«Я страціў зрок на адно вока і, калі гляджу на прадмет левым вокам, бачу татальную абстракцыю». У Мінску распачалася выстава Захара Кудзіна

У мінскай галерэі DK (Герцэна, 2а) адкрылася выстава Untitled у памяць пра мастака Захара Кудзіна, якому споўнілася б 37 гадоў. Чатыры гады таму ён трагічна загінуў — і сёлета пад куратарствам яго маці Наталлі адкрылася экспазіцыя, дзе можна ўбачыць творы самага маладога беларускага мастака, чыя праца знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея, — паведамляе CityDog.io.

Хто такі Захар Кудзін

Захар Кудзін — самы малады мастак, праца якога ўваходзіць у калекцыю Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Ён працаваў у напрамку нейра-арт, займаўся скульптурай, жывапісам, дыджытал-мастацтвам. Мастак выстаўляўся ў Беларусі, ЗША, Польшчы, Германіі, прадстаўляў Беларусь на Міжнароднай біенале ў Пекіне, удзельнічаў у мінскім фестывалі Vulica Brasil, кірмашы Art Vilnius.

У 2019 годзе Захар Кудзін сыграў галоўную ролю (самога сябе) у фільме «Чыстае мастацтва» рэжысёра Максіма Шведа. Адзін з апошніх твораў мастака — мурал «Ледзяны палёт. Гарачы космас», зроблены падчас мінскага фестывалю Vulica Brasil у 2019 годзе. У тым жа годзе, у свае 33 гады, мастак пайшоў з жыцця, пакінуўшы пасля сябе вялікую мастацкую спадчыну.

Каб лепш зразумець талент і незвычайнасць Захара, пачытайце ўрывак аднаго з апошніх яго інтэрв’ю: 

— Для пачатку распавядзіце, што вы робіце. Што за не-е-йл… Нейра-арт?

— Нейл-арт! Пазногці дзяўчынкам размалёўваю.

— Ну, для тых, хто гэтым займаецца, гэта таксама мастацтва.

— Ды ўвогуле ўсё мастацтва. Нават тое, як вы трымаеце кубак.

— Але што робіце менавіта вы?

— Я займаўся і займаюся нейра-мастацтвам. Гэтае азначэнне шмат хто лічыць надуманым, але проста трэба ўнікаць, глядзець і разумець. Не хаваю, каб успрыняць патрэбны нейкі бэкграўнд. Проста так, нахрапам, гэта здаецца дэкаратыўным пано. Але гэта не так.

Я называю гэта жывапісам уздзеяння, аб’ектыўным рэалізмам. Не ведаю, як менавіта яно ўздзейнічае на кагосьці, але дакладна ўздзейнічае — і інакш, чым іншыя карціны.

Я сышоў ад традыцыйных формаў прастакутніка і квадрата і ствараю свае формы.

— Але што ж такое нейра-арт?

— Я страціў зрок на адно вока і калі гляджу левым вокам на прадмет, які да гэтага не бачыў і ён у мяне ў мозгу не зафіксаваны, то гляджу на татальную абстракцыю. Нават не разумею, на што я гляджу.

Вось гэтая затрымка, ўзніклая паўза, і дае ўяўленне пра нейкае амаль паралельнае вымярэнне, у якім я знаходжуся. Хоць гэта ўсё тая ж рэальнасць.

На аснове гэтага я сфарміраваў мастацтва: калі глядзіш на мае аб’екты, спачатку не разумееш, на што ты глядзіш і як гэта ўспрымаць.

У гэты момант мозг адчувае, з аднаго боку, шок, а з іншага — поўную свабоду. Адчуванне татальнай свабоды, таму што ты сустракаешся з невядомым і не ведаеш, чаго чакаць. Узнікае лёгкая эйфарыя.

З гэтым я і працую. Гэта дапамагае абнавіцца, па-новаму зірнуць на навакольны свет. Я не ствараю новыя сусветы, я працую з ужо існуючай прасторай, трансфармую і падкрэсліваю яе. На кантрасце яно становіцца нават больш рэальным.

— Страта зроку шмат для каго сталася б праблемай, а вы не гаворыце пра гэта як пра нешта негатыўнае.

— Я проста не акцэнтую гэта.

У мяне была выстава «Жывапіс левым вокам», я вывучаў працэсы самога бачання. Усе мы па-рознаму бачым, нават чыста фізічна: адрозніваецца колераадчуванне, рэзкасць. Бачанне фарміруе нашую свядомасць, мы бачым нейкія рэчы і ўзаемадзейнічаем з імі менавіта праз зрок.

І калі радыкальным чынам змяняецца тваё бачанне, свядомасць пачынае працаваць па-іншаму.

У мяне была глаўкома. Наўпрост кажучы, гэта нібы згараюць усе нервы ў воку, як перагараюць электрычныя правады. Праводку памяняць можна, а нервы пакуль замяніць нельга.

Ёсць тэорыя, што мастак павінен быць аднавокім. Нават у вучылішчы нам заўсёды казалі: «Хочаце маляваць — прыкрыйце адно вока, мерайце прапорцыі».

Адлегласць паміж вачыма стварае нейкі зрокавы дысананс: калі мы паспрабуем паглядзець то адным вокам, то іншым, убачым, што, нават знаходзячыся ў адной кропцы, глядзім з розных ракурсаў. Таму і свет успрымаем крыху неадназначна.

А калі вока адно — і пункт гледжання адзін, і ён даволі дакладны. Так прасцей. Але, вядома, даволі жудасна, калі разумееш, што ў цябе толькі адно вока.

Паглядзіце на працы Захара Кудзіна з выставы Untitled.

Выстава Untitled працягонецца ў галерэі DK (Герцэна, 2а) да 9 красавіка. Усе выстаўленыя працы Захара можна набыць.

Галерэя працуе з чацвярга па суботу з 12:00 да 20:00, у нядзелю з 12:00 да 18:00.

budzma.org паводле citydog.io