Максім Дзенісевіч: «Чакаць дапамогі — самая небяспечная памылка»

Нясвіжскае паўстанне 1919 года, Слуцкі збройны чын, Наваградскі швадрон… Гэтыя старонкі беларускай гісторыі падзяляюць гады, але аб’ядноўвае іх не толькі імкненне да свабоды. Аб’ядноўвае і трагічны досвед: спадзеў, што дапамога прыйдзе звонку.

Максім Дзенісевіч

Нараджэнец Нясвіжа, аматар творчасці Уладзіміра Караткевіча Максім Дзенісевіч рыхтуе да друку мастацкую кнігу, натхнёную падзеямі Нясвіжскага паўстання. «Радыё Рацыя» паразмаўляла з ім не толькі пра герояў 1919 года, але і пра тое, чаму гэтыя падзеі працягваюць адгукацца сёння.

Ці сапраўды галоўнай памылкай паўстанцаў было чаканне саюзнікаў? Чаму гэты сюжэт раз за разам паўтараецца ў беларускай гісторыі? Як мастацкая літаратура дазваляе сказаць пра мінулае тое, чаго не заўсёды могуць архіўныя дакументы? І што ў гісторыі Нясвіжа асабліва ўразіла самога аўтара?

РР: Калі ласка, раскажыве пра сябе і пра ваш літаратурны дэбют.

Максім Дзенісенка: Я былы беларускі вайсковец. Цікаўлюся літаратурай. Зараз вось кнігу сваю напісаў. Займаюся непасрэдна яе выданнем. Калі шчыра, я яе напрыканцы мінулага году скончыў – у снежні. Я шмат думаў, выдаваць яе, ці не. Гэта, па-сутнасці, мой першы твор, які сапраўды мне баліць, бо гэты твор звязаны з Нясвіжскім паўстаннем. Тое, што мяне вельмі ўразіла, – шматлікія гісторыкі нават не ведаюць пра гэтую падзею. Хоць гэта быў першы наш супраціў. Чатырнацаццігадовыя хлопцы шукалі зброю, выбілі з горада бальшавікоў, у тым ліку забілі ўсіх асноўных кіраўнікоў. Таго ж Татура – начальніка ЧВК, іншых. І трымалі цэлых два дні гэты горад, бо лічылі, што ўсё ж такі прыйдуць палякі, бо гэтыя падзеі развіваліся ў польска-бальшавіцкую вайну, і палякі неяк дапамогуць. Але палякі не прыйшлі. Непасрэдна з Менску была накіравана цэлая рота з цяжкім узбраеннем, з кулямётамі. І гэтыя маладыя хлопцы, уся нясвіжская інтэлігенцыя або была знішчана, або пасаджана ў турму.

І я вырашаў напісаць такі невялікі гістарычны аповед пра гэтыя падзеі. Зараз даў прачытаць некаторым літаратурным крытыкам. Насамрэч быў вельмі ўражаны, што ім усім спадабалася. Было складана пісаць, бо гэтыя падзеі адбываліся літаральна два дні, і я хацеў зрабіць твор больш выразным, каб ён перадаваў усю гэтую гісторыю. Даў прачытаць літаратурным крытыкам, водгукі мне спадабаліся. Знайшоў зараз чалавека, які падлічвае, колькі будзе каштаваць выданне. І маю надзею, што ўжо бліжэйшым часам гэты невялікі гістарычны аповед выйдзе.

Помнік паўстанцам у Нясвіжы

РР: То бок, кніга заснаваная на гістарычных фактах. Але гэта больш нон-фікшн, ці гэта мастацкая літаратура?

Максім Дзенісенка: Падглядзеўшы ў Караткевіча, а гэта мой любімы пісьменнік, зрабіў так, што ў творы ёсць гістарычныя асобы, якія сапраўды непасрэдна ўдзельнічалі ў падзеях, а ёсць персанажы прыдуманыя, каб лягчэй было дадаць нейкай рамантыкі.

РР: Шчыра прыязнаюся, што я з суседняга Наваградка, які побач з Нясвіжам, магу ўспомніць нашу гарадскую легенду пра Наваградскі швадрон, і яго кіраўніка Барыса Рагулю. У свой час юнакі і дзяўчаты хадзілі па ваколіцах Наваградка і распытвалі людзей, хто яшчэ помніць пра Барыса Рагулю. Ці займаліся вы такім чынам зборам вуснай гісторыі ў Нясвіжы? І можа заўважылі, чаму людзі маўчаць пра гэтую гісторыю і стараюцца не памятаць пра яе – пра Нясвіжскае паўстанне.

Максім Дзенісенка: Самае цікавае, што ў вёсках ніхто не памятае пра гэта. І калі я не памыляюся, толькі два чалавекі нешта ведалі пра гэтыя падзеі. Адзін чалавек нават сказаў, што ёсць помнік у нас на могілках. Гэта людзі выключна з інтэлігенцыі, якія займаліся гісторыяй. Але ў той жа момант нават некаторыя гісторыкі не ведаюць пра гэтыя падзеі.

Помнік паўстанцам у Нясвіжы. Польская паштоўка міжваеннага часу

РР: Праводзячы паралелі з Наваградскім швадронам, і ў Нясвіжскім паўстанні вялікую адыгралі настаўнікі і гімназісты. Якую ролю яны выконвалі ў Нясвіжскім паўстанні?

Максім Дзенісенка: Сапраўды, людзі, якія ўсім гэтым кіравалі, былі ў першую чаргу настаўнікі. Я чытаў у нейкай старой савецкай газеце, што быццам бы гэта быў дырэктар гімназіі. Але насамрэч гэта было не так. Кіраўніком гэтага паўстання быў настаўнік латыні. І ў гэтым паўстанні ўдзельнічала пераважна моладзь. Але і вялікая доля была інтэлігенцыі, напрыклад, быў хірург з Нясвіжу і г.д. То бок, інтэлігенцыя і гімназісты – былі асноўнымі ў гэтым паўстанні.

РР: У Нясвіжы чакалі на прыход палякаў, у Наваградку чакалі на прыход немцаў. Прайшло сто гадоў і беларусы ў выгнанні часткова зноў-такі чакаюць прыход Еўропы, ЗША. Які галоўны урок гэтай усёй гісторыі?

Максім Дзенісенка: Мне падаецца, што гэта галоўная памылка. Прааналізаваўшы ўсе нашыя паўстанні, не толькі Нясвіжскае, сапраўды людзі чакалі нейкай дапамогі. Мне падаецца, што трэба зразумець усім людзям адну простую рэч: што ўсё толькі ў тваіх руках.

Чырвонаармейцы на нясвіжскай вуліцы (фрагмент кінахронікі, 1919 г.)

racyja.com