«Традыцыя павінна жыць поруч з намі». Інтэрв’ю з Ларысай Шчыраковай

Этнаграфія, народны строй, фатаграфія і праца з культурнай спадчынай — усё гэта аб’ядноўвае дзейнасць Ларысы Шчыраковай. У інтэрв’ю для «Будзьма» яна распавядае пра сваю калекцыю аўтэнтычнага адзення, працу над этнафотасесіямі і пра тое, чаму беларускую традыцыю важна не толькі захоўваць, але і развіваць.

Ларыса Шчыракова. Фота з архіва Ларысы Шчыраковай

— Ларыса, распавядзіце, калі ласка, як пачалося ваша захапленне этнаграфіяй?

— Маё захапленне этнаграфіяй і фальклорам пачалося ў 1994 годзе. Будучы студэнткай гістарычнага факультэта Гомельскага ўніверсітэта, я трапіла ў моладзевую грамадскую краязнаўчую арганізацыю «Талака» і зацікавілася беларускай народнай культурай, нашай традыцыяй. Як сябра гэтай арганізацыі я хадзіла ў этнаграфічныя экспедыцыі па Гомельскай вобласці, збірала матэрыялы, бачыла тканыя і вышываныя артэфакты, паглыблялася ў культуру рэгіёна. Мяне тады ўсё гэта па-вар’яцку захапіла. І я пачала калекцыянаваць тканыя і вышываныя рушнікі, стары тэкстыль, адзенне са льну і бавоўны.

— Як фармавалася ваша калекцыя?

— Калекцыя фарміравалася рознымі шляхамі — некаторыя рэчы я атрымлівала ў падарунак падчас экспедыцый, штосьці набывала.

Адным са спосабаў папаўнення маёй калекцыі была гомельская барахолка — там таксама можна было знайсці аўтэнтычныя рушнікі, посцілкі і адзенне.

— Ці ёсць у вас любімы рэгіён у Беларусі?

— Так, гэта Гомельшчына — адтуль паходзяць мае продкі, я жыла ў гэтай вобласці, хадзіла ў экспедыцыі і даследавала менавіта гэты рэгіён. Люблю вёску Неглюбку Веткаўскага раёна. Там захавалася багатая ткацкая традыцыя, унесеная ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. І Калінкавіцкі раён мне даспадобы таксама — захапляюся яго традыцыйнымі строямі, лічу іх самымі прыгожымі на Гомельшчыне.

Фота з архіва Ларысы Шчыраковай

— Вы ладзілі этнафотасесіі ў Гомелі, зараз працягваеце гэту практыку ў Беластоку. Як вы прыйшлі да фатаграфіі?

— Фатаграфіяй я захапляюся з дзяцінства. Калі мне было дванаццаць гадоў, бацькі падарылі мне адзін з самых дарагіх савецкіх фотаапаратаў — «Зеніт».

Мой тата здымаў на «Змену», а ў мяне ўжо быў такі дарагі і складаны фотаапарат. Я фатаграфавала, пасля сама рабіла фотаздымкі — праяўляла, друкавала.

Потым я не тое каб страціла цікавасць, але фатаграфаваць перастала. А зноў вярнулася да фатаграфіі, калі пачала супрацоўнічаць з «Белсатам». Тады ўжо больш актуалізаваліся ўсе мае навыкі фота- і відэаздымкі.

Дзякуючы майму багатаму досведу я маю ўяўленне пра кампазіцыю, позы, глыбіню кадра, планы і ўсё іншае. Але я таксама разумею, што арт-фатаграфія, партрэтная фатаграфія мае свае асаблівасці. Гэта не так проста — рабіць сапраўды мастацкія здымкі, таму, нягледзячы на свой вопыт у фатаграфіі, я ўвесь час імкнуся развівацца.

— А як увогуле ўзнікла ідэя рабіць этнафотасесіі?

— Першыя спробы этнафотасэтаў былі ў мяне яшчэ ў 2019 годзе. Тады я толькі пачынала, зрабіла пару фотасесій і кінула — напэўна, не хапіла натхнення. Другая спроба, ужо больш удалая, была ў другой палове 2022 года, калі я засталася без працы, таму што медыярэсурсы, з якімі я супрацоўнічала, былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Дзеля бяспекі я вырашыла не працягваць супрацу. Тады перада мной паўстала пытанне, чым займацца. І я падумала: у мяне вялікая добрая калекцыя аўтэнтычнага беларускага адзення, ручнікоў, ёсць веды ў галіне фатаграфіі і купа вольнага часу — трэба рабіць этнафотасесіі.

І я вельмі хутка пачала рэалізоўваць гэтую ідэю: аформіла прадпрымальніцтва, заснавала профіль у Instagram «Этнафотасэты Гомель» і пачала актыўна рэкламавацца, запрашаць людзей.

— Ці атрымалася зацікавіць беларусаў вашым творчым праектам?

— Мне здаецца, што напачатку я была даволі наіўная. Я гарэла гэтым праектам, бо гэта ж пра нашае — роднае, беларускае.

Мне падавалася, што дастаткова апрануць чалавека ў аўтэнтычную беларускую сарочку — і гэта ўжо неверагодна прыгожа.

Але зацікавіць людзей — не маіх знаёмых ці такіх самых аматараў беларускай культуры, як я сама, а больш шырокія колы — аказалася няпроста. 

Мне давялося добра папрацаваць над матэрыяльнай базай, перш чым з’явілася рэальная зацікаўленасць маімі этнафотасесіямі.

Фота з архіва Ларысы Шчыраковай

— А чым адметныя вашыя фотасэты?

— Асаблівасць маіх фотасэтаў у тым, што я выкарыстоўваю аўтэнтычнае адзенне. Гэта значыць, што рэчам, у якія я апранаю ўдзельнікаў фотасесій, па 80–100 гадоў. І на фотаздымках бачна, што гэта не «навадзел». У асноўным у маёй калекцыі строі з Калінкавіцкага і Веткаўскага раёнаў. Ёсць і з іншых мясцін, але літаральна ў адзіным экзэмпляры.

— Ці атрымалася раскруціць этнафотапраект у Польшчы?

— Шчыра кажучы, зараз у мяне няшмат ахвотных удзельнічаць у этнафотасэтах. Я разумею, што ёсць прычыны, з-за якіх няпроста аднавіць праект — напрыклад, я была пераканана, што ў якасці інструмента прасоўвання паслуг у мяне ёсць раскручаны Instagram, і ён такі, які быў у 2022 годзе. Тады гэта добра на мяне працавала, прыводзіла кліентаў. Калі ж я аднавіла праект і пачала выкладаць фотаздымкі, то хутка зразумела, што Instagram ужо не той.

Зараз я адкрыла для сябе Threads, і там сітуацыя крыху лепшая. Threads па колькасці лайкаў і па падпісчыках мне нагадвае 2022 год, таму я не губляю надзеі і веру, што ў мяне ўсё атрымаецца. Зараз знаходжуся на этапе раскруткі гэтай справы.

— Як можна трапіць на вашыя фотасесіі?

— Трэба напісаць да мяне ў Threads альбо ў Facebook ці Instagram. Ларыса Шчыракова. Мы дамовімся пра час і зробім фотасесію.

Фота з архіва Ларысы Шчыраковай

— А дзе і як адбываюцца вашыя фотасэты ў Польшчы?

— Я фатаграфую ў Беластоку і ваколіцах. Чалавек прыходзіць да мяне дадому, пераапранаецца ў строй. Пасля ёсць два варыянты: студыйная фотасесія ці фотасесія на прыродзе.

Студыйныя здымкі робяцца на фоне тканых посцілак, ручнікоў і дываноў. Таксама ёсць адна лакацыя, якая мне вельмі падабаецца, — Падляшскі музей народнай культуры, які знаходзіцца недалёка ад Беластока. Там ёсць сялянскія хаты, гэта цудоўнае месца, дзе можна фатаграфавацца ў строях. Традыцыйнае адзенне глядзіцца там вельмі арганічна. Тое, як нацыянальны строй выглядае на фоне шэрых негабляваных бярвенняў, мне падабаецца больш за ўсё.

— Ларыса, вы былая палітзняволеная, падзяліцеся, калі ласка, ці была ў вас магчымасць займацца творчасцю за кратамі? Ці атрымалася не згубіць у цяжкіх умовах сябе і сваю любоў да этнаграфіі?

— Творчасць? Ну, канешне, ніякай творчасці там быць не магло. Але за кратамі ўсе ведалі, што я захапляюся этнаграфіяй і займаюся этнафотасэтамі. Я папрасіла сваю сястру раздрукаваць фотаздымкі з майго акаўнта і прыслаць мне.

У мяне ў вязніцы быў вялікі-вялікі стос — недзе сорак фотаздымкаў з маімі працамі. І як толькі ў атрадзе з’яўляўся новы чалавек, з якім я добра камунікавала, я паказвала свае працы і імкнулася распавесці пра строі, рушнікі, нашу культуру і традыцыю.

То-бок, так, у мяне за кратамі была своеасаблівая місія па захаванні беларускай традыцыі.

— Як, на вашу думку, можна паспрыяць развіццю традыцыйнай культуры ў Беларусі?

— У традыцыйнай беларускай культуры вельмі вялікі патэнцыял, якім, на маю думку, трэба карыстацца. Напрыклад, можна займацца ткацтвам у Веткаўскім музеі, у Гомелі, у Неглюбцы. Але ткацкую традыцыю трэба пашыраць не толькі праз музеі — я маю на ўвазе абрады, рамёствы і этнаграфію ў самым шырокім сэнсе. Гэта ўсё вельмі важна, і гэта трэба падтрымліваць і папулярызаваць.

Я нядаўна чытала артыкул пра тое, што рэгіёны, якія мяжуюць з Украінай, вельмі пацярпелі ў турыстычным плане. Дзяржава кампенсуе, падтрымлівае, заахвочвае людзей, каб яны ўсё ж туды ехалі і падтрымлівалі мясцовы турызм.

Я лічу, што традыцыйная культура цесна звязаная з турызмам, які ў Беларусі неабходна развіваць.

Ларыса Шчыракова. Фота з архіва Ларысы Шчыраковай

— Якія праекты вы яшчэ плануеце рэалізаваць?

— Мне хочацца, каб традыцыя была ўключаная ў сучаснае жыццё.

Натуральна, што людзі не будуць хадзіць у строях. Але варта, каб як мага больш элементаў — узораў, арнаментаў — выкарыстоўвалася ў сучасным мадэляванні, каб традыцыя жыла, не была выключна музейнай, дакументальнай. Для мяне важна, каб традыцыя працягвала існаваць поруч з намі. Таму я імкнуся развівацца ў гэтым кірунку.

Напрыклад, у мяне была неглюбская сарочка ў вельмі кепскім стане. Я адрэзала ад яе рукавы — цалкам тканыя, чырвоныя. Таксама ў мяне ёсць розныя ручнікі, пераважна вышываныя. Я расклала гэтыя рукавы, паклала адзін ручнік, другі, трэці і папрасіла ChatGPT зрабіць эскізы сукенак. І атрымаліся вельмі цікавыя вынікі. Гэта сапраўды стымулюе творчасць. 

Я хачу адфатаграфаваць усю сваю калекцыю: карункі, узоры, адзенне — усё-ўсё. І прапанаваць гэта людзям, каб яны маглі выкарыстоўваць гэтыя матывы ў аксесуарах і вопратцы.

— Што для вас Беларусь сёння?

— Сёння Беларусь для мяне — гэта недасягальная мара. Я не магу, але вельмі хачу вярнуцца дадому. Я жыву недалёка ад мяжы, за пяцьдзясят кіламетраў. Гляджу на гэтую мяжу і чакаю толькі аднаго — калі можна будзе прыехаць назад. Хачу жыць дома і памерці таксама дома.

Запісацца на фотаэтнасесію і пазнаёміцца з творчасцю Ларысы магчыма па спасылцы.

Наста Пабягунская, budzma.org