27 ліпеня (14-га па старым) спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Ежы Гедройця — чалавека, які нарадзіўся ў Менску, але стаў адным з найважнейшых дзеячаў польскай эміграцыі ХХ стагоддзя. Ён верыў, што будучыня рэгіёна магчымая толькі побач з незалежнымі Беларуссю, Украінай і Літвой.

Сёння імя Гедройця асабліва гучыць і для беларусаў. Многія пісьменнікі і выдаўцы па-за межамі краіны працягваюць ствараць беларускую культуру, як калісьці гэта рабіў Ежы ў эміграцыі.
Яго імя носіць адна з галоўных беларускіх літаратурных прэмій. Сярод яе лаўрэатаў і прадстаўніцца Падляшша: у 2023 годзе прэмію атрымала Ганна Кандрацюк. А тое ж выдавецтва «Камунікат» стала важнай пляцоўкай для сучаснай беларускай літаратуры ў выгнанні.

Пра спадчыну і прэмію Ежы Гедройця, значэнне прэміі і месца Падляшша ў беларускай культуры «Радыё Рацыя» пагаварыла з сакратаром Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў Ціханам Чарнякевічам.
РР: Сёлета адзначаецца 120 гадоў з дня нараджэння Ежы Гедройця. У Польшчы 2026 год абвешчаны годам Гедройця. І мы бачым, што сапраўды яго актыўна ўзгадваюць, ён не сыходзіць з культурнай павесткі краіны. Але давайце пагутарам пра тое, якое значэнне для беларусаў гэтая постаць мае сёння.
Ціхан Чарнякевіч: Калі абіраўся патрон для найвялікшай літаратурнай прэміі, то Ежы Гедройць быў выбраны невыпадкова. І цяпер так лічаць, і раней так лічылася. Нарадзіўся ён у Менску. Сваю філасофскую пазіцыю і як геапалітык выказаў досыць грунтоўна ў часы пасляваеннай эміграцыі, заявіўшы, што і Украіна, і Беларусь, і краіны Балтыі павінны мець сваю незалежнасць, і гэта стане зарукай польскай бяспекі, стане для Польшчы вялікім плюсам, што спарадзіла, праўда, дыскусію, але тым не менш застаецца адной з вельмі важных формул для польскай паліталогіі, у тым ліку. Таму ён прыхільнік беларускай суверэннасці і незалежнасці, і ў той жа час найвялікшы дзеяч польскай эміграцыі. Таму такі чалавек быў абраны патронам беларускай прэміі.

РР: І сапраўды імя Ежы Гедройця носіць шматгадовы конкурс Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў, і шмат гадоў уручаецца літаратурная прэмія. Як імя Ежы Гедройця абыгрываецца ў гэтай прэміі і задае крытэрыі, па якіх абіраюцца ў выніку працы лаўрэата?
Ціхан Чарнякевіч: Думаю, для выбару намінантаў больш вырашае статут літаратурнай прэміі, у якім Бераускі ПЭН і Міжнародны саюз пісьменнікаў разам пагадзіліся на тым, што кніга павінна быць напісаная на беларускай мове, што прэміяй аналізуецца літаратурны працэс у сферы прозы, нон-фікшн за ўвесь год, то бок вось гэтыя галоўныя крытэрыі, якія застаюцца з часу заснавання прэміі непарушнымі. Таму арыентавацца на Гедройця можа сталі больш пасля таго, як прэмія перамясцілася фактычна ў замежжа і цяпер уручаецца ў Польшчы.
Імя Гедройця для кожнага паляка вядомае, што гэта чалавек, які захаваў у эміграцыі польскую культуру. Выдаваў кнігі менавіта для польскага чытача, не толькі эміграцыйнага, але і для чытача ўнутры Польшчы. І таму гэтае імя станавілася ўсё больш і больш актуальным і для беларусаў, якія вымушаны выдаваць кнігі для беларускай дыяспары, і ў той жа час спрабаваць, каб гэтыя кнігі, тэксты дайшлі да чытача ў Беларусі. Сёння ў беларусаў не менш праблем з гэтым, чым было ў Гедройця ў пасляваенны час. Можа пры заснаванні прэміі ніхто не мог і падумаць, што гэта стане настолькі актуальна.
