Годная сястра свайго вялікага брата

Валянціна Быкава. Бычкі, 2004 год

На адкрыццё Музея-сядзібы Васіля Быкава ў Бычках, прымеркаванае да 80-годдзя народнага пісьменніка, мы адчайна спазняліся. Мы – гэта Рыгор Барадулін з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай, літаратуразнаўца Сяргей Шапран і аўтар гэтых радкоў. Прычына спазнення папахвала містыкай.

Выехалі мы з часавым запасам, каб лішне не спяшацца і ўдосталь нагаварыцца з Рыгорам Іванавічам – суразмоўцам надзвычай цікавым. Асабліва калі ён у добрым гуморы. Тою раніцай паэт быў у гуморы і яшчэ ў горадзе пачаў расказваць розныя гісторыі з калялітаратурнага жыцця.

На пад’ездзе да Бараўлянаў Барадулін весела паведаміў: “А вось тут у Васіля заўсёды машына псавалася”. Не паспелі мы згадаць удзячным словам тую быкаўскую “Волгу”, на якой пісьменнік аб’ездзіў абшар ад Балтыйскага да Чорнага мораў, як мая да гэтай пары безадказная “Аўдзі-80” пару разоў падазрона чмыхнула і… заглухла.

Барадулін асабліва не здзівіўся, мы з Сяргеем здзівіліся супадзенню і з разумнымі мінамі на тварах палезлі пад капот, а Валянціна Міхайлаўна адразу за прыдарожнай канавай бесклапотна пачала збіраць палявыя кветкі. Назбірала вялікі букет, а мы ўсё стаялі – парваўся генератарны пас. Пакуль прыехаў аўтарамонтнік, пакуль ён знімаў стары і ставіў новы пас, мінула гадзіны паўтары.

Давялося мне ўвесь астатні шлях трымаць хуткасць на максімуме. Мы амаль і паспелі б да пераразання чырвонай стужачкі, але тут Барадулін папрасіў заехаць у вёску Ваўчо да Валянціны Уладзіміраўны Быкавай, каб завезці ў Бычкі і яе. Маўляў, такой бяды, перарэжуць стужачку і без нас.

Заехалі. Сястра пісьменніка ўжо зачакалася, і неўзабаве мы ўсе разам пад’язджалі да яе роднай вёскі. Калі на даляглядзе паказаліся першыя хаты, пад коламі прыемна зашархацеў гладкі, хоць бокам каціся, асфальт. “Васілёва дарога”, – усміхнулася Валянціна Уладзіміраўна. Я запаволіў хуткасць і навастрыў вушы. Аказваецца, дарога тут раней была дрэнная, “падвязвай зубы”, як кажуць у народзе. Асфальт пакласці дапамог Васіль Быкаў, патраціўшы на ўгаворы рознага ўзроўню начальнікаў нямала высілкаў і часу. І ўдзячныя землякі назвалі асфальтоўку да Бычкоў у гонар Быкава – Васілёвай.

Васілёва дарога… Жыццёвая дарога, якая пачалася на азёрнай Ушаччыне, пралегла праз пякельныя франты Другой сусветнай і завяршылася доўгай дарогай дадому з вымушанага замежжа.

Пра Васілёву дарогу, што вядзе да Бычкоў, я ўспомніў, калі прачытаў успаміны Валянціны Быкавай – пра брата, пра іх бацькоў, пра ваенную блакаду і пасляваенную нішчымніцу. Свае ўспаміны Валянціна Уладзіміраўна пісала ў 2012-2013 гадах па настойлівай просьбе народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнка і яе мужа Генадзя Кап’ёва. Пісала ў лістах, якія Зінаіда Аляксандраўна акуратна зберагла і нядаўна перадала ў “Народную Волю” – для публікацыі.

На жаль, жыццёвы шлях самой Валянціны Быкавай завяршыўся трагічна. Аўдавеўшы, яна жыла адзінока ў вёсцы Ваўчо. Травеньскай ноччу 2016 года ў хату да яе, старой пенсіянеркі, залезлі рабаўнікі, нейкія мясцовыя выпівохі-ашавуркі. Гаспадыня пачула шум у сенцах, выйшла і, атрымаўшы ўдар па галаве, страціла прытомнасць. Памерла прыкладна праз месяц у Віцебскай абласной бальніцы, не дажыўшы ўсяго чатыры дні да 90-годдзя…

А тады, на братавы 80-я ўгодкі ў ажыўленых на дзень Бычках, Валянціна Уладзіміраўна падышла да свайго агароджанага новым парканам дворышча і малітоўна склала рукі: “Стаіць мая хатка, красівая, беленькая – як цэркаўка”. І тады ж мне падумалася – дык за ёй запісваць трэба, запісваць усё, што яна ўспомніць, але ці знойдзецца каму?

На шчасце, Валянціна Быкава многае паспела запісаць сама.

Сціплая, працавітая, гарапашная і надзіва дабрадушная беларуская жанчына, годная сястра свайго вялікага брата.

Міхась Скобла, nv-online.info

Валянціна Быкава

ВАСІЛЁВА ДАРОГА

Бацькі: мама з Заходняй, тата з Усходняй

Бацька наш Уладзімір Фёдаравіч Быкаў нарадзіўся ў 1888 годзе ў вёсцы Бычкі, дзе і пражыў усё жыццё. У яго былі два браты і дзве сястры, усе яны жылі ў суседніх вёсках. Адну сястру ў 1932 годзе разам з мужам раскулачылі і выслалі ў Сібір, другую сястру не зачапілі, але яе мужа таксама рэпрэсавалі.

Бацька служыў у царскай арміі унтэр-афіцэрам, быў даволі адукаваны, закончыў чатыры класы польскай школы. Падчас першай германскай вайны трапіў у палон, два гады працаваў у баўэра ў Германіі. Успамінаў, што жылося там някепска, гаспадар добра карміў. Вярнуўшыся дахаты, ажаніўся з вясковай дзяўчынай. Але пражылі яны мала – жонка памерла пры родах, не выжыла і дзяўчынка-немаўля.

Праз некалькі гадоў бацька ажаніўся ў другі раз – на нашай маме Ганне Рыгораўне. Яна жыла таксама ў Бычках, была ўдавой – яе першы муж паехаў на заробкі ў Расію і там прапаў. У мамы ад яго была дачка, якая памерла, маючы гадоў сямнаццаць. Мама жыла са свёкрам і свякроўю, якая была зусім сляпая, ёй патрэбны быў штодзённы догляд. Калі і свёкар занядужаў, і не было каму працаваць на гаспадарцы, мама ўзяла бацьку ў прымакі.

Бацька і маці пражылі ўсё жыццё вельмі дружна, ніколі не лаяліся. Бацька дапамагаў маме даглядаць свойскую жывёлу, пакарміць карову і свіней – была яго работа. Бывала, мама яшчэ спіць, а ён падхопіцца досвіта, абярэ бульбу і надзярэ на тарцы, каб потым хутчэй было зварыць клёцкі.

Мама была родам з Заходняй Беларусі, з Глыбоцкага раёна. Прыехала ў Бычкі, а бацькі яе засталіся за мяжой, у Польшчы. Мама некалькі гадоў не бачыла іх, не ведала, ці хоць жывыя. У 1939 годзе прыйшла Чырвоная армія, Заходняя Беларусь была далучана да БССР, але мяжа (гэта кіламетраў сем за Кублічамі) засталася, яе па-ранейшаму ахоўвалі памежнікі, нікога не пускалі. Мама патаемна прабіралася праз лес, каб наведаць брата (бацькі паўміралі ўжо).

А ў нас у той час быў голад, як мы яго перажылі – сама не ведаю. Хадзілі па палях, шукалі мёрзлую бульбу, летам збіралі розную ядомую траву, шчаўе. Ведаючы пра гэта, дзядзька перадаў маме вялікі кулёк мукі і бараноў кумпячок. Гэта і Васіль любіў успамінаць, якой смачнай была тая бараніна.

Бацьку падазравалі ў шпіянажы

У Кублічах была савецкая памежная камендатура, з яе прыязджалі некалькі разоў да бацькі, дапытваліся, як часта ён бываў у цесця ў Польшчы – падазравалі ў шпіянажы. Бацька аднекваўся, мы вельмі баяліся, што яго арыштуюць, але, дзякуй Богу, абышлося.

У вёсцы тады часта адбываўся хапун, і многіх сялян павывозілі цэлымі сем’ямі. Сярод вяскоўцаў быў наводчык, які падказваў, каго хапаць.

Калі быў арганізаваны калгас, усё абагулілі. І быў голад, і не было чаго есці, і грошай не было. А бацька якраз пачаў будаваць новую хату, бо ў старой, сырой і халоднай, з цаглянай падлогай, ужо немагчыма было жыць.  Улады не давалі добрага лесу на хату, выпісалі танкаватае бярвенне, у калгасе было не дамагчыся каня.

Бацька, вечны яму супакой, быў вельмі працалюбны і майстар на ўсе рукі. Усё рабіў сам – і вокны, і дзверы, і столь. Праўда, і новая хата цяпла не трымала, тады бацька абмазаў сцены глінай і ашаляваў дошкамі. Іх таксама давялося пілаваць самому. З дошак нашчапаў і дранкі на страху. Усё гэта рабіў урыўкамі, пасля працы ў калгасе, куды ганялі на працу, не даючы выхадных.

Перад самай вайной, калі старшыню калгаса мабілізавалі ў войска, ён на сваё месца парэкамендаваў бацьку, які браць на плечы старшынёўскі груз не хацеў, але што паробіш. Старшыняваў да прыходу немцаў. Пры іх калгаснае дабро і скаціну раздалі людзям, зямлю парэзалі на шнурочкі і таксама раздалі. Тады жылося някепска – тым, хто не ленаваўся працаваць. Сеялі і жалі свой хлеб, былі і коні свае, і каровы, і свінні. Немцы нас не чапалі, толькі ўзімку збіралі цёплае адзенне – кажухі, валёнкі. Пакуль у 1943 годзе не з’явіліся партызаны, вось тады пачалося…

Васіль Быкаў з бацькамі, стрычным братам Іллёй і сястрой Валянцінай. 1960-я гады

Вайна і блакада

У Кублічах стаяў нямецкі гарнізон, партызаны напалі на яго, вывезлі ў лес каменданта і расстралялі некалькі сем’яў – за сувязь з немцамі. Сям’ю ветэрынара і фельчара, яшчэ кагосьці.

Партызаны часта наязджалі ў нашу вёску і стаялі падоўгу, тыдзень і больш. Амаль кожны вечар ладзіліся вечарынкі, быў свой гарманіст, і нам, дзяўчатам, было весела. Электрычнасці не было, то мы прыносілі з дому пук лучыны і палілі ўсю ноч, асвятляючы танцы.

Але жылося цяжка, удзень абіралі немцы, а ноччу партызаны. А калі Ушацкі раён быў канчаткова вызвалены, то партызаны адкрыта стаялі па вёсках, забіралі адзенне, абутак, а людзі былі вымушаны карміць іх. Аднаго разу прыехаў цэлы атрад нібыта смаленскіх, дык у нас забралі ўсё, што знайшлі, бацькаў кажух, валёнкі, зерне ўсё выграблі. І каня забралі, і маладую карову, якая незадоўга перад гэтым у нас з’явілася. Перад вайной карова ў нас была, але здохла – не было чым карміць. І мы некалькі гадоў сядзелі без малака.

А потым пачалася блакада, немцы выбілі партызан і паставілі непадалёку свой гарнізон. Вельмі страшна было. Больш маладзейшыя, і я ў тым ліку, разам з партызанамі кінуліся адступаць. Дайшлі да чыгункі, дзе ў лесе трапілі пад артылерыйскі абстрэл. Потым немцы сталі той лес прачэсваць і страляць усіх падрад – партызан і цывільных. Многа людзей загінула, але мне пашчасціла, дзякуй Богу, вярнуцца дамоў.

Потым немцы наязджалі ў вёскі і ўсё вымяталі з хат – і адзежу, і прадукты. А дзяўчат забіралі ў лагер у Вухвішчы недалёка ад Ушач. Аднаго разу наскочылі і сабралі ўсіх, каго засталі дома. Мы з адной дзяўчынай схаваліся ў прыдарожных кустах. А немцы якраз па той дарозе гналі дзяўчат, і адна з іх нас выдала. Немцы наставілі на нас аўтаматы і далучылі да калоны.

Я прабыла ў лагеры месяц, капалі акопы, кармілі кепска. Мы са знаёмай дзяўчынай рашылі ўцячы з лагера, маладыя былі, смелыя. Канваірамі былі палякі, і яны не вельмі за намі сачылі. Выйшаўшы з лагера, мы пайшлі па дарозе праз лес і на бяду напаткалі двух конных немцаў. Яны нас абшукалі і адправілі на допыт да каменданта ва Ушачы. Канваір на кані, а мы перад ім пешшу, босыя.

Пасля допыту і высвятлення, ці мы не маем сувязі з партызанамі, нас вярнулі ў лагер у Вухвішчы. Там мы прабылі, пакуль не стаў набліжацца фронт. Немцы пачалі адступаць, пастроілі нас у калону і пагналі перад сабой. Так дайшлі аж да Глыбокага, заначавалі ў нейкай вёсцы, у адрыне. Мы ўжо думалі, што нас расстраляюць, але абышлося, назаўтра пагналі далей. І я рашыла зноў уцякаць. Калі калона ішла праз жыта, мы з яшчэ адной дзяўчынай шмыгнулі ў яго, баючыся, каб не пачалі страляць услед.

Прасядзелі ў жыце да вечара, потым нам адна жанчына паказала, у якім баку лес, дзе пахаваліся людзі з навакольных вёсак – цэлымі сем’ямі, нават з каровамі. Мы далучыліся да іх, прабылі там дзён тры. Увесь гэты час лес абстрэльвалі і нашы, і немцы. Потым немцы адступілі, і ўсталявалася цішыня. Тут пранеслася чутка “нашы ідуць!”, і мы рванулі на дарогу. Глядзім, па ёй ідзе адзін наш салдацік, кульгаючы. Мы, дзяўчаты, яго ледзь з радасці не задушылі ў абдымках. Ён ледзь вызваліўся і кажа: зараз пойдзе многа салдат, дык вы іх абнімайце.

І праўда, неўзабаве на дарозе з’явілася і пяхота, і машыны, і танкі. Салдаты прыветна махалі нам, мы ім. Так мы дайшлі да Кубліч. Наша вёска засталася цэлаю, а суседнюю немцы спалілі.

Усю вайну мы ўспаміналі Васіля, не ведалі, ці жывы, плакалі, і бацька плакаў. Ён быў душою жаласны, і па мне плакаў, калі мяне забіралі ў лагер у Вухвішчы. Потым прыйшло ад брата першае пісьмо, што жывы-здаровы, ваюе. І зноў мы плакалі, але ўжо ад радасці. Я адпісала Васілю, што і мы жывы-здаровы, а то ён думаў, што нас ужо і на свеце няма.

А потым прыйшла “пахаронка” на яго. Дзякуй Богу, гэта была памылка, брат застаўся жыць.

Ён ваяваў, вызваляў Балгарыю, Румынію, Венгрыю, Аўстрыю, быў паранены, але ў руку, не цяжка. Падтрымліваў нас, кожны месяц слаў нам грашовы атэстат на 100 рублёў – на той час немалыя грошы. Помню, я хадзіла на кірмаш у Празарокі, купіла курыцу за 50 рублёў і 16 кілаграм гароху, на плячах прынесла дахаты. Мама купіла два вядры бульбы і пасадзіла пад рыдлёўку. Зерня нямнога пасеялі, бацька цялушку купіў, выгадавалі, праз тры гады мелі сваё малако, пачалі патроху разжывацца.

Жыццё пасляваеннае: ад нішчымніцы да Зоркі Героя

Да пачатку вайны я закончыла шэсць класаў школы ў Кублічах і цешылася, што больш не трэба вучыцца. Вось такі дзіцячы розум. Але пасля перамогі зноў пайшла ў школу, у сёмы клас – Васіль угаварыў. Працавала ў калгасе рахункаводам, налічвала працадні калгаснікам. Калі арганізаваўся саўгас, ужо ў кантору не хадзіла, працавала ў брыгадзе.

Бацькі хадзілі на работу ў калгас. За працу нічога не атрымлівалі, залічваліся працадні, на якія восенню давалі зерне другога гатунку, неачышчанае, а таксама бульбу. Гэтак і жылі на нішчымніцы. Калгас быў бедны, не было ні кароў, ні коней. І нас, пяцёра дзяўчат, адправілі па каровы ў Германію. Там савецкія салдаты сабралі цэлы статак безгаспадарчых кароў – галоў сто. І мы паўгода той статак гналі ў Беларусь! На жаль, да Ушачаў дайшла толькі палова статка. Усім дзяўчатам-пагонніцам абяцалі па карове, але так і не выдалі…

Пакуль разжыліся, нагараваліся ўдосталь. Бацькі згубілі здароўе, але ўсё роўна без працы не сядзелі. Па гаспадарцы патроху варушыліся. Помню, бульбу выараць каня няма, дык бацька віламі падварушвае, а маці зямлю разграбае, так цэлы палетак і выберуць.

Бацькі мае (вечны ім супакой) былі вельмі добрыя, сціплыя, працавітыя, лішніх слоў ад іх ніколі не пачуеш. Толькі па справе размаўлялі. У мамы душа была спакойная, спагадлівая, ніколі ні з кім не лаялася, у жаночых разборках не ўдзельнічала. Мы з Васілём такія ўдаліся па маме.

А якая яна майстрыца была, колькі выткала палотнаў, абрусаў розных узораў! Хлеб пякла вельмі смачны.

Бацька быў трохі шустрэйшы, любіў чытаць, пасля вайны выпісваў газеты, сам пісаў Васілю пісьмы на Далёкі Усход. Калі брат прыязджаў, яны любілі паразмаўляць пра палітыку. Бацька выпытваў, што за мяжой дзеецца, да гэтага ў яго была вялікая цікавасць. І браток мой, што да палітыкі, удаўся ў бацьку, гэткі ж шырокі кругагляд меў у думках.

Бацька памёр, маючы 82 гады, а мама дажыла да 96 гадоў. Памерла восенню 1984 года, калі Васілю ўручалі Залатую Зорку Героя сацыялістычнай працы. Адбылося гэта ва Ушацкім РДК. Сабралася поўная зала людзей. Тады да мяне ў Ваўчо разам з Васілём заязджалі кампазітар Ігар Лучанок і спявак Яраслаў Еўдакімаў.

Апошні час мама жыла ў мяне ў вёсцы Ваўчо, я перавезла яе з Бычкоў ад брата Мікалая. Ён быў маладзейшы за мяне на пяць гадоў, але часта хварэў, меў слабое здароўе, кепска чуў. Калі жаніўся, купілі яму хату ў Бычках (Васіль дапамог).

Хавалі маму ўсім раёнам, дапамагалі і райвыканкам, і райкам, забяспечылі прадуктамі і транспартам. Прысутнічаў і сам старшыня райвыканкама, і трэці сакратар райкама. Пахавалі ў Бычках поруч з бацькам. Вельмі многа сабралася народу, кветак і вянкоў шмат прынеслі. Быў і Васіль з жонкай Ірынай Міхайлаўнай, і ўся радня.

У 1976 годзе я выйшла замуж за разводніка і пераехала да яго ў вёску Ваўчо. Жыццё з ім было нялёгкім, вельмі любіў выпіць, але не біўся.

Самая сумная падзея ў маім жыцці – смерць Васіля ў 2003 годзе. Памёр мой любімы браток. Ён быў для мяне самым дарагім, ён быў такім клапатлівым, любіў сваіх бацькоў і мяне не забываў. Была на яго пахаванні ў Мінску, на могілках страціла прытомнасць, “хуткая дапамога” выратавала…

Васіль Быкаў з маці Ганнай Рыгораўнай. Ваўчо, 1980 год

Маленства Васіля

У дзяцінстве я добра помню, як Васіль яшчэ зусім малалетнім, гадоў шэсць яму было, стаў прасіць бацьку, каб той завёў яго ў школу, у першы клас. У той час школа была ў суседа ў хаце (цяпер там жыве мая братавая, Міколава жонка).

І вось бацька яго завёў, і столькі было радасці Васілю! Чытаць і пісаць ён навучыўся да школы, бацька навучыў. У школе тады не хапала пісьмовых прылад. Старэйшы Васілёў сябар зрабіў яму ручку з чараціны, у якую ўкладалася пяро. Той ручкай Васіль і пісаў. Вучыўся вельмі добра.

Я ў той час у школу яшчэ не хадзіла, гуляла дома ў лялькі, якія мы з сяброўкай рабілі з розных анучак, фабрычных лялек тады не было. І вось неяк Васіль паглядзеў, як мы цешымся сваімі лялькамі, і зрабіў нам больш падхадзяшчую – прышыў з палачак рукі і ногі, зрабіў валасы з лёну, атрымалася лялька – як жывая! Мы Васілёвай лялькай вельмі даражылі, хавалі за ікону. Сяброўка аднойчы, як мяне не было ў хаце, скрала яе і занесла дахаты. Колькі было ў мяне тады слёз!

А неяк мы з сяброўкамі ў дзяцінстве пайшлі купацца на сажалку, яна была недалёка за агародамі. Плаваць добра не ўмелі, толькі залезлі ў ваду, пакінуўшы адзежу на беразе. А хлопцы, таксама малалетнія, падгледзелі і пахавалі адзежу. З імі быў і Васіль. Мы вылезлі і голыя пабеглі дахаты. Бацька, як дазнаўся, адлупцаваў брата. Да гэтага і пасля гэтага ніколі ён нас не біў.

Аднойчы брыгадзір загадаў звозіць сена ў калгасе, і Васіль паехаў на кані па тое сена. Паехаў першы раз, раней ніколі не ездзіў. На павароце дарогі не справіўся з кіраваннем, і воз з сенам абярнуўся. Бацька хадзіў дапамагаць. Пасля таго Васіль перажываў, баяўся, што яго засмяюць.

Ён вельмі любіў коней, пасвіў іх, як прыходзіла чарга. І кароў пасвіў. Але зранку не хацеў уставаць, гаварыў, што нагам на пашы вельмі колка, а абуць не было чаго.

Калі Васіль хадзіў у чацвёрты клас, настаўнік на ўроку малявання паставіў на табурэтку вучня і загадаў намаляваць. Я пасля паглядзела ў Васілёвым сшытку – вучань выйшаў як на фатаграфіі, такі падобны! Помню, я вельмі здзівілася.

А як хадзіў ужо ў Кубліцкую школу (7-8 класы), то намаляваў на палатне алейнымі фарбамі партрэт Леніна і павесіў на покуці поруч з іконай.

Аднаго разу зімой, як хадзіў у школу ў Кублічы, памарозіў быў пальцы на нагах. Надта ўжо кепскія былі абутак і адзенне. Бедна ўсе тады жылі, не хапала ні ежы, ні вопраткі. Неяк настаўнік Васілю як выдатніку ўручыў прэмію – чаравікі. На той час гэта была вельмі дарагая прэмія.

Помню, мама за яйкі ў нарыхтовачным ларку прыдбала некалькі бабскіх хусцінак – былі такія прыгожыя, у кветкі. І пашыла з тых хусцінак кашулю Васілю, лепшага матэрыялу ў крамах не было. Дык Васіль не хацеў тую кашулю адзяваць, гаварыў, што яна бабская, не падхадзяшчая яму.

Неяк Васіль у маленстве ўздумаў залезці на вішню, што расла ў агародзе. Зваліўся з вішні, моцна ўдарыўся і так пашкодзіў нагу, што бацька вазіў яго ў бальніцу.

З чацвёртага класа Васіль вёў дзённік, запісваў усё. Неяк, калі брата не было дома, я знайшла тыя запісы (была надта цікаўная), і мы з сяброўкай пачалі чытаць. Мы знайшлі запіс пра тое, як Васілю спадабалася адна дзяўчынка-аднакласніца. Мы вылічылі па літарах – К.Н. Пазней прызналіся Васілю, і ён нас не лаяў, а толькі паглядзеў так сурова, што мы спужаліся і схаваліся на печы.

Аднойчы мы знайшлі сшытак, спісаны дробным Васілёвым почыркам. Там было нейкае апавяданне, добра не памятаю аб чым.

Пачынаў ён пісаць і вершы, але хутка кінуў, нешта не пайшло ў яго. Помню, нават пасылаў свае вершы ў газету “Чырвоная змена”. Увесь час бавіў за кніжкай, усю Кубліцкую бібліятэку перабраў.

У школе ў Васіля было вельмі шмат сяброў. Каля нашай вёскі быў невялікі хутар, некалькі хат, там жыў яго сябар. Васіль часта хадзіў да яго. Жыў на тым хутары і прыезджы з Ленінграда чалавек, у якога было шмат усякай літаратуры і газет. А я таксама любіла чытаць. І мне здаецца, што сярод тых газет была і “Наша Ніва”, і Васіль яе чытаў.

У дзяцінстве мы з ім разам захварэлі на шкарлятыну, доўгі час не хадзілі ў школу. Я хутчэй паправілася, а Васіль неяк усё не мог аздаровіцца, усё кашляў, нікуды не хадзіў і часта прастуджваўся.

Васіль быў вельмі ціхім і паслухмяным хлопцам, слухаўся бацькоў, дапамагаў ім. Аднаго разу, недзе пад зіму, бацькі не было дома, а ў хляве ляжала вялікая горба выкапанай бульбы. І мама папрасіла брата перанесці яе ў хату, каб не памерзла. І ён адзін перанёс усю тую бульбу! Мама вельмі цешылася з гэтага.

А неяк Васіль зрабіў сабе драўляныя канькі, абабіў жалезам і хадзіў катацца на сажалку. Часам катаўся дапазна, і бацька хадзіў зваць яго дадому.

Пазней сам сабе і лыжы зрабіў, ездзіў на іх зімой у школу.

Самая лепшая гульня была – у вайну. Падлеткі рабілі з дрэва вінтоўкі, аўтаматы, гранаты і хадзілі ў лес, у гэтак званыя Гаі. Выпрошвалі ў мамы нітак – на правядзенне тэлефоннай сувязі.

Другіх гульняў у Васіля не было. А як падрос, дык нікуды не хадзіў, нават на танцы. Бывала, хлопцы клічуць на вечарынку, а ён адказвае – я лепш кніжку пачытаю. Чытаннем, бывала, так захапляўся, што сядзеў да ранку. Бацька прачнецца і гоніць спаць.

Аднойчы бацька нас з Васілём паслаў у краму па соль. Пайшла з намі і мая сяброўка. Тады ў нашай краме не было солі, і трэба было ісці ў суседнюю вёску за пяць кіламетраў. Купілі ды ідзём дахаты. І раптам на дарозе знаходзім цэлы мяшок солі – нехта, едучы на падводзе, згубіў. Мы з сяброўкай пацягнулі той мяшок у кусты, каб схаваць – такая знаходка! А Васіль загадаў вярнуць назад на дарогу, сказаў, што гаспадар мяшка як згледзіць прапажу, то вернецца і знойдзе.

Вось такі сумленны з маленства быў мой браток Васіль.

“Хата, у якой нарадзіўся”. Малюнак Васіля Быкава