«Усё накіравана на тое, каб зрабіць з людзей рабоў». Як сістэма заманьвае і трымае пры сабе сілавікоў

Мікалай Казлоў на сустрэчы з беларускай дыяспарай. Брусель, Бельгія. 18 кастрычніка 2025 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

КДБ праводзіць уступную кампанію і актыўна заклікае абітурыентаў ісці вучыцца ў сваю профільную ВНУ – Акадэмію нацыянальнай бяспекі, якая цяпер яшчэ і будуе новы корпус. Чаму КДБ так узяўся за пошук новых, пры гэтым «правільных» кадраў? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з прадстаўніком АПК у аднаўленні правапарадку, падпалкоўнікам міліцыі запасу і былым палітвязнем Мікалаем Казловым.

Усё яшчэ адчуваюцца наступствы 2020-га

Сілавыя ведамствы, у тым ліку Камітэт дзяржаўнай бяспекі, пасля 2020 года адчулі адток і недахоп кадраў. Цяпер жа рэпутацыя, якая моцна пагоршылася за гэты час, замінае напаўняць установы дастатковаю колькасцю новых будучых сілавікоў, кажа Мікалай Казлоў:

«Ніхто са школьнікаў, якія добра вучыліся і ведаюць сабе цану, чытаюць кніжкі, памятаюць, што было ў 2020 годзе, і ўважна назіраюць за тым, што творыцца ў краіне, не хоча апынуцца ў лагеры садыстаў. Таму, вядома, патрэбныя асаблівыя захады, каб набраць [людзей] і кампенсаваць недахоп.

Мы ж ведаем, што з МУС, КДБ сышлі многія самі, многіх пасля 2020-га звольнілі, і паўсюль праблема з кадрамі».

Як даведалася «Зеркало», цяперашніх абітурыентаў запытваюць, ці падтрымліваюць іхнае рашэнне ісці ў Акадэмію нацыянальнай бяспекі бацькі. Правяранне пры паступленні ў такія навучальныя ўстановы, у тым ліку сваякоў патэнцыйнага курсанта, для Беларусі даўняя стандартная практыка, нагадвае Казлоў. Аднак іншае пытанне, што ў фокусе, адзначае суразмоўца.

«У правяраннях нічога новага, аднак на што яны накіраваныя: што нехта супрацоўнічае з варожай дзяржавай ці што ён не любіць Лукашэнку? У гэтым праблема. Як я разумею, цяпер трэнд, каб набраць людзей, якія з нейкіх прычынаў любяць Лукашэнку ці гатовыя мірыцца з тым, што адбываецца ў краіне, для іх гэта не трагедыя. На мой погляд, цяпер правяраюць, удзельнічалі ці не [у пратэстах], як ставяцца да рэжыму. Гэта больш важна, чым астатняе».

Яшчэ адно пытанне, на якое звярнулі ўвагу, – гэта кошт вучобы на кадэбэшніка. З аднаго боку, фінансавы, бо ў выпадку адлічэння на сваё жаданне ці на рашэнне самой ВНУ прыйдзецца кампенсаваць дзяржаве дзясяткі тысяч рублёў. А з другога боку, кошт маральны.

«Цяпер што ў міліцыі, што ў КДБ усіх трымаюць на матэрыяльным кручку. У гэты перыяд маладыя людзі выбіраюць свой шлях. Нават калі вам прыйдзе думка паступіць у вайсковую акадэмію, Акадэмію МУС або вось у навучальную ўстанову чэкістаў, вы сто разоў падумайце. Таму што, як толькі вы туды прыходзіце, практычна адразу трапляеце ў рабства».

Сістэма, у якую лёгка трапіць, але з якой складана сысці

Увесь наступны лёс ад курсанта да супрацоўніка Мікалай Казлоў параўноўвае з прыгонам.

«Калі вы прапрацавалі 10-15 гадоў і вас звольнілі, працоўнага стажу ў вас няма. Калі ўзялі ільготны крэдыт на кватэру, ільготы адразу ж сканчаюцца. Што тычыцца супрацоўнікаў міліцыі, сілавых структураў, калі вы атрымалі пад’ёмныя пры падпісанні кантракту і вас звольнілі (ці вы надумалі сысці), прыйдзецца вярнуць гэтыя грошы. Уся гэтая машына накіраваная на тое, каб зрабіць з людзей прыгонных, рабоў. Таму вельмі добра падумайце, ці трэба вам прымаць гэтае рашэнне».

Палітык, былы міліцыянт і палітвязень адзначае і іншы кручок, які могуць выкарыстоўваць сілавыя структуры, каб трымаць пры сабе людзей. Паводле яго, маладое пакаленне могуць прывучаць да ўяўнай беспакаранасці ўдзельнікаў сістэмы:

«Маўляў, калі гэта ў інтарэсах дзяржавы, рэжыму, ты ў абсалютнай бяспецы, у цябе ёсць індульгенцыя».

Паводле Мікалая Казлова, сістэма, у тым ліку суды і пракуратура, імкнецца ўцягнуць людзей у парушэнні, на якія ідзе сама. Каб, на сваю думку, «аб’яднаць» і, што важна, «запэцкаць» выкананнем несумленных ці нават злачынных дзеянняў.

«Калі сыдзе Лукашэнка, прыйдзецца адказваць паводле закону. Яны ўсе гэта разумеюць, менавіта таму, дарэчы, закрываюць твары. Ім ствараюць ілюзію бяспекі.

Калі яны надзяваюць маскі, балаклавы, даюць у судах ілжывыя сведчанні пад чужымі імёнамі. Гэта ўсё працэс для таго, каб з людзей зрабіць машыны тэрору і рэпрэсіяў, якія мала думаюць. Ім трэба запэцкаць як мага болей людзей, сабраць на іх як мага болей кампрамату, якім можна будзе пагражаць. Мне падаецца, гэта такая дзяржаўная палітыка ў дачыненні сілавых структураў».

У гэтым жа кірунку працуе і апошні ўказ, падпісаны Лукашэнкам, згодна з якім будуць адсочваць лёс былых сілавікоў і вайскоўцаў, звольненых паводле «абставінаў, якія дыскрэдытуюць». Паводле новых правілаў, улады будуць раз на паўгода правяраць іх працаўладкаванне пасля сыходу, каб, калі чалавек заняў кіроўную пасаду нават у прыватнай арганізацыі, «зрабіць захады».

«Жаданні і страхі Лукашэнкі накіраваныя на тое, каб застацца пры ўладзе як мага даўжэй, і на гэта накіраванае ўсё, што ён робіць. Відаць, папярэднія спосабы не заўсёды працавалі і, напэўна, [людзі з органаў] сыходзілі, трэба было спыніць гэты паток. Не ведаю, наколькі ён вялікі, але па-іншаму гэта складана паясніць. Такім чынам тым, хто застаўся, даюць зразумець: калі сыходзіце з прынцыповых меркаванняў, праз нежаданне выконваць злачынныя загады, мы будзем за вамі сачыць і рабіць вашае жыццё невыносным».

Паводле палітыка, такім чынам у Лукашэнкі зʼявіўся яшчэ адзін рычаг, каб запужваць і трымаць супрацоўнікаў сістэмы, каб яны не спяшаліся сыходзіць са службы.

Вітаўт Сіўчык, Валер Руселік, Аляксандра Чырвоная, belsat.eu