краіне без візаў. «Калі чалавек не здзяйсняў злачынстваў, то маглі спакойна глядзець на тэрміны прабывання ў асобных выпадках. Абмежавацца невялікім штрафам за парушэнне. Цяпер жа чалавека чакае вялікі штраф, дэпартацыя і забарона на ўезд у краіну да трох гадоў», – кажа праваабаронцам.

Паводле яго, у Грузіі цяпер пражывае шмат беларусаў, у якіх скончыўся дзейны пашпарт. У такім разе выезд з Грузіі надзвычай ускладняецца. Некаторыя еўрапейскія амбасады могуць надаць адмысловы часовы дакумент на выезд, у які паставяць візу. Аднак, калі памежная служба можа ў такім разе дазволіць «праблемнаму чалавеку» пакінуць краіну, то патрапіць на рэйс можа стацца задачай з зорачкай. Транспартныя кампаніі фактычна не знаёмыя з такой практыкай. Дый патрапіць без дзейнага пашпарту ў некаторыя суседнія краіны, такія як Арменія, амаль немагчыма.
Кісляк адзначае, што для выезду беларусы часта ў крытычных выпадках карыстаюцца «бялградскім экспрэсам». Гэта адмысловы маршрут, калі чалавек ляціць «прытворным транзітам» у трэцюю краіну, якая не патрабуе візы для беларуса. Напрыклад, у Сербію ці Чарнагорыю. Звычайна для такога пералёту перасадка адбываецца ў Польшчы, дзе чалавек не сядае на новы рэйс, але ў аэрапорце звяртаецца па прытулак і абарону.
Пры гэтым праваабаронца скептычна ставіцца да перспектывы пераезду ў Арменію. Ён кажа, што нягледзячы на апошнія палітычныя перамены і курс аддалення ад Расеі, краіна недастаткова бяспечная для беларусаў. У гэтай краіне фіксаваліся палітычныя знікненні грамадзянаў Расеі, хаця з беларусамі і не было падобных праблемаў. Таксама сітуацыя ўскладняецца знаходжаннем у Арменіі расейскай вайсковай базы.
Кісляк раіць загадзя паклапаціцца пра дакументы і здабыццё візаў для пераезду ў крытычнай сітуацыі. Для гэтага пад рукой заўжды варта мець неабходныя кантакты адпаведных беларускіх і міжнародных арганізацый для экстраннай дапамогі. Ён нагадвае, што дыпламатычныя місіі Польшчы і некаторых іншы краінаў ЕЗ ідуць насустрач у дапамозе беларусам. Таксама ён раіць загадзя рабіць копіі важных дакументаў і мець іх пры сабе.
