Ірына Сідорская: У цяперашняй улады Беларусі выразны мужчынскі твар

Ірына Сідорская

Беларусь нярэдка вылучаецца ў міжнародных рэйтынгах як краіна пераможнага фемінізму: высокі ўзровень адукацыі сярод жанчын і каля 40% дэпутатаў у парламенце. Аднак, калі спусціцца на ўзровень заробкаў і хатняга побыту, карцінка мяняецца.

Пра жаночы фемінізм у Беларусі «Радыё Рацыя» пагаварыла з вядомай беларускай даследчыцай, доктарам філалагічных навук і медыяэкспертам Ірынай Сідорскай. Яна спецыялізуецца на пытаннях палітычнай камунікацыі, прапаганды і ўплыву СМІ на грамадства ва ўмовах аўтарытарных рэжымаў.

РР: Як у аўтарытарных рэжымах выкарыстоўваецца абарона традыцыйных каштоўнасцяў для апраўдання дыскрымінацыі і абмежавання правоў жанчын?

Ірына Сідорская: Аўтарытарныя краіны на самой справе любяць выкарыстоўваць падобныя гендарныя тэмы. Любяць гаварыць пра традыцыйныя каштоўнасці, любяць гаварыць пра тое, якімі павінны быць жанчыны. Для чаго гэта ўсё робіцца? Гэта робіцца таму, што аўтарытарныя дзяржавы хочуць кантраляваць паводзіны сваіх грамадзян. І не толькі праз, напрыклад, страх, альбо рэпрэсіі, але менавіта і на такім, нібыта побытавым, узроўні, на ўзроўні каштоўнасцяў, мадэляў паводзінаў. Аўтарытарным краінам патрэбныя правільныя грамадзяне і грамадзянкі. Гэта значыць тыя, якія не задаюць пытанняў, якія лаяльныя ўладзе, якія робяць тое, што ўлада хоча. І тут канцэпцыя традыцыйных каштоўнасцяў вельмі падыходзіць. Гаворыцца пра тое, што нам трэба і варта жыць у адпаведнасці з беларускімі традыцыйнымі каштоўнасцямі, варта каб у нас былі добрыя сем’і, каб жанчыны нараджалі дзяцей, каб у нас быў мір, спакой і г.д.

РР: Варылі баршчы.

Ірына Сідорская: Безумоўна, каб у тым ліку рабілі бясплатна ўсю гэтую хатнюю працу і займаліся дзецьмі. За гэта як бы не плацяць грошы. А дзіцячых садкоў не хапае. Інфраструктура для сем’яў з дзецьмі таксама не асабліва развітая. Таму лепей усё гэта пакласці на плечы жанчын, сказаць, ну дык гэта вашае прыроднае прызначэнне. Жанчыны для таго, каб нараджаць і выхоўваць дзяцей, і гэта ўсё рабіць у адпаведнасці з традыцыйнымі каштоўнасцямі. І тады, зразумела, у жанчын няма, напрыклад, ні часу, ні рэсурсаў, ні ўжо такога імпэту, каб, напрыклад, быць адказнымі грамадзянкамі, каб займацца актывізмам, каб удзельнічаць у палітыцы. Тады прасцей усё гэта на дзяржаву пакласці, і быць такімі лаяльнымі грамадзянкамі. Таму тэма традыцыйных каштоўнасцяў – адна з улюбёных тэмаў менавіта ў аўтарытарных дзяржаваў.

РР: Ці з’яўляецца рыторыка кіраўнікоў, напрыклад, заявы пра тое, што жанчына не можа быць прэзідэнтам, часткай сістэмнай палітыкі падтрымання патрыярхату?

Ірына Сідорская: Заявы кіраўнікоў заўсёды вельмі важныя, бо калі так гаворыць кіраўнік, гэта значыць, што вось так і трэба жыць. Гэта, я думаю, не толькі адметнасць Беларусі, гэта адметнасць любой краіны. Ну чым, як быццам, займаюцца кіраўнікі. Яны не толькі прымаюць рашэнні, яны перш за ўсё з намі размаўляюць. І іх словы вельмі важныя. Ідэі, якія яны прамаўляюць, ідэі, якія яны прасоўваюць, мы іх чуем, мы счытваем паміж радкоў і мы разумеем, як трэба сябе паводзіць, што трэба рабіць, а што трэба не рабіць, каб быць вось гэтымі павільнымі грамадзянамі, каб у нас не было праблемаў, каб наадварот кар’ера ішла ўгару, каб нам было добра жыць у гэтай дзяржаве.

Аляксандр Лукашэнка ўвесь час свайго кіравання гаварыў такія патрыярхальныя меркаванні, іх агучваў, ніколі не сумняваўся, ці правільна ён гаворыць, не рэфлексаваў. Я не адзін раз заўважала, што ён па свайму менталітэту вельмі савецкі чалавек, з такой простай патрыярхальнай логікай. І я думаю, што ён у большасці выпадкаў шчыры, калі вось так вызначае месца жанчыны, гаворыць пра тое, што жанчыны не могуць быць прэзідэнткамі, маўляў, не трэба іх так напружваць, і гэта значыць, мы беражом жанчын. Я думаю, напэўна ён сам у гэта верыць, хаця б часткова. Канешне, гэта ні ў якай меры не адпавядае рэчаіснасці. Гэта вельмі састарэлы патрыярхальны падыход. Але гэты падыход счытваюць і чыноўнікі. І калі пабудавана гэтая вертыкаль улады, значыць чыноўнікі разумеюць, што і ўлада мае такі выразны мужчынскі твар. І жанчын у беларускай уладзе вельмі мала.

racyja.com