
Міжнародная арганізацыя міграцыі (IOM) апублікавала новы даклад пра становішча ўкраінцаў у Беларусі. Паводле ацэнкі арганізацыі, цяпер у краіне жывуць каля 43 тысяч грамадзянаў Украіны, і большасць з іх не плануе зʼязджаць найбліжэйшым часам. Шмат хто знайшоў працу, арандуе жытло і ўладкаваў дзяцей у школы, аднак назваць іхнае жыццё стабільным складана: амаль дзевяць з дзесяці апытаных маюць патрэбу ў фінансавай дапамозе, а галоўнымі праблемамі застаюцца грошы, пошук адпаведнай працы і доўгатэрміновае жытло.
Колькі ўкраінцаў прыехала і засталося ў Беларусі
Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, з 24 лютага 2022 года да 1 чэрвеня 2025 года ў Беларусь з тэрыторыі Украіны заехалі 321 668 грамадзянаў Украіны. Пазней ведамства перастала публікаваць агульны назапашаны вынік і перайшло на штомесячныя зводкі. Калі скласці апублікаваныя звесткі за перыяд з чэрвеня 2025 года да траўня 2026-га, атрымаецца, што за гэты час у краіну ўехалі яшчэ каля 78 тысяч грамадзянаў Украіны. Такім чынам, з пачатку поўнамаштабнай вайны Беларусь зафіксавала прыкладна 400 тысяч прыбыццяў украінцаў.
Менавіта на такія лічбы звычайна спасылаюцца ўлады Беларусі і дзяржаўныя медыі. Увосень 2025 года пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі пра гатовасць прымаць украінцаў прапагандыст Грыгорый Азаронак казаў пра больш як 320 тысяч украінцаў, якія нібыта пераехалі ў Беларусь пасля пачатку вайны. Аднак у статыстыку Дзяржаўнага памежнага камітэту могуць трапляць паўторныя ўезды адной і той жа асобы, транзітныя паездкі, вяртанне дадому ды паездкі праз Беларусь у Расею ці іншыя краіны.
Паводле ацэнкі IOM, сталае ўкраінскае насельніцтва Беларусі складае каля 43 тысячаў чалавек. Агульны дыяпазон ацэнкі – ад 40 да 45 тысячаў. З іх каля 21 тысячы зарэгістраваныя МУС, а прыкладна 25 тысячаў на пачатак траўня 2026 года мелі часовы або сталы дазвол на жыхарства.
Хто гэтыя людзі
Новы даклад IOM заснаваны на апытанні 301 грамадзяніна Украіны, якія жывуць у Беларусі.
Сярод рэспандэнтаў 81 % склалі жанчыны і 19 % – мужчыны. Самая шматлікая ўзроставая група – асобы 40–49 гадоў. Сярод жанчын амаль чвэрць рэспандэнтаў старэйшыя за 60 гадоў, сярод мужчынаў – каля пятай часткі.
Найбольш распаўсюджаны варыянт – семʼі з дзвюх асобаў. Пры гэтым 61 % апытаных паведамілі, што ў іхных семʼях ёсць дзеці да 18 гадоў.
Уразлівасць шмат якіх семʼяў звязаная са здароўем. У 38 % хатніх гаспадарак ёсць прынамсі адна асоба з хранічным захворваннем або той, хто мае патрэбу ў сталым лячэнні. У 47 % хатніх гаспадарак ёсць асоба з сурʼёзным захворваннем або асаблівымі патрэбамі. Сярод семʼяў з асобамі сталага веку такія праблемы сустракаюцца асабліва часта – у 78 % выпадкаў.
Не зважаючы на распаўсюджанае ўяўленне пра ўцекачоў як пра сацыяльна ўразлівую групу, шмат якія ўкраінцы ў Беларусі маюць дастаткова высокі ўзровень адукацыі. Вышэйшую адукацыю атрымалі 31 % апытаных, яшчэ 47 % скончылі сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную навучальную ўстанову.
Сярод рэспандэнтаў з адукацыяй вышэй за сярэднюю найбольш распаўсюджанымі кірункамі падрыхтоўкі аказаліся бізнес, адміністраванне і права (24 %), інжынерыя, вытворчасць і будаўніцтва (19 %), сфера паслуг (17 %), адукацыя (11 %), а таксама ахова здароўя і сацыяльная дапамога (10 %).
Адкуль яны прыехалі
Самая вялікая група сярод апытаных – выхадцы з Данецкай вобласці. Яны склалі 41 % рэспандэнтаў. Далей ідуць Харкаўская вобласць – 9 %, Чарнігаўская – 8 % і Днепрапятроўская – 7 %.

Большасць апытаных (77 %) прыехалі ў Беларусь беспасярэдне з Украіны. Аднак для часткі рэспандэнтаў яна сталася ўжо не першай краінай пасля адʼезду: перад пераездам у Беларусь 7 % жылі ў Польшчы, 5 % – у Нямеччыне, рэшта – у іншых еўрапейскіх краінах. Сярод тых, хто прыбыў з трэціх краінаў, амаль палова пражыла там ад аднаго да двух гадоў, а 38 % – больш за два гады.
Галоўным маршрутам уезду стала Польшча. Праз яе прыбылі 87 % апытаных. Беспасярэдне з Украіны ўехалі толькі 5 %. Яшчэ па 3 % прыехалі праз Літву, Латвію і Расею.
Чаму абіраюць Беларусь
Галоўнаю прычынай адʼезду з Украіны для 90 % рэспандэнтаў сталася вайна. Яшчэ 28 % назвалі абмежаваны доступ да паслуг, 13 % – эканамічныя прычыны, 9 % – шлюб або ўзʼяднанне сямʼі.
Сярод тых, хто мае намер застацца ў Беларусі, 58 % назвалі важным фактарам мову. Яшчэ 41 % указалі на блізкасць да дому, 26 % – на наяўнасць сваякоў у Беларусі. Для 18 % прычынаю сталася адмова ва ўездзе ў Расею, для 17 % – больш адпаведная сістэма абароны, для 16 % – магчымасць уладкаваць дзяцей у школу, для 14 % – шанцы знайсці працу.
Беларусь усё менш падобная да часовага прыпынку
Параўнанне з папярэднім даследаваннем IOM пра ўкраінскіх уцекачоў у Беларусі, праведзеным у 2023-м, паказвае, што за апошнія тры гады планы шмат якіх перасяленцаў прыкметна змяніліся. Тады толькі 62 % рэспандэнтаў не збіраліся пераязджаць у іншую краіну за найбліжэйшыя шэсць месяцаў, 16 % планавалі адʼезд, а 28 % не ведалі, што будуць рабіць далей.
У новым даследаванні 89 % апытаных заявілі, што не плануюць пакідаць Беларусь за найбліжэйшыя паўгода. Толькі 2 % маюць намер пераехаць у іншую краіну, а 9 % пакуль не вызначыліся.
Ніхто з удзельнікаў даследавання не заявіў пра планы вярнуцца ва Украіну цягам найбліжэйшых шасці месяцаў. Калі казаць пра больш доўгатэрміновыя перспектывы, 67 % паведамілі, што не хочуць вяртацца, 9 % сказалі, што не могуць вярнуцца дадому, а 16 % не змаглі адказаць. Толькі 6 % гатовыя вярнуцца, калі ўмовы дазволяць.
Працуюць амаль столькі ж, але часцей не паводле спецыяльнасці
Да адʼезду з Украіны працавалі 54 % рэспандэнтаў, у Беларусі на момант апытання – 53 %. Аднак калі ва Украіне 42 % працоўных рэспандэнтаў былі занятыя ў прафесійных сферах, што патрабуюць высокай кваліфікацыі, то ў Беларусі такіх засталося толькі 16 %.
Адначасова вырасла доля занятых у сферы паслуг, продажаў і простых прафесіях. Сярод тых, хто да адʼезду працаваў спецыялістам, 37 % на момант апытання аказаліся беспрацоўнымі. Шмат хто быў вымушаны пагадзіцца на працу, якая не адпавядае іх адукацыі і прафесійнаму досведу.
Гэта дапамагае растлумачыць, чаму высокі ўзровень занятасці не азначае фінансавага дабрабыту. Большасць працаўладкаваных працуе афіцыйна – фармальны працоўны кантракт маюць 93 % працоўных рэспандэнтаў. Аднак праца часта не дазваляе захаваць ранейшага ўзроўню даходаў і прафесійнага статусу.
Сярод тых, хто не быў задаволены сваёй працай, найчасцей называлі нізкі заробак, цяжкія ўмовы працы і фізічна цяжкую працу. Асноўнымі перашкодамі для працаўладкавання рэспандэнты называлі стан здароўя, узрост, непрызнанне кваліфікацыі і нястача інфармацыі пра вакансіі.
Украінцы застаюцца, але бяднеюць
Фінансавая дапамога застаецца галоўнаю патрэбай украінцаў у Беларусі. У 2023 годзе пра яе казалі 84 % рэспандэнтаў, у новым даследаванні – ужо 87 %.
Галоўнаю крыніцаю сродкаў да існавання стаўся даход ад працы – яго назвалі 69 % апытаных. Аднак палова рэспандэнтаў працягвае выкарыстоўваць асабістыя ашчаджэнні, а 41 % атрымлівае падтрымку ад сваякоў або сваёй супольнасці.
Пры гэтым 15 % хатніх гаспадарак паведамілі пра адсутнасць даходу. Яшчэ 24 % жывуць менш як на 1000 рублёў за месяц. Даход больш як 3000 рублёў указалі толькі 3 % семʼяў.
Калі ўдзельнікаў даследавання папрасілі назваць асноўныя перашкоды для інтэграцыі, на першым месцы апынуліся фінансавыя цяжкасці – 55 %. Далей ішлі складанасці з пошукам адпаведнай працы – 35 % і доўгатэрміновым жытлом – 31 %.
Жытло: большасць арандуе, але плаціць складана
62 % апытаных арандуюць жытло. Яшчэ 9 % жывуць у семʼях або ў знаёмых задарма, 8 % маюць уласнае жытло, па 7 % пражываюць у жытле працадаўцы, калектыўных цэнтрах або самастойна аплочваюць гатэль ці інтэрнат.
Сярод семʼяў з дзецьмі арандуюць жытло 70 %. Сярод семʼяў з пажылымі людзьмі – 48 %.
Пра наяўнасць хаця б адной жыллёвай праблемы паведамілі 40 % хатніх гаспадарак. Сярод семʼяў з асобамі сталага веку такіх 51 %, сярод семʼяў з дзецьмі – 30 %.
Найбольш распаўсюджанай праблемай аказаліся фінансавыя цяжкасці, звязаныя з аплатаю жытла. Пра іх паведамілі 21 % рэспандэнтаў.
Дзеці ў школах, медыцына без страхоўкі
Сярод хатніх гаспадарак з дзецьмі школьнага веку 92 % паведамілі, што дзеці наведваюць мясцовыя школы. Яшчэ 3 % вучацца онлайн ва ўкраінскай школе, 1 % – на хатнім навучанні, а 5 % не наведваюць школы.
Сярод семʼяў з дзецьмі маладзейшымі за пяць гадоў 96 % паведамілі, што дзіця наведвае сад або іншыя формы дашкольнага догляду.
64 % рэспандэнтаў заявілі, што нішто не перашкаджае ім звяртацца па медычную дапамогу. Аднак 23 % назвалі перашкодаю кошт лячэння або нястачу грошай, яшчэ 8 % паскардзіліся на чэргі і працяглае чаканне.
Пры гэтым медычнай страхоўкі не маюць 95 % апытаных. Сярод семʼяў, дзе ёсць асоба з сурʼёзным захворваннем або асаблівымі патрэбамі, гэты паказнік дасягае 99 %.
За гады жыцця ў Беларусі сувязь з краінаю мацнее
Амаль сем з дзесяці рэспандэнтаў апісалі сваю сувязь з Беларуссю як вельмі шчыльную або надзвычай шчыльную. Яшчэ 27 % назвалі яе ўмерана шчыльнаю.
38 % паведамілі, што ніколі не адчуваюць сябе чужымі ў краіне, яшчэ 36 % адчуваюць такое пачуццё рэдка.
Даследнікі адзначаюць, што пачуццё сувязі з Беларуссю ўзмацняецца ў парадку павелічэння тэрміну пражывання ў краіне. Сярод украінцаў, якія прыехалі ў 2022 годзе, паказнік адчування прыналежнасці да беларускага грамадства складае 0,85 паводле шкалы ад 0 да 1, у той час як сярод тых, хто прыбыў у 2026 годзе, – 0,55. Іншымі словамі, людзі, якія пражылі ў Беларусі некалькі гадоў, значна часцей адчуваюць сябе часткаю мясцовай супольнасці, чымся тыя, хто прыехаў нядаўна.
Аднак высокі ўзровень адаптацыі не азначае развязання асноўных праблемаў. Большасць апытаных не збіраецца зʼязджаць з Беларусі, працуе, арандуе жытло і выхоўвае дзяцей. Але 87 % надалей называюць фінансавую дапамогу сваёй галоўнаю патрэбаю. Менавіта нястача грошай застаецца галоўным выклікам для ўкраінцаў, якія пастанавілі звязаць сваё жыццё з Беларуссю.
