Адміністрацыя Трампа збіраецца адклікаць 200 тысяч турыстычных віз у тых, хто прыехаў па іх у краіну і папрасіў прытулак

Віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс, Дональд Трамп і дзяржсакратар Марка Рубіа. Фота: Will Oliver/EPA/Bloomberg via Getty Images

Гаворка ідзе пра візы, выдадзеныя з 2016 па 2026 год.

Адміністрацыя Трампа збіраецца адклікаць каля 200 тысяч турыстычных віз у тых, хто прыехаў па іх у краіну і папрасіў прытулак, піша AP.

У бліжэйшыя тыдні Дзярждэпартамент ЗША абвесціць аб ануляванні віз B1 і B2 (дзелавых і турыстычных), уладальнікі якіх запыталі прытулак, піша агенцтва Associated Press, якое азнаёмілася з дакументамі ведамства.

Гаворка ідзе пра візы, выдадзеныя з 2016 па 2026 год. Адміністрацыя Трампа плануе адклікаць візы ў каардынацыі з Міністэрствам унутранай бяспекі.

Паводле слоў прэс-сакратара Дзярждэпартамента, гэта неабходна, каб «выявіць і ануляваць неіміграцыйныя візы замежнікаў, якія прыбылі ў ЗША, сцвярджаючы, што з’яўляюцца кароткатэрміновымі наведвальнікамі, а затым падаюць заяву на атрыманне прытулку, каб застацца тут назаўсёды».

Паводле чыноўнікаў, ануляванне віз не абавязкова прывядзе да неадкладнай дэпартацыі. Большасць тых, чые справы аб прадастаўленні прытулку цяпер разглядаюцца, перавядуць у іншую катэгорыю.

nashaniva.com