Інфармацыя, якую паведамляюць пра сусветна вядомага творцу каля яго славутых вітражоў у адным з галоўных каталіцкіх храмаў Францыі, уражвае сваёй непісьменнасцю.

Фатаграфію англамоўнага інфармацыйнага стэнда, усталяванага ў саборы Нотр-Дам-дэ-Рэймс, даслалі чытачы «Нашай Нівы». Тэкст на ёй пачынаецца з наступнай фразы: «A French painter of Russian origin, Marc Chagall (1887—1985) was born in a small village in Belorussia called Vitebsk».
У перакладзе гэта азначае: «Французскі мастак рускага паходжання Марк Шагал нарадзіўся ў маленькай вёсцы ў Беларусі пад назвай Віцебск».
Проста жах, як на афіцыйным стэндзе ў адным з галоўных турыстычных і гістарычных аб’ектаў Францыі можна было дапусціць столькі грубых факталагічных памылак у адным невялікім фрагменце тэксту — і гэта ў часы, калі любую інфармацыю можна за хвіліну спраўдзіць у інтэрнэце.

Фармулёўка пра «расійскае паходжанне» (Russian origin) з’яўляецца гістарычна некарэктнай. Марк Шагал паходзіў з беларускіх яўрэяў. У еўрапейскай практыцы яго часта называюць «рускім», «расійскім» выключна па факце нараджэння ў межах тагачаснай Расійскай імперыі. Аднак гістарычна яўрэйскае насельніцтва з’явілася ў Расіі толькі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя. Менавіта тады была ўведзена так званая «мяжа аселасці», якая фіксавала яўрэяў на анексаваных землях Беларусі, Украіны і Літвы, у той час як на спрадвечных рускіх тэрыторыях ім жыць забаранялася.
Акрамя таго, памылкова вызначана і само месца нараджэння. Марк Шагал нарадзіўся не ў Віцебску, як пазначана на стэндзе, а ў мястэчку Лёзна. Дзіцячыя гады ён праводзіў у доме свайго дзеда ў Лёзне, а таксама ў самым Віцебску, які пазней сапраўды стаў цэнтральным вобразам усёй ягонай творчасці.

Нарэшце, называць Віцебск «маленькай вёскай» (small village) смешна, нават калі гаворка ідзе пра часы Шагала. На момант нараджэння мастака ў 1887 годзе Віцебск быў буйным эканамічным цэнтрам і сталіцай Віцебскай губерні. Паводле даных Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва 1897 года, у горадзе пражываў 65 871 чалавек. Для параўнання, насельніцтва самога Рэймса ў Францыі ў канцы XIX стагоддзя складала каля 100 тысяч чалавек. Віцебск быў цалкам супастаўным па маштабах з вялікімі французскімі гарадамі. І ў некаторых сэнсах перадавым у імперыі: напрыклад, тут ужо ў 1898 годзе, на год раней за Маскву, пайшоў электрычны трамвай.

Нарэшце, назва горада транслітараваная не з беларускай мовы — Vitebsk замест Viciebsk. Але аўтары не справіліся нават з назвай краіны! У англамоўным тэксце яна называецца не Belarus — а гэта афіцыйная міжнародная норма, а Belorussia. Нават за савецкім часам у міжнародных дакументах (напрыклад, у ААН) краіна пісалася інакш — Byelorussia, а па-французску краіна называецца Biélorussie. Адкуль узялася Belorussia, незразумела.
Рэймскі сабор, пабудаваны ў XIII стагоддзі, з’яўляецца помнікам сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і гістарычным месцам каранацыі французскіх манархаў. Падчас Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе будынак моцна пацярпеў ад нямецкай артылерыі, у выніку чаго былі знішчаны шматлікія сярэднявечныя вітражы.


У 1971 годзе кіраўніцтва звярнулася да Марка Шагала з прапановай аздобіць вокны цэнтральнай капліцы ў вянцы капліц, які замыкае падоўжаную вось храма.
Праца вялася ў супрацоўніцтве з мясцовымі майстрамі Шарлем Маркам і Брыжыт Сімон, чыя вітражная майстэрня ў Рэймсе вядзе свой з 1640 года. Спецыяльна для Шагала французскія майстры аднавілі сярэднявечныя тэхналогіі XIII стагоддзя, каб стварыць асаблівы сіні колер шкла, які стаў фонам для ўсёй кампазіцыі.
Урачыстае адкрыццё вітражоў адбылося ў 1974 годзе. Кампазіцыя складаецца з трох вялікіх спічастых акон: цэнтральнае прысвечана біблейскім постацям Аўраама і Хрыста, левае — радаводу цароў Іўдзеі, а правае праводзіць паралель паміж біблейскай гісторыяй і гісторыяй французскіх каралёў, якія каранаваліся ў гэтым саборы.
